Сярод, як мінімум, 1,3 мільёна чалавек, дэпартаваных у нямецкi канцлагер Аўшвіц, было прыблізна 232 тысячы дзяцей і падлеткаў. Гэтая лічба ўключае каля 216 тысяч габрэйскіх дзяцей, 11 тысяч цыганскіх, 3 тысячы польскіх і больш за тысячу беларускіх, а таксама ўкраінскіх, расійскіх і іншых.
Большасць з іх апынуліся ў Аўшвіц разам з сем'ямі ў рамках розных аперацый, накіраваных супраць цэлых нацыянальных або сацыяльных груп. Каля 200 тысяч дзяцей загінулі ў газавых камерах неўзабаве пасля прыбыцця ў канцлагер. Толькі невялікая група – крыху больш за 23,5 тысячы – былі афіцыйна зарэгістраваны і змешчаны ў лагеры.
Лёс дзяцей і падлеткаў-вязняў быў па сутнасці такім жа, як і лёс дарослых зняволеных. Дадаткова, яны павінны былі раптоўна стаць дарослымі і ўзяць за сябе адказнасць. Яны цярпелі той жа голад і холад; іх эксплуатавалі, каралі, забівалі; яны таксама былі абʼектамі злачынных псеўдамедычных эксперыментаў.
У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, які адзначаецца ў гадавіну вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў жаўнерамі Чырвонай Арміі (27 студзеня 1945 года), мы прыглядзімся да лёсу самых маладых і найбольш бездапаможных яго вязняў.
Наймалодшых вязняў нямецкага канцлагера Аўшвіц-Біркенаў можна падзяліць, між іншым, на дзве катэгорыі: тых, якія былі там дастаўлены ў рамках транспартаў і тых, якія там нарадзіліся.
У Аўшвіц-Біркенаў нарадзілася, як мінімум, 700 дзяцей. Аднак, як зазначаюць эксперты, гэта выключна дадзеныя на падставе захаваных дакументаў.
Сярод першых жанчынаў-вязняў, якія былі дастаўленыя ў канцлагер, былі і цяжарныя, хоць, як кажа доктар Тэрэза Вонтар-Ціхі (Teresa Wontor-Cichy) з Даследчага цэнтра Дзяржаўнага музея Аўшвіц-Біркенаў у Асвенцыме, па распараджэнні Трэцяга Рэйху, такіх жанчын у канцлагерах быць не павінна – яны былі непажаданымі, бо няздольнымі да працы. Нават, калі нейкай жанчыне ўдалося схаваць цяжарнасць і нарадзіць дзіця ў сакрэце, то і так, у рэшце рэшт, таямніца была раскрытая і маці разам з дзіцём забівалі:
- Маці не дазвалялі атрымаць асалоду ад свайго нованароджанага дзіцяці. Яны маглі пачуць толькі яго плач. Зараз пасля родаў немкі з медперсаналу тапілі немаўлят у вёдрах з вадой. Калі жанчына нарадзіла ў бараку. Тады яго наглядчыца была вымушана неадкладна паведаміць пра гэта кіраўніцтву канцлагера. Дзіця забіралі ў маці і забівалі фенольнай інʼекцыяй. У сваю чаргу маці была прымушаная стаць на пераклічку і ісці на працу.
Хутчэй за ўсё з траўня 1943 года ў нямецкiм канцлагеры спынілі забіваць дзяцей негабрэйскага паходжання. З гэтага часу, народжаным у канцлагеры дзецям, выдавалі пасведчанні аб нараджэнні:
- Апрача пасведчання дзеці атрымлівалі таксама лагерны нумар. Дзяўчынкі – чарговы нумар з жаночай серыі, а хлопчыкі – з мужчынскай. Прысвоеныя нумары адразу ж татуіравалі дзецям на левым сцягне, ягадзіцы, зрэдку на руцэ. Былі дзеці, якіх не татуіравалі. Гэта былі дзеці нямецкіх жанчынаў-вязняў, дзеці полек, дэпартаваных з Варшавы падчас паўстання ў жніўні і верасні 1944 года, а таксама дзеці, якія былі прызнаныя «расава каштоўнымі» і адпавядалі патрабаванням германізацыі. Ім таксама не рабілі татуіроўкі.
Такіх дзяцей пасля каранціну і ўступных антрапалагічных абследаванняў, адпраўлялі ў цэнтры перасялення ў Накла (Nakło), Лодзь (Łódź) або Патуліцы (Potulice) або ў цэнтры Lebensborn.
Умовы ў радзільным аддзяленні ў Аўшвіц былі вельмі цяжкімі: не хапала вады, ежы, падгузнікаў і адзення. Частай праблемай быў недахоп малака, выкліканы недаяданнем маці. У такой сітуацыі немаўляты проста паміралі ў выніку павольнай смерці ад голаду.
Габрэйскіх дзяцей забівалі не толькі неадкладна пасля нараджэння, а часта і раней. Улетку 1944 года па загадзе Іозефа Менгеле, немцы рабілі аборты нават жанчынам на дзявятым месяцы цяжарнасці.
Дзеці, якія нарадзіліся ў нямецкiм канцлагеры таксама падвяргаліся псеўдамедычным эксперыментам нямецкіх лекараў:
- Напрыклад, цяжарных цыганскіх маці наўмысна заражалі тыфам непасрэдна перад родамі, каб вызначыць, ці дзіця таксама заразіцца. Доктар Менгеле закапваў хімічныя вадкасці невядомага складу ў вочы немаўлятам і дзецям старэйшага ўзросту. Гэта выклікала захворванні вачэй, якія прыводзілі да частковай або поўнай страты зроку.
Паводле даступных дакументаў, на 10 студзеня 1945 года ў жаночым канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў было 247 цяжарных жанчын і жанчын пасля родаў (гэта былі жанчыны рознай нацыянальнасці) і 150 дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.
Між тым, непаўналетнія асобы, перш за ўсё, хлопцы, складалі 10% першага транспарту польскіх палітвязняў у Аўшвіц з 14 чэрвеня 1940 года, а калі ўзнік жаночы канцлагер – у транспартах пачалі з’яўляцца і дзяўчынкі.
Апрача непаўналетніх палітвязняў, якія трапілі ў канцлагер з турмаў, дзяцей якія нарадзіліся ў канцлагеры, з 1942 года, калі Аўшвіц стаў цэнтр знішчэння, у канцлагер пачалі масава прыбываць габрэйскія дзеці, нагадвае доктар Ванда Маліцка-Вітэк (Wanda Malicka-Witek) з Даследчага цэнтра Дзяржаўнага музея Аўшвіц-Біркенаў у Асвенцыме:
- Габрэйскія дзеці мелі невялікі шанец апынуцца ў канцлагеры, стаць вязнямі. Большасць з іх зараз пасля прыезду і адбору была палічаная няздольнымі да працы і накіраваная ў газавыя камеры. Тым не менш, пэўная група габрэйскіх дзяцей усё ж у канцлагеры апынулася. Гэта былі дзеці палічаныя нейкім чынам цікавымі для псеўдамедычных эксперыментаў, або тыя, хто прыбыў у Аўшвіц з працоўных лагераў і нейкім цудам не падвяргаўся адбору.
Апрача дзяцей, якія прыбывалі ў невялікіх групах разам з транспартамі палітвязняў, былі таксама буйныя групы дзяцей, якія былі дэпартаваныя ў Аўшвіц у 1943-1944 гадах, у тым ліку, з тэрыторыі сённяшняй Беларусі:
- Буйная група дзяцей трапіла ў лагер для цыганоў. Значная група ўтрымлівалася ў сямейным лагеры для габрэяў у Тэрэзіенштаат (акупаваная Германіяй Чэхаславакія –рэд.). Напрыканцы 1943 пачатку 1944 гадоў у Аўшвіц была дэпартаваная група з 1 000 беларускіх дзяцей. Гэта былі дзеці арыштаваныя па палітычных прычынах у рамках пацыфікацыйных акцыяў, за партызанскую дзейнасць на гэтых тэрыторыях. Гэта была настолькі вялікая група, што для іх быў выдзелены асобны барак на тэрыторый жаночага лагера. І апошняя такая буйнага група дзяцей, якая трапіла ў Аўшвіц з Варшавы пасля пачатку Варшаўскага паўстання. Сярод 13 000 усіх дэпартаваных 1 500 складалі дзеці, то бок шмат.
Больш за 160 дзяцей трапілі ў нямецкi канцлагер з Замойшчыны ў выніку перасялення з тэрыторыі, якая была прызначана Трэцім Рэйхам для германізацыі.
У канцлагеры дзеці змагаліся не толькі з цяжкімі ўмовамі жыцця, хваробамі і працай звыш сілаў, але таксама з адзінотай. Часта з іх, яшчэ падчас знаходжання ў транзітных лагерах была аддзелена ад сваіх семʼяў; некаторыя засталіся з малодшымі братамі і сёстрамі, пра якіх трэба было клапаціцца.
На тэрыторыі нямецкагa канцлагера Аўшвіц вызвалення дачакаліся агулам 220 непаўналетніх вязняў і 521 дзіця, якому было менш чым 15 гадоў. Тыя, каму гэта ўдалося, вынеслі з канцлагера жудасны досвед і наступствы ў выглядзе праблемаў са здароўем, як фізічным, так і псіхічным. Больш за 10 % дзяцей, якія пасля вызвалення апынуліся ў шпіталях, у хуткім часе памерлі.
Шмат з іх у выніку вайны засталося сіротамі. У выпадку, напрыклад, габрэйскіх дзяцей сітуацыя выглядала яшчэ больш трагічна, бо там з бліжэйшай сям’і, а часта нават роднага гарадка ці вёскі, ніхто не застаўся ў жывых.
На тэрыторыі Аўшвіц 27 студзеня 1945 года была таксама вызваленая група беларускіх дзяцей. Гэтыя дзеці спачатку трапілі ў Кракаў, а затым у Дом дзіцяці ў Гербутавіцах і далей апынуліся ў цэнтр у Бучу ля Цешына. Там яны былі ахрышчаныя і атрымалі ў большасці новыя прозвішчы. Згаданыя дзеці трапілі ў канцлагер ва ўзросце 1-2 гадоў. Яны страцілі бацькоў або кантакт з імі. Яны не памяталі даваеннага часу – не ведалі хто яны. Пасля вайны іх усынавілі або выхавалі польскія сем’і:
- Іхны лёс на столькі складаны, што праблемы, звязаныя са зняволеннем у канцлагеры не скончыліся разам з вайной. Часта многія гады пасля вайны яны імкнуліся знайсці сваіх біялагічных бацькоў. У многіх выпадках, гэта атрымалася і тут пачыналіся новыя праблемы. Па-першае, яны даведаліся, што яны не палякі. Гэта выклікала моцны канфлікт ідэнтычнасці. Другая праблема, калі знайшліся біялагічныя бацькі, то што ім далей рабіць: вяртацца да біялагічных бацькоў ці застацца з прыёмнымі?
Праблемы з фізічным і псіхічным здароўем, а таксама сацыялізацыяй, уплывалі на паўсядзённае жыццё дзяцей. Дадаткова, доўгі час агульнае ўяўленне адносна зняволення ў канцлагеры фармавалася ўспамінамі дарослых вязняў, якія амаль нічога не пісалі пра сваіх сувязняў-дзяцей. У сваю чаргу, дзеці-вязні нярэдка былі дэпрэцыянаваныя дарослымі, як сведкі гісторыі, «бо, што можа памятаць малое дзіця». Таму і тэма дзяцей у Аўшвіц па сённяшні дзень слаба даследаваная.
Анна Задрожна
*Матэрыял падрыхтаваны на падставе вэбінара на тэму: «Лёс дзяцей у канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц», які арганізаваў Міжнародны адукацыйны цэнтр па пытаннях Аўшвіц і Халакосту Дзяржаўнага музея Аўшвіц-Біркенаў у Асвенцыме.