Цэнтр дыялогу імя Юліуша Мерашэўскага апублікаваў дзве справаздачы аб апытаннях грамадскай думкі, праведзеных у канцы 2025 года ў Польшчы і Украіне. Яны прысвечаны ўзаемнаму ўспрыманню палякаў і ўкраінцаў.
Даследаванне аналізуе грамадскія настроі ў кантэксце працяглай вайны, міграцыі і доўгатэрміновай нагрузкі на інстытуты і добрасуседскія адносіны.
Даследаванне ў Польшчы праводзілася ў супрацоўніцтве з вядомым даследчым інстытутам ARC Rynek i Opinia. Як падкрэслівае дырэктар Цэнтра Мерашэўскага Эрнэст Выцішкевіч, даследаванне мае дыягнастычны характар:
- Гэта трэцяя хваля даследаванняў у Польшчы, чацвёртая ва Украіне. Мы хочам зразумець, куды рухаюцца польска-ўкраінскія настроі. Мы хочам мець своеасаблівы фільм пра гэтыя адносіны, а не кадр, які паказвае іх статычна. Хочам ведаць, як яны фарміруюцца, дзе і ў якіх галінах гэтыя настроі паляпшаюцца, а дзе пагаршаюцца. Мы таксама хочам зразумець фактары, якія на гэта ўплываюць.
Згодна з даследаваннем, у Польшчы адбыліся пэўныя змены ў настроях, але яны ў першую чаргу тычацца практычных пытанняў і дзяржаўнай палітыкі, такіх як рынак працы, доступ да дзяржаўных паслуг, функцыянаванне мяжы і эканамічны ўплыў вайны. Дадзеныя сведчаць аб карэкцыі чаканняў і эмоцый, выкліканых доўгатэрміновай сацыяльнай перагрузкай, а не аб зніжэнні падтрымкі Украіны, падкрэслівае старшыня праўлення ARC Rynek i Opinia Лукаш Мазуркевіч:
- Гэта, безумоўна, эвалюцыя ад высока ўзбуджаных эмоцый з польскага боку, эмоцый дапамогі, а з украінскага боку, магчыма, эмоцыі ўдзячнасці за гэтую дапамогу – да больш складанай, больш шматслаёвай карціны, якая ўключае негатыўныя элементы, а не толькі станоўчыя. З аднаго боку, гэта натуральная з'ява. Нельга пастаянна знаходзіцца на такім высокім эмацыйным узроўні. Гэта павінна было прайсці. З іншага боку, як польская, так і ўкраінская грамадская думка падвяргаецца шэрагу паведамленняў з розных крыніц, у якіх, я б сказаў, гэты энтузіязм стрыманы, ці нават проста варожы да Украіны. Такім чынам, карціна мусіла развівацца ў бок меншага захаплення, чым спачатку. Аднак гэта ўсё яшчэ карціна, у якой дамінуюць пазітыўныя эмоцыі.
Пытанні аб дапамозе бежанцам сведчаць аб усё большай патрэбе ў лепшай арганізацыі і інстытуцыяналізацыі падтрымкі, дадае дырэктар Цэнтра Мерашэўскага Эрнэст Выцішкевіч:
- Некалькі гадоў таму мы трапілі ў пэўную пастку, таму што абедзве нацыі – украінцы, вядома, з-за вайны і барацьбы з Расіяй, і мы, у пэўнай ступені сутыкнуўшыся з наплывам украінскіх бежанцаў, але таксама напалоханыя вайной, адрэагавалі вельмі эмацыйна, і гэта правільна. Гэтая рэакцыя сёння адыгрывае ролю арыенціру. А гэта непатрэбна, таму што гэта быў унікальны момант, у якім мы прайшлі выпрабаванне, як грамадства, як дзяржава. Але на такім узроўні эмоцый ні асобныя людзі, ні калектыў не могуць функцыянаваць некалькі гадоў. Такім чынам, астуджэнне – гэта натуральны працэс.
І што б мы ні рабілі, эмоцыі сціхаюць, мы ўспрымаем сябе неяк інакш, не праз прызму вайны і крызісу, на які мы рэагуем, а праз прызму двух партнёраў. Польшча, вядома, як мацнейшая дзяржава, якая аказвае ваенную, гуманітарную і лагістычную падтрымку Украіне, але Украіна таксама як суверэнная краіна, якая змагаецца з расійскім імперыялізмам, абараняе нас, нашу бяспеку, ад гэтай пагрозы. Але гэтая дзяржава таксама мае свае ўласныя інтарэсы, і палякі маюць свае ўласныя інтарэсы. Гэтыя інтарэсы не заўсёды супадаюць.
Сельскагаспадарчы крызіс, памежны крызіс або патэнцыйнае збліжэнне з Еўрапейскім Саюзам спараджае дадатковую напружанасць, таму што ў нас ёсць пэўныя групы інтарэсаў з кожнага боку. І гэта натуральна. Мы больш прагматычна глядзім на нашы ўзаемныя адносіны, і калі ўзнікаюць праблемы, мы стараемся з імі змагацца, а не шкадаваць, чаму ўсё не так, як было раней.
Лукаш Мазуркевіч падкрэслівае, што веды палякаў пра Украіну значна пашырыліся за апошнія чатыры гады:
- Гэтая краіна цяпер значна лепш вядомая ў Польшчы. Мы ведаем значна больш пра яе розныя выклікі і праблемы, а таксама пра яе дасягненні. Гэта суверэн, адносна якога польская грамадская думка фармулюе пэўныя чаканні, і ў пэўным сэнсе гэта добрая навіна. Нягледзячы на тое, што гэта часам складаныя тэмы, яны дэманструюць, што мы ставімся да Украіны як да цэнтра, да якога мы можам звярнуцца ў гэтых пытаннях, а не звяртаемся да іншых краін па гэтых пытаннях. Таму я лічу, што гэта даволі значная змена. Субʼектнасць Украіны сярод палякаў, на маю думку, узмацнілася. Той факт, што нават у часы вайны мы чакаем ад Украіны пэўных рашэнняў, напрыклад, па гістарычных пытаннях або ў пэўных эканамічных спрэчках, сведчыць пра сурʼёзнае ўспрыманне гэтай краіны.
Калі гаворка ідзе пра стаўленне палякаў да ўкраінцаў і Украіны, то дамінуюць прамежкавыя, а не крайнія погляды, дадае дырэктар Цэнтра Мерашэўскага Эрнэст Выцішкевіч:
- На маю думку, калі палякі думаюць пра Украіну, то яны ўяўляюць сабе вайну. Тут ёсць поўная падтрымка, яна ўсё яшчэ вырашальна дамінуе. Аднак, калі я пытаюся пра ўкраінцаў, то сітуацыя іншыя. Гэта той элемент, які вызначае нашу перспектыву, таму што мы маем вельмі моцны штодзённы кантакт з імі. Больш за дзве траціны палякаў кажуць, што маюць кантакт з украінцамі. Калі мы пытаемся пра ўкраінцаў, мы часцей за ўсё думаем пра людзей, якіх мы бачым вакол нас. Калі мы пытаемся пра Украіну, мы бачым краіну, якая змагаецца з вайной. Гэта дыспрапорцыя. Мне часта здаецца, што ўкраінцы могуць не цалкам разумець, што гэтая змена ў Польшчы, выкліканая колькасцю ўкраінцаў, якія прыбылі сюды, зʼяўляецца тут чымсьці новым. Гэта патрабуе акліматызацыі. І гэты момант, на жаль, таксама выклікае такія сацыяльныя хваляванні. Ён таксама падсілкоўвае групы, якія хочуць гуляць на гэтых эмоцыях. Аднак, не ўсё так дрэнна.
Гістарычныя пытанні і падтрымка інтэграцыі Украіны з заходнімі структурамі адыгралі значную ролю ў даследаваннях, праведзеных у Польшчы:
- Гістарычныя пытанні – важныя. Таму што, прынамсі, адно з галоўных патрабаванняў, якія павінна вылучыць польская дзяржава, гэта патрабаваць эксгумацыі і пахавання ахвяр Валынскай разні. І гэта адбываецца, апошнія месяцы прынеслі некалькі важных падзей, звязаных з пачаткам гэтага працэсу. І гэта, я думаю, таксама дапамагло некалькі знізіць эмоцыі, а таксама прывяло да таго, што апытанне паказала, што гэтыя тэмы выклікаюць менш эмоцый. Гэта важны тэст, на маю думку, для некаторых палякаў. Выпрабаванне гатоўнасці ўкраінскай дзяржавы да пэўных змен у палітыцы.
Што да пытанняў інтэграцыі, мы назіраем зніжэнне рэйтынгу адабрэння членства ў ЕС. НАТА крыху больш папулярнае, што звязана з большай колькасцю пастаўленых умоў. Гэта значыць, менш палякаў лічаць, што, напрыклад, Украіна павінна быць членам ЕС без выканання ўмоваў. Хутчэй, паяўляецца рэалізм.
Ключавая выснова абедзвюх справаздач: назіраныя змены ў сацыяльных настроях не сведчаць пра разрыў адносін або адварочванне грамадстваў адно ад аднаго. Хутчэй, дадзеныя дэманструюць пераход ад спантаннай крызіснай салідарнасці да больш структураваных, інстытуцыяналізаваных адносін з ростам чаканняў прадказальнасці і выразных правілаў.
Аўтары гавораць, што даследаванне неабходна менавіта для таго, каб даць крыху іншы погляд на навіны, каб пазбегнуць траплення ў пастку аналізу рэальнасці выключна праз сацыяльныя сеткі. Даследаванне паказала, што рэчаіснасць іншая, яны адрозніваецца ад вобразу ў сацсетках.
Ірына Завіша/ав