Беларуская Служба

Некаторыя беларусы расчароўваюцца ў жыцці за мяжой і вяртаюцца праз Камісію па вяртанні. Гістарычныя паралелі

04.02.2026 18:17
Былі ў гісторыі Беларусі палітычныя дзеячы, якія паверылі прапагандзе. Лёс некаторых трагічны. 
Аўдыё
  • Камісія па вяртанні ў Беларусь - ці варта ёй верыць
  (  )      ,         .
Анатоль Вайцяхоўскі (з правага боку) з былым польскім юрыстам Томашам Шмытам, які ўцёк у Беларусь і працуе на беларускую прапаганду. Фота з сацсетак Анатоля Вайцяхоўскага.

Тры гады ў Беларусі працуе так званая «Камісія па вяртанні» — міжведамасны орган, створаны па ўказе Аляксандра Лукашэнкі пры Генеральнай пракуратуры. Яна разглядае звароты грамадзян, якія раней з’ехалі за мяжу і баяцца вяртацца на радзіму з-за магчымых прававых наступстваў. Паводле дзяржаўных звестак, камісія разглядала сотні заяў, некаторыя атрымалі станоўчыя адказы і вярнуліся ў Беларусь.

Жадаючых вярнуцца ў Беларусь праз Камісію па вяртанні няшмат. У кастрычніку мінулага года Намеснік генпракурора Аляксей Стук паведаміў, што за амаль тры гады такім чынам прыехалі назад у Беларусь 30 чалавек. Як інфармавалі незалежныя СМІ, вядомыя як мінімум тры выпадкі, калі чалавек быў затрыманы пасля вяртання, хаця ён звяртаўся ў камісію і меў з ёй дамоўленасць.

Анатоль Вайцяхоўскі, прадпрымальнік з Баранавіч, які працаваў у Беластоку таксістам, вярнуўся праз камісію на радзіму. Але прыйшлося яму зняцца ў прапагандысцкім фільме і распавесці пра лёс Уладзіміра Усера, немаладога актывіста з Бабруйска, які падманам быў уцягнуты ў здымкі фільма БТ і таму польскія органы сталі падазраваць яго ў шпіянажы. Да Усера прыйшлі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW), але не сталі арыштоўваць з увагі на дрэнны стан здароўя. Неўзабаве Усер памёр у прытулку. Па словах Вайцяхоўскага, які быў суседам Усера, памерлы перад смерцю быў збіты польскімі сілавікамі, але гэта аспрэчыла дачка Усера, якая заявіла, што пабояў не было і прасіла не спекуляваць на смерці яе бацькі.

Вось што распавёў нам Анаталь Вайцяхоўскі пра прычыны свайго вяртання ў Беларусь.

— Я жыў з Усерам. Яму – 70 гадоў, мне – 58, тым болей, я – інвалід. Што мне рабіць далей? Трэба плаціць за пакой, купляць ежу, лекі. Ніхто мне не дапамагае. Я казаў спадару Усеру, калі ён першы раз папаў у шпіталь – Уладзімір, а як далей, калі ў вас грошай не будзе плаціць за жыллё? Яму прапанаваў напісаць у камісію і сам напісаў.

 Многія эмігранты жывуць у цяжкіх умовах. Але вы ж разумееце, чаму яны з’ехалі...

— І я так з’ехаў, у мяне быў (артыкул) 342, частка 1. А пазней я яшчэ даў інтэрв’ю Байсолу.

— Ведаеце, што часам людзі вяртаюцца, а іх затрымліваюць на мяжы, нават за нейкія старыя справы – лайкі ці данаты. Таму людзі баяцца ехаць. А якія вам гарантыі бяспекі далі? І якія паставілі ўмовы?

— Ніякіх умоваў, толькі каб я расказаў пра Усера. Я нічога новага не расказаў.

— Вы сказалі, што яго пабілі супрацоўнікі ABW, але дачка напісала, што ніякіх пабояў не было, дарэчы, лякарка, якая была з ім у шэлтары, таксама расказвала, што ён памёр ад захворвання.

— Ён вельмі перажываў, не было ў яго грошай ні на ежу, ні на пакой.

— Гэта зразумела, але, калі б беларусы маглі атрымліваць беларускую пенсію ў Польшчы, калі б маглі афармляць дакументы, такой сітуацыі б не было. А гэта немагчыма, і не па прычыне Польшчы, а па прычыне Беларусі.

— Я працаваў на umowa zlecenie (грамадзянска-прававая дамова на выкананне паслуг/работ, без афармлення ў штат. Распаўсюджаная форма працаўладкавання ў Польшчы, з якой спрабуюць змагацца ўлады. Так працуюць таксама многія палякі – рэд.). У мяне не было ні адпачынку, ні на пенсію нічога не ішло.

— Я кажу пра беларускіх пенсіянераў, якія сюды прыехалі. Многія нават не могуць аформіць дакументы, каб тут атрымліваць беларускую пенсію.

— У Усера была пенсія, але ён не мог ёй карыстацца, паколькі скончылася банкаўская картка. Грошы былі, але ён не мог імі карыстацца.

— Па прычыне таго, што беларуская дзяржава закрыла ўсе магчымасці. Людзі баяцца ехаць у Беларусь, каб аформіць справы.

— Ніхто яму не дапамог. Дыяспара раз толькі сабрала грошы, ён заплаціў за пакой і крыху засталося на ежу.

Эміграцыя рэдка бывае лёгкай. Асабліва цяжка пажылым людзям, асобам у перадпенсійным або пенсійным узросце. Так званыя «палітычныя» часта не маюць магчымасці атрымліваць у Польшчы беларускую пенсію, ім цяжка знайсці працу, асабліва калі не ведаюць польскай мовы. Тым не менш, польская дзяржава прымае гэтых людзей, не адмаўляе ім у прытулку. Уладзімір Усер памёр ад хвароб - у яго была цяжкая форма цукровага дыябету і звязаныя з ім ускладненні. 

Пры гэтым, людзі, якія вяртаюцца ў Беларусь праз Камісію па вяртанні, не могуць быць упэўненыя ў сваёй бяспецы. Дарэчы, у гісторыі Беларусі былі падобныя сітуацыі – калі людзі пад уплывам прапаганды вярталіся і траплялі пад пераслед. Мімавольна такія паралелі насоўваюцца ў гісторыка Яўгена Дудкіна, які ў Варшаве піша навуковую дысертацыю пра гісторыю беларускіх палітыкаў у Польшчы ў міжваенны перыяд.

— Камісія па вяртанні грамадзян Беларусі, створаная цяперашнімі афіцыйнымі ўладамі, гэта фактычна дублікат той сістэмы, якая была створана ў БССР, калі савецкія органы спрабавалі вяртаць у краіну беларускіх палітыкаў і дзеячаў, што жылі ў міжваеннай Польшчы. Сярод іх былі, напрыклад, Кахановіч – пасол (дэпутат) Сейма першай кадэнцыі, Каліноўскі, Браніслаў Тарашкевіч быў абменены на аднаго з палітычных вязняў у БССР.

Такім чынам, з аднаго боку, гэта орган, створаны па прыкладзе міжваенных часоў. З другога, камісія выконвае вельмі канкрэтныя задачы для сучаснага беларускага рэжыму. Па-першае, паказаць людзям, што мігранты вяртаюцца, яны расчараваліся ў жыцці на Захадзе. Па-другое, паказаць апанентам, што ім прабачаць іх праступкі, калі ім не ўдалося ўладкавацца за мяжой.

Аднак гэты орган вельмі небяспечны. Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна пагоршылася. Гэта ўжо не аўтарытарны, а таталітарны рэжым, дзе кантралюецца ўсё, адсутнічае апазіцыя, якая і не прэтэндуе на ўладу, але існуе аўтаномна. Людзі, якія вяртаюцца, нібыта маюць гарантыі бяспекі, але і так знаходзяцца пад кантролем спецслужбаў. І ў любы момант могуць быць арыштаваныя, не зважаючы на абяцанні, якія ім былі дадзеныя. Прыклад таму – беларускія парламентарыі ў міжваеннай Польшчы. Яны атрымалі (у БССР – рэд.) выракі і былі рэпрэсаваныя (Тарашкевіча расстралялі - рэд.). Не зважаючы на тое, што былі вельмі папулярнымі і лабіравалі інтарэсы Савецкага Саюза ў міжваеннай Польшчы.

Зразумелае жаданне беларусаў жыць на сваёй радзіме, а не ў чужой краіне. Але пры актуальнай беларускай уладзе нават Камісія па вяртанні не можа гарантаваць бяспекі беларусам, якія вырашаць вярнуцца ў краіну. У гісторыі ёсць прыклады людзей, якія паверылі прапагандзе і гэта скончылася для іх трагічна. 

нг