Беларуская Служба

Польскія валанцёры: Не час на стомленасць, Украіна бароніць Еўропу

24.02.2026 15:12
Ужо 4 гады польскія валанцёры ездзяць на Украіну, каб дапамагаць ратаваць людзей, жывёлаў з прыфрантавых тэрыторый, завозяць лекі, харчаванне ды шмат іншага.
Аўдыё
  • Польскія валанцёры 4 год дапамагаюць Украіне
Дыскусія «Досвед польскіх валанцёраў ва Украіне» у студыі Польскага радыёPolskie Radio dla Zagranicy

Некаторыя збіраюць сродкі і перадаюць дапамогу Збройным сілам Украіны. З якімі сітуацыямі сутыкаюцца валанцёры, як выглядае дапамога сёння пасля 4 год вайны, гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас дэбатаў пра «Досвед польскіх валанцёраў ва Украіне», што адбыліся ў панядзелак 23 лютага ў студыі Польскага радыё.

На пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны мільёны палякаў салідарызаваліся з украінцамі, тысячы дапамагалі прымаць украінскіх уцекачоў, збіралі сродкі на дапамогу ўкраінскаму грамадству і войску, некаторыя пачалі ездзіць ва Украіну, каб дапамагаць на месцы. З чым там сутыкнуліся валанцёры, як выглядае цяпер польская дапамога, пра гэта распавялі Польскаму радыё вядомыя валанцёры: камп'ютарны праграміст і інжынер Томаш Сікора SAK, заснавальнік арганізацыі «Сікоркі на Украіне», якая дастаўляе неабходныя рэчы ў вельмі небяспечныя раёны; заснавальнік фонду «Humanosz» Пётр Скопец, які аказвае дапамогу бежанцам у Польшчы і людзям, перамешчаным у межах Украіны з прыфрантавых раёнаў; музыка і прадзюсар Томаш Сікора з Уроцлава, які ездзіць ва Украіну і возіць ваенную дапамогу.

За 4 гады склаліся два віды дапамогі: адзін для вайскоўцаў, другі для грамадзянскага насельніцтва, патлумачыў Томаш Сікора SAK.

— Пачатак вайны спарадзіў моцнае пачуццём нечаканасці, нявызначанасці і дэзарыентацыі як сярод украінскага грамадства, так і для ўсіх, хто вырашыў дапамагчы. Спачатку дапамога ўключала прыём людзей з украінскай мяжы, іх размеркаванне і рассяленне ў Польшчы. Затым, ездзячы ў цэнтральную Украіну, мы пачалі сустракацца з людзьмі, эвакуяванымі з розных гарадоў, з-пад абстрэлаў. Мы пачалі працаваць у мясцовых лагерах для бежанцаў у Вінніцы і Палтаве. Хутка зʼявіліся кантакты з салдатамі, і мы пачалі разумець, як шмат рыштунку не хапае ўкраінскай арміі на пачатку вайны. У той жа час мы хутка зразумелі, што лепшы спосаб абараніць мірных жыхароў – гэта захаваць жывым і баяздольным салдата, які стаіць паміж мірным жыхаром і лініяй фронту з акупантамі.

Важным напрамкам дапамогі стала медычная эвакуацыя і медыка-гуманітарная дапамога ў так званай «шэрай зоне», то бок на тэрыторыі паміж украінскім войскам ды расійскім агрэсарам, дадае Пётр Скопец.

— Чатыры гады таму ўсё пачалося з частых візітаў на мяжу і рассялення бежанцаў. Аднак даволі хутка ўзнікла ідэя стварэння базы хуткай дапамогі пад Львовам, каб забяспечыць эвакуацыю параненых мірных жыхароў і салдат з усёй Украіны, але ў першую чаргу з львоўскіх шпіталяў у аэрапорт Ясёнка. З пачатку вайны нам удалося перавезці 2500 параненых і агледзець прыблізна 3000 пацыентаў у шэрай зоне. Сёння мы працягваем дапамагаць у шэрай зоне, выязджаючы ў Харкаўскую вобласць, Купянскі раён і па ўсім Запарожжы. Мы ездзім з гуманітарнай і медычнай дапамогай, і заўсёды бралі з сабой нешта, што магло быць карысным як салдатам, так і мірным жыхарам на месцы.

Палякі таксама возяць дапамогу украінскаму войску, спачатку былі дроны, а цяпер ёсць вялікая патрэба ў антыдронавых сетках, але патрэбы ўвесь час змяняюцца, зазначае Томаш Сікора.

— Для мяне пачатак быў у 2014 годзе, з пратэстаў на Майдане. Я некалькі гадоў удзельнічаў у розных украінскіх валанцёрскіх ініцыятывх, якія выраслі з грамадзянскага руху на Майдане. Я ездзіў з сябрамі з Харкава на так званую лінію размежавання. Мы таксама гралі канцэрты блізка да фронту, напрыклад, у Марыупалі, які знаходзіўся восем кіламетраў ад фронту. Я на ўласныя вочы бачыў, як украінская грамадзянская супольнасць спраўляецца з той нябачнай вайной, якую пачалі рускія. Потым, у 22-м, спатрэбілася яшчэ большая дапамога. Мы пачалі рабіць розныя зборы ў польскім культурным асяроддзі, дастаўлялі розныя рэчы і дагэтуль гэта робім.

Аднак, на 4 год вайны ў Польшчы, асабліва ў сацыяльных сетках, гучаць меркаванні, што людзі стаміліся ад вайны, і што стаміліся дапамагаць. За гэтымі наратывамі стаіць расійская прапаганда, зазначае Томаш Сікора SAK.

— Стомленасць ад вайны – гэта крылатая фраза, якую прасоўвае крамлёўская прапаганда, як і формулу «што гэта не наша вайна». У гэтым ёсць элемента запалохвання грамадства. 

У такой сітуацыі роля валанцёраў палягае яшчэ і на тым, каб нагадваць палякам, якой жудаснай ёсць расійская агрэсія, і што не час на стомленасць, перакананы Томаш Сікора з Уроцлава.

— Як растлумачыць людзям у Польшчы, што там адбываецца? Калі хтосьці там не быў, ці не мае дастаткова ўяўлення або эмпатыі, каб зразумець, ён заўсёды будзе стамляцца ад вайны і заўсёды будзе баяцца яе, верыць наратывам, што ўрад хоча пачаць вайну ў Польшчы і так далей. Адсюль наша задача – паказаць, што там адбываецца, бо мы былі там, і павінны гаварыць, паказваць і пераконваць людзей, знаёмых, выступаць у СМІ ды казаць як насамрэч выглядае вайна, а яна выглядае жахліва.

Стомленасць ёсць, але людзі працягваюць дапамагаць. Выдатны прыклад - нядаўняя акцыя салідарнасці «Цяпло з Польшчы для Кіева», кажа каардынатар акцыі Ежы Вуйцік.

— Трэба прызнаць, што ў Польшчы шмат добрых людзей, стаўленне палякаў пазітыўна здзівіла нас падчас гэтай кампаніі. Мэта кампаніі вынікала з простага разумення: калі там так холадна, а ў нас крыху больш цяпла, і шахіды на нас не падаюць, магчыма, нам варта падзяліцца тым, што маем. Гэта кранула людзей, нават пасля месяцаў нянавісці, палітычных маніпуляцый і пашырэння антыўкраінскай рыторыкі, і здарыўся цуд. Фактычна, за адзін дзень мы сабралі амаль мільён злотых, за першыя пяць дзён былі перададзеныя сто генератараў. Я ніколі ў жыцці не адчуваў большага шчасця, калі бачыў, як людзі глядзелі на тыя велізарныя машыны, разумеючы, што зараз стане цяплей.

Валанцёры зазначылі, што грамадскасці ў Польшчы і шырэй у Еўропе трэба ставіцца да дапамогі – не як простай перадачы грошай, а як да «супрацоўніцтва», таму што цяпер Украіна бароніць Еўропу. Таксама валанцёры заклікалі памятаць пра стаўленне ўкраінцаў, якія сапраўды стаміліся ад вайны, але яны не здаюцца, спраўляюцца з штодзённымі цяжкасцямі ды працягваюць змагацца.

Юры Ліхтаровіч