Канал вяшчання на замежныя краіны быў афіцыйна створаны ў Польшчы ў 1936 годзе, хоць некаторыя асобныя праграмы выходзілі ў эфір ужо раней. У 1930-я гады радыёвяшчанне сфармавалася як грамадская з'ява, і, як гаворыць дырэктар і галоўны рэдактар Замежнага вяшчання Польскага радыё Наталля Брыжка-Запур, тагачасныя ўлады краіны вырашылі інфармаваць замежную аўдыторыю пра тое, што адбываецца ў Польшчы.
У першыя гады вяшчання канал прапанаваў праграмы на польскай і англійскай мовах на кароткіх хвалях. Эфір паступова пашыраўся на іншыя замежныя мовы, для прыкладу, на французскую і партугальскую, каб ахапіць як мага шырэйшую аўдыторыю ў розных кутках свету. Першыя радыёпраграмы для замежнай аўдыторыі трансляваліся на кароткіх хвалях, што дазваляла іх прымаць за тысячы кіламетраў.
Пасля Другой сусветнай вайны вяшчанне было адноўленае, а прапанова праграм працягвала павялічвацца.
Журналіст Польскага радыё падчас працы ў студыі, верасень 1977 года
У кастрычніку 1945 года кароткахвалевая станцыя Warszawa III аднавіла вяшчанне для замежнай аўдыторыі. Спачатку яна транслявала адну гадзіну праграм штодня, павялічыўшы час да 10 гадзін у 1949 годзе. Да 1956 года Польскае радыё штодня перадавала ў эфір 68 гадзін праграм для замежных слухачоў, у тым ліку на англійскай, дацкай, грэчаскай, фінскай, французскай, іспанскай, нямецкай, рускай, турэцкай і італьянскай мовах.
4 красавіка 1959 года, у стагоддзе з дня нараджэння Людвіка Замэнгофа, Польскае радыё пачало рэгулярна трансляваць праграмы на эсперанта. А вось 1 ліпеня 1968 года ў эфір выйшла першая праграма Польскага радыё на арабскай мове. У 1971 годзе Замежнае вяшчанне Польскага радыё працавала 24 гадзіны ў суткі на польскай, англійскай, арабскай, чэшскай, дацкай, эсперанта, фінскай, французскай, іспанскай, нямецкай, рускай, шведскай і італьянскай мовах.
Пра маштаб працы замежнага вяшчання можа сведчыць такі факт, што на канале ў часы ПНР існавалі тры англійскія рэдакцыі: амерыканская, рэдакцыя вяшчання на Вялікабрытанію і рэдакцыя вяшчання на англамоўныя краіны Афрыкі. Былі таксама тры французскія рэдакцыі: французская, франкамоўная для Еўропы і рэдакцыя вяшчання на краіны франкамоўнай Афрыкі.
У часы ПНР канал замежнага вяшчання працаваў на больш чым 20 мовах, а ў штаце радыёстанцыі было 600-700 чалавек. Дарэчы, вялізны галоўны будынак Польскага радыё, у якім актуальна размяшчаюцца многія каналы дзяржаўнай кампаніі і адміністрацыя, першапачаткова прызначаўся выключна для замежных рэдакцый.
Галоўны будынак Польскага радыё ў Варшаве
Вялікай папулярнасцю ў слухачоў карысталіся перадачы на мове эсперанта.
Пасля грамадска-палітычных перамен у Польшчы канца 1980-х, пачатку 1990-х гадоў Замежнае вяшчанне Польскага радыё было рэфармаванае. Многія рэдакцыі былі закрытыя, але таксама зʼявіліся новыя: украінская, літоўская, славацкая і беларуская. Наша служба была створаная ў 1992 годзе.
На фота: Ніна Баршчэўская (у цэнтры з кветкамі), Яланта Смялоўская, Юрась Ліхтаровіч, Алена Вялічка, Наталля Грышкевіч, Анна Задрожна, Віктар Корбут (Руская служба Польскага радыё), Валеры Саўко (злева направа). Варшава, верасень 2018 года.
З самага пачатку і ажно да 2018 году рэдакцыю ўзначальвала Ніна Баршчэўская – выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэту, прафесар філалагічных навук. Менавіта дзякуючы яе намаганням і працы Беларуская служба з невялічкай рэдакцыі стала вядомым СМІ, якое асвятляе падзеі ў Польшчы, Беларусі і іншых кутках свету і Еўропы на мове Коласа і Купалы.
Прафесар Ніна Баршчэўская. Крыніца: Камунікат
Згадваючы падзеі 30-гадовай даўніны Ніна Баршчэўская зазначае, што тады польскія беларусы былі ўсцешаныя фактам стварэння Беларускай службы Польскага радыё і тым, што голас з Варшавы зможа трапляць да жыхароў незалежнай і несавецкай Беларусі.
Прафесар Баршчэўская кажа, што ніколі не думала, што прапрацуе на Польскім радыё амаль 30 гадоў. «Я прыйшла на Беларускую службу дапамагчы як моўны кансультант», – гаворыць яна. Філолаг думала, што на Польскім радыё прабудзе коратка, але аказалася, што затрымалася амаль на 30 гадоў. Паводле экс-кіраўніка беларускамоўнага вяшчання Польскага радыё, магія радыё, мікрафону і студыі яе «ўсмактала» так, як губка ўсмоктвае ваду».
За 90 гадоў існавання Замежнага вяшчання Польскага радыё на канале працавалі многія выдатныя асобы, важныя для гісторыі польскай журналістыкі.
У структуры Замежнага вяшчання Польскага радыё актуальна ўваходзіць шэсць моўных службаў: беларуская, польская, англійская, нямецкая, украінская і руская.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
у праграме - фрагменты архіўных праграм Польскага радыё на замежных мовах, а таксама архіўныя пазыўныя Замежнага вяшчання