Беларуская Служба

Польская феміністка: Правы жанчын ніколі не даюцца раз і назаўсёды. Іх трэба пастаянна адстойваць

08.03.2026 08:02
За кветкамі і віншаваннямі за 8 сакавіка хаваецца пытанне: ці сапраўды жанчыны сёння маюць роўныя правы?
ІлюстрацыяФота: https://www.polskieradio.pl/396

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня Беларуская служба Польскага радыё паразмаўляла з Уршуляй Навакоўскай — польскай юрысткай, грамадскай дзяячкай і заснавальніцай уплывовай жаночай пазаўрадавай арганізацыі Цэнтр правоў жанчын (Centrum Praw Kobiet)

Ужо больш за чатыры дзесяцігоддзі Уршуля Навакоўская займаецца абаронай правоў жанчын у Польшчы.  Яшчэ ў 1980-я гады яна далучылася да фармавання феміністычнага руху ў Польшчы. У размове юрыстка разважае пра роўнасць палоў, праблемы польскага заканадаўства, гвалт у адносінах да жанчын і тое, як сёння ўспрымаецца свята 8 сакавіка.

Асноўная місія Цэнтра правоў жанчын, заснаванага нашай суразмоўцай ў 1994 годзе,  з'яўляецца супрацьдзеянне ўсім формам гвалту і дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.

— Ці задавальняе вас сённяшні ўзровень роўнасці жанчын і мужчын у Польшчы?

— Для мяне, як і для Цэнтра правоў жанчын, гэта ўсё яшчэ не той узровень роўнасці, які можна было б лічыць задавальняючым. Нам яшчэ вельмі многае трэба зрабіць. Хоць трэба прызнаць: дзякуючы, між іншым, уступленню Польшчы ў ЕС, а таксама працы феміністычных арганізацый, некаторыя важныя змены былі замацаваныя ў заканадаўстве. Але права — гэта адно, а практыка яго прымянення — зусім іншае, і яна часта пакідае жадаць лепшага.

Разам з тым я бачу адну пазітыўную тэндэнцыю — рост свядомасці саміх жанчын. Калі ўспомніць час, калі больш за трыццаць гадоў таму пачынаў дзейнасць Цэнтр правоў жанчын, узровень разумення таго, што жанчыны ў Польшчы могуць сутыкацца з дыскрымінацыяй, быў значна ніжэйшы. Многія жанчыны не ўспрымалі пэўныя паводзіны як сексуальныя дамаганні ці дыскрымінацыю на працы, мелі значна меншыя чаканні ад сваіх партнёраў у сям’і. Сёння гэта паступова змяняецца.

Аднак у многіх сферах нам усё яшчэ трэба працаваць, каб наблізіцца да тых высокіх стандартаў, якія існуюць у шэрагу еўрапейскіх краін. Я маю на ўвазе як нормы пра роўнасць і забарону дыскрымінацыі, так і механізмы, што дазваляюць жанчынам эфектыўна адстойваць свае правы.

У сферы працоўнага права ў нас ужо ёсць адносна добрыя нормы, але ў іншых галінах жыцця жанчынам значна цяжэй дабівацца абароны ад дыскрымінацыі. У Польшчы па-ранейшаму слабая дзяржаўная палітыка роўнасці. Недастаткова кампаній і практычных дзеянняў, якія б спрыялі раўнамернаму размеркаванню абавязкаў у сям’і і сумяшчэнню сямейнага і прафесійнага жыцця.

На плечы жанчын усё яшчэ кладзецца асноўная частка хатняй працы і выхавання дзяцей. Вельмі мала мужчын карыстаюцца бацькоўскімі адпачынкамі па выхаванні дзіцяці — гэты паказчык значна ніжэйшы, чым у многіх еўрапейскіх краінах. Праўда, усё больш мужчын уключаецца ў сямейныя абавязкі, і гэта сведчыць пра пэўны прагрэс, але пакуль яшчэ недастатковы.

Праблемай застаецца і палітыка дзяржавы ў сферы рэпрадуктыўных правоў. У Польшчы адно з самых жорсткіх у Еўропе заканадаўстваў у дачыненні да абортаў. Нас не задавальняюць і нормы, якія рэгулююць супрацьдзеянне гвалту ў адносінах да жанчын. Пэўныя змены, безумоўна, адбыліся, але многія жанчыны па-ранейшаму незадаволеныя тым, як працуюць службы і як рэальна аказваецца дапамога ахвярам гвалту.

Мы хацелі б бачыць далейшыя змены ў заканадаўстве, якія палепшылі б сістэму падтрымкі жанчын, што перажылі гвалт. Важна прызнаць, што хатні і сексуальны гвалт мае выразнае гендарнае вымярэнне, і агульных інстытуцый дапамогі часта недастаткова, каб эфектыўна абараніць жанчын.

Нас таксама непакояць некаторыя заканадаўчыя ініцыятывы, прапанаваныя Міністэрствам юстыцыі, якія прадугледжваюць увядзенне апекі над дзецьмі па чарзе для абодвух бацькоў, як стандарту пасля разводу. Такія рашэнні часта не ўлічваюць фактар гвалту ў адносінах да жанчын, а гэта — адзін з ключавых крытэрыяў, які ў большасці краін ЕС улічваецца пры вызначэнні бацькоўскай апекі. Для жанчын, што перажылі гвалт, гэта можа быць вельмі небяспечна.

— Мы размаўляем напярэдадні 8 сакавіка — Міжнароднага жаночага дня. Як гэтае свята ўспрымаецца сёння ў Польшчы і ці дастаткова змянілася яго значэнне ў параўнанні з тым дэкаратыўным сэнсам, які быў укладзены ў яго на схіле камуністычнай эры?

— Думаю, што ўспрыманне гэтага дня паступова змяняецца. Але традыцыя дарыць жанчынам кветкі ўсё яшчэ вельмі моцная — гэта добра бачна на вуліцах. Гэтыя жэсты па-ранейшаму важныя і прыемныя для вялікай колькасці жанчын у Польшчы.

З іншага боку, ужо шмат гадоў у Польшчы 8 сакавіка адзначаецца таксама  дэманстрацыямі і акцыямі, прысвечанымі менавіта правам жанчын. Гэта таксама дзень, калі жанчыны збіраюцца разам, арганізуюць розныя мерапрыемствы, успамінаюць тых, хто зрабіў важны ўклад у барацьбу за роўнасць.

Не варта забываць, што ў 1975 годзе ААН афіцыйна прызнала 8 сакавіка днём ушанавання жанчын, якія адыгралі важную ролю ў змаганні за роўныя правы жанчын і мужчын.

Таму сёння гэтае свята больш разнастайнае, чым у камуністычныя часы. Хаця падарункі і кветкі ўсё яшчэ прысутнічаюць — і для многіх жанчын гэта прыемны знак увагі. Але, на мой погляд, самае важнае — каб гэты дзень нагадваў пра тое, што яшчэ многае трэба зрабіць, і каб жанчыны маглі разам адзначыць тое, што ўжо было дасягнута.

— Што асабіста для вас значыць 8 сакавіка? Гэта больш нагода для радасці ці для разважанняў і нават горычы, калі глядзець на ваш шматгадовы досвед у феміністычным руху?

— Баюся, што сёлетняе 8 сакавіка я правяду дома, бо захварэла... (смяецца — рэд.). Але для мяне гэта перш за ўсё дзень памяці і разважанняў. Дзень, калі я думаю пра тое, што нам, жанчынам, ужо ўдалося зрабіць, але таксама і пра тое, колькі яшчэ наперадзе працы.

Вельмі важна памятаць: правы жанчын ніколі не даюцца раз і назаўсёды. Пра іх трэба пастаянна клапаціцца, адстойваць іх і рухацца наперад, каб запоўніць усе тыя прабелы, якія яшчэ існуюць у галіне правоў жанчын.

Слухайце аўдыё!

эж