Беларуская Служба

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы: Расія зноў гаворыць пра Катыньскую трагедыю мовай сталінскай прапаганды

16.03.2026 13:44
У Польшчы распачынаецца асветніцкая кампанія «Памятаю. Катынь 1940». Сімвал акцыі  — гузік з вайсковага мундзіра, расталяных у Катыні. 
Аўдыё
  • Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы: Расія зноў гаворыць пра Катыньскую трагедыю мовай сталінскай прапаганды
Прамацыйныя матэрыялы асветніцкай акцыі «Памятаю. Катынь 1940»

У сувязі з набліжэннем 86-й гадавіны Катыньскага злачынства ў Польшчы распачынаецца агульнанацыянальная асветніцкая кампанія «Памятаю. Катынь 1940». Сімвалам акцыі з’яўляецца значок — рэпліка гузіка з вайсковага мундзіра, што адсылае да верша Збігнева Герберта «Гузікі». Гэта знак памяці пра ахвяр Катыньскага злачынства і выяўленне пратэсту супраць сучаснага расійскага скажэння адной з самых трагічных старонак польскай гісторыі. Арганізатарамі кампаніі выступаюць Нацыянальны цэнтр культуры, Катыньскі музей, Інстытут Пілецкага і Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы.

Вясной 1940 года па загадзе найвышэйшых уладаў Савецкага Саюза карныя органы забілі больш за 22 тысячы грамадзян Польшчы. Сярод іх былі прафесійныя афіцэры Войска Польскага, паліцэйскія, афіцэры запасу, лекары, настаўнікі, юрысты, чыноўнікі і навукоўцы. Магілы ахвяр былі знойдзены ў Катыні, Харкаве, Медным і Быкоўні. У часы Польскай Народнай Рэспублікі праўда пра гэтыя падзеі замоўчвалася.

Хоць у 1990 годзе СССР прызнаў сваю адказнасць за Катыньскае злачынства, сёння Расія зноў вяртаецца да распаўсюджвання так званай «катыньскай хлусні», маўляў, масавыя забойствы здзяйснялі немцы. Вінаватыя ў гэтым злачынстве ніколі так і не былі асуджаныя, адзначае прэс-сакратар Інстытута нацыянальнай памяці Рафал Касцяньскі:

— Наперадзе 86-я гадавіна Катыньскага злачынства — акту генацыду, здзейсненага савецкімі ўладамі супраць больш як 22 тысяч палякаў. Інстытут нацыянальнай памяці далучыўся да чарговай агульнапольскай асветніцкай кампаніі «Памятаю. Катынь 1940». Сімвалам акцыі з’яўляецца значок — рэпліка гузіка з вайсковага мундзіра. Гэта знак памяці пра ахвяр Катыньскага злачынства і выраз пратэсту супраць скажэння адной з самых трагічных старонак польскай гісторыі. 

Вясной 1940 года, выконваючы пастанову Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года, савецкая палітычная паліцыя забіла больш за 22 тысячы польскіх грамадзян. Большасць з іх — ваеннапалонныя польскія афіцэры, узятыя ў палон Чырвонай Арміяй у 1939 годзе. Яны ўтрымліваліся галоўным чынам у лагерах у Казельску, Старабельску і Асташкаве.

Сёлета з 11 па 13 красавіка ў межах акцыі «Гузікі памяці» значкі можна будзе атрымаць, у прыватнасці, на тэрыторыі Катыньскага музея ў Варшаве, а таксама ў галерэі Нацыянальнага цэнтра культуры на Кракаўскім Прадмесці і ў іншых месцах у Польшчы і па-за межамі краіны.

Сёння мы з’яўляемся сведкамі вяртання імперскай палітыкі Крамля, у тым ліку і вяртання расійскай прапаганды да сцвярджэнняў, што Катыньскае злачынства нібыта здзейснілі немцы. Сімвалам гэтага працэсу стала выдаленне ў 2025 годзе расійскімі ўладамі з польскіх мемарыялаў у Медным і Катыні польскіх вайсковых сімвалаў — ордэна Virtuti Militari, якім Польшча адзначыла перамогу над расійскімі войскамі ў 1792 годзе, а таксама крыжа кампаніі верасня 1939 года, што нагадвае пра нямецка-савецкую агрэсію.

Катыньскі гузік у выглядзе значка — гэта рэпліка артэфакта, знойдзенага ў брацкіх магілах, маўклівага сведкі злачынства, які сёння яднае пакаленні, кажа намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра культуры Міхал Касёрэк:

— Гістарычная праўда фармуе свядомае грамадства, чуйнае да ўласнага мінулага, а таксама здольнае супрацьстаяць выклікам сучаснасці і блізкай будучыні, напрыклад такім, як праблема дэзінфармацыі.

Асаблівасцю сёлетняга выдання акцыі «Памятаю. Катынь 1940» стала тое, што нам удалося стварыць вакол гэтай гадавіны партнёрскую сетку з установамі, якія таксама вядуць шырокую дзейнасць у сферы культуры памяці. Маецца на ўвазе наш шматгадовы партнёр — Катыньскі музей, а таксама Інстытут Пілецкага ды Інстытут нацыянальнай памяці. Гэтая сінергія дазваляе аб’яднаць досвед у сферы адукацыі, каб  дасягнуць да як мага шырэйшай аўдыторыі.

З самага пачатку сімвалам акцыі «Памятаю. Катынь 1940» з’яўляецца катыньскі гузік у выглядзе значка. Мы заклікаем усіх атрымліваць гэтыя значкі ў пунктах па ўсёй краіне і за мяжой. Заклікаем таксама рэканструктарскія групы і мясцовыя супольнасці, якія захоўваюць памяць пра Катынь далучыцца да распаўсюду. Кожны, хто прымацуе сабе такі гузік, у пэўным сэнсе становіцца амбасадарам памяці пра Катынь.

Вельмі важна нагадваць пра канкрэтных ахвяр злачынства —  сёлета будзем рабіць гэта пра некалькі дзясяткаў выбраных ахвяр з гэтых 22 тыс., паказваючы разнастайнасць прадстаўнікоў усяго грамадства, якія былі забітыя ў Катыні. Гэта дазволіць яшчэ раз падкрэсліць, што Катынь — гэта наша агульная справа і наш пастаянны абавязак — перадаць памяць пра іх  будучым пакаленням.

Інстытут Пілецкага ад самага пачатку свайго існавання мае задачу ўшаноўваць памяць ахвяр таталітарных сістэм, таму наш удзел у акцыі «Прышпілі катыньскі гузік», якая з’яўляецца часткай асветніцкай кампаніі «Памятаю. Катынь 1940», — натуральны крок у выкананні гэтай місіі, тлумачыць выканаўца абавязкаў дырэктара Інстытута Пілецкага Караль Мадай:

— Заклікаючы людзей прышпільваць гэтыя гузікі, насіць іх, мы просім памятаць пра канкрэтных людзей, гэта галоўная ідэя акцыі. Кожны такі гузік будзе мець сваю картку, на якой апісана адна з ахвяр Катыні. І вельмі важна, каб мы гаварылі не толькі пра 22 тысячы афіцэраў.

Вядома, ведаць гэтыя лічбы неабходна, але не менш важна ў гэты дзень — магчыма, асабліва ў гэты дзень — успомніць канкрэтнага чалавека: таго, хто меў сваю сям’ю, свае захапленні, інтарэсы і мэты, свае заслугі перад Рэччу Паспалітай. Варта хаця б пра аднаго чалавека ўспомніць асаблівым чынам. Гэтаму служыць і гэтая акцыя, гэтаму служаць і катыньскія дубы, якія высаджваюцца, і розныя адукацыйныя праекты, у тым ліку тыя, што рэалізуе Інстытут Пілецкага.

Магчыма, гэта асабліва важна сёння, калі таталітарызм, што калісьці нарадзіўся ў Расіі, зноў падымае галаву, а пагроза з Усходу застаецца для нас рэальнай. Пра гэта сведчаць падзеі ў Бучы і іншыя злачынствы ва Украіне. Эліты па-ранейшаму становяцца ахвярамі масавых забойстваў. Таму мы, як Інстытут Пілецкага і як Цэнтр Лемкіна, будзем даследаваць і сучасныя злачынствы і распавядаць пра іх.

Кампанія «Памятаю. Катынь 1940» — гэта праява клопату дзяржавы пра гістарычную памяць і праўду. Ва ўмовах сучасных спробаў Расіі паставіць яе пад сумнеў — такія захады становяцца важным элементам фармавання свядомай грамадзянскай супольнасці — як у Польшчы, так і за яе межамі.

Слухайце аўдыё!

эж

83 гады таму саветы пачалі ажыццяўляць план знішчэння польскай нацыі

03.04.2023 12:01
3-га красавіка 1940 года НКУС пачаў дэпартацыю польскіх ваеннапалонных у Катынь.

Выйшла энцыклапедыя пра палякаў у СССР, у тым ліку ў Беларусі

30.04.2025 16:37
Адам Хлябовіч расказвае пра біяграфічны слоўнік Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRS 1945–1991.

З-за імшы ў Медным, расійскія сілавікі затрымлівалі польскіх байкераў 

01.09.2025 15:22
Прэс-сакратар МЗС Польшчы асудзіў дзеянні Масквы.