Беларуская Служба

Буслы зрабілі 1300 фотаздымкаў (ФОТА)

10.04.2026 07:12
Чакаецца, што гэта будзе адно з самых перадавых даследаванняў міграцыі птушак у Еўропе.
Здымак "зроблены" бусломкрыніца: Uniwersytet Przyrodniczy w Poznaniu

Аснасціўшы буслоў заплечнікамі з мініяцюрнымі камерамі, польскія навукоўцы атрымалі непасрэдныя запісы іх падарожжаў па ўсім свеце. Паводле звестак Познаньскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук (UEP), чакаецца, што гэта будзе адно з самых перадавых даследаванняў міграцыі птушак у Еўропе.

Польскія навукоўцы правялі ўнікальную даследчыцкую працу над бусламі.
Арнітолагі замацавалі на птушках спецыяльныя мініяцюрныя камеры, якія запісваюць як выяву, так і гук. Дзякуючы гэтаму навукоўцы атрымалі ўнікальныя веды пра міграцыю птушак.

Польскія арнітолагі абсталявалі буслоў камерамі, якія запісваюць выяву і гук з пункту гледжання птушынага палёту. Белыя буслы забяспечылі 4 мільёны дадзеных і 1300 фотаздымкаў, якія паказваюць міграцыю з зусім новай перспектывы: з Румыніі і Турцыі праз Ізраіль у Судан і Танзанію.

Фота і відэазапісы дазваляюць арнітолагам вызначаць канкрэтныя пагрозы: ад сутыкненняў з энергетычнай інфраструктурай да змяненняў у землекарыстанні. На відэа таксама відаць усё больш шырокае выкарыстанне бусламі смеццезвалак у якасці крыніцы ежы, што сведчыць аб значным зруху ў іх стратэгіі кармлення, гаворыць прафесар Лукаш Янковяк з Інстытута біялогіі Шчэцінскага ўніверсітэта.

— Гэтыя птушкі нават не імкнуцца да далёкай Афрыкі — замест гэтага яны знаходзяць смеццезвалкі, у Турцыі ці Ізраілі на Блізкім Усходзе. Нібыта абіраюць танную сталоўку: ежа там, магчыма, і сытная, але з рызыкай — хваробы, небяспека. І ўсё ж для іх гэта апраўданы выбар: менш намаганняў, больш хуткая выгада.

Камеры — гэта наступны крок пасля GPS-перадатчыкаў, якія гадамі выкарыстоўваліся для адсочвання міграцыйных шляхоў. Цяпер навукоўцы ведаюць не толькі куды ляцяць буслы, але і з чым яны сутыкаюцца па дарозе, дадае арнітолаг Яахім Сякера.

— Камера цяпер дае нам выявы, і мы можам бачыць, ці гэта, напрыклад, вельмі зялёная зона, лужына вады, возера, сажалка ці, напрыклад, смеццезвалка, дзе буслы любяць харчавацца. Гэта дэталі, якіх у нас раней не было. Мы маглі вызначыць смеццезвалкі, бо яны пазначаны на картах, але астатняе — не.


крыніца: UP w Poznaniu крыніца: UP w Poznaniu

Навукоўцы звяртаюць увагу на трывожныя дадзеныя з паўднёвай Еўропы, дзе ўсё больш высокія тэмпературы і змены навакольнага асяроддзя зніжаюць узровень выжывальнасці белых буслоў. Змены маюць сістэмны характар і адлюстроўваюць маштаб змяненняў, выкліканых чалавекам, якія непасрэдна ўплываюць на міграцыйныя схемы і шанцы птушак на выжыванне.

Прафесар Пётр Трыяноўскі з Познаньскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук адзначае, што перадатчыкі яны ўсталёўваюць маладым буслам, што дазваляе сачыць за іх лёсам практычна з пачатку іх жыцця.

— У нас засталіся толькі дзве птушкі з перадатчыкамі, якія ўсё яшчэ жывыя. Адна перадае з Ізраілю. Гэта даволі цікавае месца зімоўкі, бо гэта справа апошніх двух дзесяцігоддзяў, калі буслы пачалі там зімаваць. А адзін, як і павінна быць, перадае з Афрыкі, па якой ён перамяшчаецца.

Арнітолаг дадае, што да 60% маладых буслоў не выжываюць падчас свайго першага падарожжа ў вырай. У многіх выпадках прычынай гібелі птушак з'яўляюцца аголеныя лініі электраперадач.

— Я ведаю, што гэта гучыць жорстка, але гэта натуральна. Я хутчэй успрымаю гэта як кошт даследаванняў, праўда, вельмі высокі. Таму што мы вырашылі выкарыстоўваць гэтую ўнікальную сістэму, дзе пазначаем маладых птушанят, а не асобных дарослых асобін.


крыніца: UP w Poznaniu крыніца: UP w Poznaniu

Паводле слоў арнітолагаў, каб абарона белых буслоў была эфектыўнай, яна павінна ахопліваць увесь іх міграцыйны шлях. Выснова даследавання відавочная: мігруючыя віды нельга эфектыўна абараняць, калі ахова фрагментаваная. Абароны аднаго месца, нават такога важнага, як месца размнажэння, недастаткова. Эфектыўная ахова белага бусла павінна ахопліваць увесь яго міграцыйны шлях: з Еўропы, праз месцы прыпынку міграцыі, да зімовых месцаў у Афрыцы.

Такім чынам, белы бусел становіцца сімвалам праблем, з якімі сутыкаецца сучасная ахова прыроды, якая патрабуе міжнароднага супрацоўніцтва, спалучэння навуковых дадзеных з сучаснымі тэхналогіямі і ўдзелу розных сектараў эканомікі, гаворыць прафесар Пётр Трыяноўскі.

Дадзеныя GPS таксама паказалі, што буслы, якія ўжо дасягнулі Судана і Чада, паступова пачынаюць міграваць у межах Афрыканскага кантынента. Напрыклад, яны ляцяць у Паўднёвы Судан, Эфіопію і іншыя месцы. Прычына, па якой яны гэта робяць, стала поўнай нечаканасцю.

Да гэтага часу вучоныя думалі, што птушкі ляцяць за зграямі саранчы. Аказалася, што гэта не так. Прычына, па якой яны перамяшчаюцца ў Афрыцы, — гэта вада. На фотаздымках паказана, як птушкі выкарыстоўваюць нават самыя маленькія вадаёмы і як наяўнасць вады вызначае, што робяць птушкі ў Афрыцы.

Камера, якую прымацоўваюць да буслоў. крыніца: UP w Poznaniu Камера, якую прымацоўваюць да буслоў. крыніца: UP w Poznaniu

Аснасціўшы буслоў заплечнікамі з мініяцюрнымі камерамі, навукоўцы атрымалі непасрэдныя запісы іх падарожжаў па ўсім свеце. Паводле звестак Познаньскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук (UEP), чакаецца, што гэта будзе адно з самых перадавых даследаванняў міграцыі птушак у Еўропе.

Абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для назірання за бусламі, вельмі дарагое — адзін перадатчык можа каштаваць да 100 тысяч злотых, іх набыццё патрабуе спонсарскай падтрымкі.

ав

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце