Беларуская Служба

Максім Знак: У турме шмат магчымасцяў, каб стаць гароднінай або драпежнікам, але няшмат, каб застацца чалавекам

02.06.2026 07:00
Былы палітвязень, адвакат і пісьменнік пасля вызвалення будуе новае жыццё ў Польшчы, працуе над новым раманам і паступова вяртаецца да публічнай дзейнасці.
Аўдыё
  • Максім Знак пасля вызвалення будуе новае жыццё ў Польшчы.
 .
Максім Знак. Фота Паўла Залескага

Максім Знак — беларускі адвакат, навуковец і грамадскі дзеяч, якога лічаць адным з найбольш аўтарытэтных спецыялістаў у сферы грамадзянскага і камерцыйнага права.

У траўні 2020 года Знак далучыўся да выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, узначаліўшы яго юрыдычны кірунак. Пасля прэзідэнцкіх выбараў і пачатку маштабных палітычных рэпрэсій стаў членам прэзідыума Каардынацыйнай рады — органа, створанага для пошуку шляхоў мірнага выхаду з палітычнага крызісу.

9 верасня 2020 года Знака затрымалі. Спачатку яму прад’явілі абвінавачанне ў закліках да дзеянняў, накіраваных супраць нацыянальнай бяспекі, а пазней дадалі абвінавачанні ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам і стварэнні экстрэмісцкага фармавання. У выніку закрытага судовага працэсу яго асудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падчас зняволення на працягу доўгага часу яго ўтрымлівалі ў рэжыме інкамунікада. Нягледзячы на ізаляцыю, ён стварыў больш за сто вершаў, а таксама напісаў за кратамі дакументальны раман «Зэкамерон», які стаў сведчаннем досведу палітычнага зняволення ў сучаснай Беларусі.

Сёння мы сустракаемся з Максімам Знакам у Варшаве, каб пагаварыць пра перажытае, пра свабоду, права і пра тое, як захаваць сябе нават у самых цяжкіх абставінах.

— Максім, у якім статусе вы зараз знаходзіцеся за мяжой і дзе жывяце — у Польшчы ці ў Літве?

— Я знаходжуся ў Польшчы. Больш за тое, на мінулым тыдні атрымаў рашэнне, што польскі ўрад прызнаў мяне ўцекачом. Зараз я падаў заяву на атрыманне карты побыту, буду здаваць адбіткі пальцаў і спадзяюся, што атрымаю дакументы. Тады змагу падарожнічаць без абмежаванняў.

— Колькі часу вы ўжо прабылі ў такім стане, чакаючы дакументаў?

— Насамрэч, вельмі няшмат, бо я ведаю, што людзі чакаюць гадамі. Вельмі вялікі наплыў уцекачоў і з Беларусі, і з Украіны, якія чакаюць дакументаў. Таму мне пашанцавала, але са студзеня і да чэрвеня давялося чакаць. За гэты час было шмат розных запрашэнняў, дзе можна было б нешта распавесці, але даводзілася адмаўляцца. Праўда, дзве паездкі ў Нямеччыну нейкім цудам удалося ўзгадніць. Яны датычылі майго рамана «Зэкамерон». А цяпер, калі атрымаю дакументы, можна будзе ўдзельнічаць ва ўсім гэтым больш актыўна.

— Канешне, чакаць заўсёды складана, але быў час, каб вызначыцца, чым займацца ў эміграцыі...

— У прынцыпе, мы да чакання звыклыя. Чакаць — гэта быў асноўны занятак яшчэ нядаўна. Зараз трэба ўжо дзейнічаць, і ў мяне вельмі шмат напрамкаў для працы. Найперш хачу аднавіць хаця б самыя значныя рукапісы, якія былі ў мяне канфіскаваныя. Акрамя таго, цяпер пішацца новы раман. Цяжка назваць яго працягам «Зэкамерона», але ён будзе называцца «Каланісты». Гэта гісторыя пра тых, хто знаходзіцца ў калоніях, а не ў СІЗА. Там ужо больш жорсткія ўмовы ў плане адносін паміж людзьмі. Там больш подласці, больш актыўнага супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Усё гэта я хачу загарнуць у падобны літаратурны фармат, як у «Зэкамероне». Гэтыя гісторыі будуць дапісаныя прыкладна да верасня, і ўжо ёсць дамоўленасць з нямецкім выдаўцом наконт выдання кнігі.

— Наколькі я разумею, вы вырашылі звязаць сваю будучыню з пісьменніцкай дзейнасцю?

— Мне здаецца, што ў мяне ўжо няма магчымасці не звязаць сваю будучыню з пісьменніцкай дзейнасцю. Але трэба разумець, што з матэрыяльнага пункту гледжання быць беларускім пісьменнікам вельмі складана. Мы ўсе ведаем чаму. Таму, хутчэй за ўсё, нейкі час я буду аднаўляць рукапісы, а потым займуся камерцыйнай працай. Магчыма, гэта будзе нешта ў сферы менеджменту. Магчыма, будуць і нейкія юрыдычныя праекты, але ў асноўным у галіне тэорыі права — даследаванні, выкладанне пэўных дысцыплін. А зарабляць грошы, відаць, давядзецца нечым больш прыземленым, не звязаным непасрэдна з юрыдычным кірункам.

— Максім, вы ўжо пэўны час на свабодзе. Ці не сняцца вам турма і тыя жахі?

— На шчасце, у мяне вельмі добры сон, і я амаль ніколі не памятаю, што мне снілася. А калі памятаю, то сны светлыя. Таму ў гэтым сэнсе ўсё добра. Ведаеце, усе, хто прайшоў праз турму, прынамсі з крымінальнікаў, кажуць, што на наступны дзень усё забываецца. У мяне гэтая памяць яшчэ захоўваецца, і яна абвостраная тым, што ўсё гэта трапіла ў кнігі. Таму зараз я выціскаю з сябе гэтую памяць у літаркі, літаркі складаюцца ў старонкі, старонкі — у апавяданне, а там пабачым, што атрымаецца. Акрамя «Зэкамерона», у мяне былі напісаныя яшчэ тры кнігі на турэмную тэматыку, і, напэўна, дзве з іх я хацеў бы аднавіць.

— Вы ўжо праводзілі сустрэчы з чытачамі. Як прымаюць вашыя кнігі? Што найбольш цікавіць чытачоў?

— На маё шчасце, кнігу «Зэкамерон» чытачы прымаюць добра. Яны разумеюць, што яна светлая, што, нягледзячы на той суцэльны змрок, якога чакаюць, знаходзяць там месца для ўсмешкі, для жартаў. Таксама многія чытачы бачаць, што гэта не галоўнае, што ў кнізе ёсць нешта больш глыбокае. У гэтых гісторыях прысутнічаюць пэўныя псіхалагічныя канфлікты, ёсць схаваныя думкі. І чытачы іх знаходзяць, гавораць пра гэта. Мне прыемна, што маю кнігу чытаюць глыбока. Бо гэта не зборнік анекдотаў і не стэндап. Гэта гісторыя пра тое, што адбываецца найперш у галовах людзей, якія знаходзяцца ў турме.

— А гэты турэмны досвед — што галоўнае вы вынеслі з яго?

— Тут, дарэчы, як і ў жыцці. У жыцці ў нас таксама розны досвед, і кожны дзень перад чалавекам стаіць выбар: як яго пражыць — актыўна, плысці па плыні або наогул проста існаваць, а не жыць. У турме тое самае, толькі ў дзесяць разоў мацней. Там вельмі шмат магчымасцяў ператварыцца ў гародніну замест чалавека, вельмі шмат магчымасцяў стаць драпежнікам і не так шмат магчымасцяў заўсёды заставацца чалавекам у любых абставінах і рабіць сваё жыццё лепшым нават у турме. Але чым менш для гэтага магчымасцяў, тым больш цікава гэтым займацца. У жыцці таксама так. Таму мой галоўны досвед, які я адтуль вынес, заключаецца ў тым, што ў любых абставінах мы можам нешта рабіць так, каб потым нам не было сорамна і каб было што ўзгадаць з годнасцю.

— Максім, а палітычная дзейнасць цяпер вас не цікавіць?

— Мне здаецца, мы ўсе зараз жывём у палітыцы, бо менавіта з-за яе апынуліся тут, у эміграцыі. Ад гэтага нікуды не падзецца. Таму, калі я нешта кажу, гэта ўжо ўдзел у палітыцы. Што датычыцца больш фармалізаванага ўдзелу, то я пакуль гэты бок жыцця не вельмі даследаваў. Але калі буду бачыць, што магу зрабіць нешта сапраўды патрэбнае і разумець, чаго можна дасягнуць з дапамогай палітычнай дзейнасці, тады і паглядзім. Пакуль жа займаюся іншымі праектамі.

— Вы правялі даволі працяглы час за кратамі і цяпер на свабодзе. На вашу думку, што самае цікавае на свабодзе?

— Самае цікавае — гэта людзі. Яны і там былі самым цікавым. А ўсё астатняе — гэта проста адносіны паміж людзьмі. Мяне не здзівіў штучны інтэлект, але я актыўна яго выкарыстоўваю як пэўную прыладу.

— А вам складана было адаптавацца да новага жыцця?

— Да добрага хутка прызвычайваешся. Мне было нескладана. Перш за ўсё таму, што мая сястра жыве ў Варшаве, яна мяне прыняла, і я адразу апынуўся ў сямейным асяроддзі.

Павел ЗАЛЕСКІ