Беларуская Служба

Рубрыка «Варшаўскі мост». Нямецкае злачынства і польскае пакаранне падчас і пасля Другой сусветнай вайны

11.06.2026 17:01
Патрыцыя Рэсэль расказвае, як удалося вылічыць агентаў гестапа, якія дзейнічалі ў Лодзі падчас нямецкай акупацыі.
Аўдыё
  • П.Рэсэль пра Лодзь у 1939-1945 гг.
         .
Фрагмент нямецкага дакумента з акупіраванай Лодзі перыяду Другой сусветнай вайны.https://x.com/ipngovpl/status/2039625083837120832/photo/1

Падчас нямецкай акупацыі ў 1939-1945 гадах у Польшчы і ў 1941-1944 гадах у Беларусі захопнікі і іх мясцовыя памагатыя — калабаранты — адзначыліся вялікай колькасцю злачынстваў. За многія з іх яны ніколі не панеслі адказнасці. Але былі і выключэнні.

У Выдавецтве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы выйшаў зборнік артыкулаў Nie tylko Norymberga. Zbrodnie niemieckie na ziemiach polskich 1939-1945 i ich powojenne rozliczenia («Не толькі Нюрнберг. Нямецкія злачынствы на польскіх землях у 1939–1945 гадах і пасляваенная прававая адказнасць за іх») пад рэдакцыяй Патрыцыі Рэсэль (Patrycja Resel) і Томаша Таборэка (Tomasz Toborek). Гэта выданне стала нагодай для размовы з Патрыцыяй Рэсэль, якая працуе старшым інспектарам Бюро гістарычных даследаванняў аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы ў Лодзі.

На працягу некалькіх апошніх гадоў Патрыцыя Рэсэль вывучае агентурную сетку лодзінскага гестапа — тайнай паліцыі нацысцкай Германіі. Пасля вайны агентаў спрабавалі выявіць, але вельмі часта імёны і прозвішчы злачынцаў хаваліся за нумарамі, псеўданімамі і крыптанімамі.

— За гэтымі псеўданімамі хаваліся сапраўды вельмі драматычныя гісторыі людзей, якіх спрабавалі выкарыстаць і якіх гестапа імкнулася задзейнічаць для назірання і пранікнення ў польскае грамадства — у падпольныя структуры, да рабочых, а нярэдка і ў больш вузкія, сяброўскія колы ў акупіраванай Лодзі.

Лодзь была далучана да Германіі ў складзе так званага Краю Варты. Тут дзейнічаў магутны паліцэйскі апарат. Немцы германізавалі Лодзь: высялялі палякаў і засялялі на іх месца немцаў. Нацысты нават не дапускалі такога развіцця падзей, што яны прайграюць вайну.

Патрыцыя Рэсэль ў нямецкіх дакументах выявіла больш за 600 агентаў гестапа ў Лодзі.

— Каля паловы супрацоўнікаў гестапа ў Лодзі складалі асобы нямецкай нацыянальнасці — як з Германіі, так і тутэйшыя (фольксдойчэ), а таксама перасяленцы нямецкага паходжання з Валыні. Другую катэгорыю складалі асобы польскай нацыянальнасці. Сярод супрацоўнікаў былі таксама прадстаўнікі ўкраінскай, рускай, чэшскай і нават кітайскай нацыянальнасцей, а таксама асобы яўрэйскага паходжання, хоць апошнія ўтваралі вельмі нязначную групу. У сувязі з такой нацыянальнай разнастайнасцю адрозніваліся і матывы, якія падштурхоўвалі асобных людзей або цэлыя групы да супрацоўніцтва з гестапа. Немцы звычайна ішлі на супрацоўніцтва з гестапа дзеля матэрыяльнай выгады або ў сувязі са сваім службовым становішчам. Напрыклад, многія з іх займалі кіруючыя пасады на прадпрыемствах Лодзі. Адзначана таксама супрацоўніцтва па ідэалагічных перакананнях. Сярод палякаў галоўным матывам, які пераважаў пры прыняцці рашэння падпісаць дэкларацыю аб супрацоўніцтве, быў страх смерці, зняволення ў канцэнтрацыйным лагеры, а таксама страх перад рэпрэсіямі ў дачыненні да найбліжэйшых сваякоў. Большасць агентаў лодзінскага гестапа польскай нацыянальнасці была завербавана ў турмах, следчых ізалятарах і лагерах, якія знаходзіліся на тэрыторыі горада. У выпадку агентаў украінскай нацыянальнасці гэта звычайна былі людзі, завербаваныя яшчэ на тэрыторыі Украіны. У Лодзі яны вялі агентурную дзейнасць, як правіла, без асаблівага поспеху. Гэтыя ўкраінцы апынуліся па-за сваім звыклым асяроддзем, удалечыні ад роднага дому, дзе яны ведалі сваіх суседзяў і знаёмых, якія маглі быць палітычна актыўнымі. У Лодзі яны фармальна заставаліся зарэгістраванымі як агенты, але іх рэальная эфектыўнасць была вельмі нізкай. Калі ж гаварыць пра агентаў яўрэйскай нацыянальнасці, то тут можна згадаць так званага галоўнага агента Зыгмунта Месінга (Hauptagent Zygmunt Messing). Яго называлі мільянерам і чалавекам выключна вялікага дастатку. Дзякуючы сваёй высокай эфектыўнасці не толькі ў асабістай агентурнай дзейнасці, але і ў вярбоўцы новых інфарматараў для лодзінскага гестапа, ён карыстаўся своеасаблівай абаронай з боку нямецкай палітычнай паліцыі. Месінг перажыў увесь перыяд акупацыі і, нягледзячы на інтэнсіўныя пошукі з боку пасляваенных органаў дзяржбяспекі камуністычнай Польшчы, ніколі не быў затрыманы і не панёс ніякай адказнасці за сваю дзейнасць у гады вайны.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост». Вітальд Пілецкі: герой з-пад Ліды ў Аўшвіцы і Варшаве

04.06.2026 16:01
Інстытут салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага дбае пра гістарычную памяць.