Беларуская Служба

Рубрыка «Варшаўскі мост». Кацярына Андрэева: Жыць паводле прынцыпу «мая хата з краю» — небяспечна

02.07.2026 16:01
Пра жыццё за кратамі і свабоду, пра тое, што такое радзіма, разважае наша калега, якая нядаўна выйшла з калоніі рэжыму Лукашэнкі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Інтэрв'ю з К.Андрэевай.
 .
Кацярына Андрэева.Viktar Korbut / Polskie Radio

Госця Беларускай службы Польскага радыё — наша калега з тэлеканала «Белсат», журналіст Кацярына Андрэева, якая яшчэ нядаўна была палітычнай зняволенай рэжыму Лукашэнкі. Цяпер яна разам з намі тут, у Варшаве, на свабодзе.

Кацярына, я гляджу на вас, і мне нават цяжка паверыць, што вы прайшлі праз турму. Як вам удалося вярнуцца да жыцця?

Дзякуй вялікі за запрашэнне на гэтую размову, Віктар! Так, сапраўды, у турме я правяла вельмі шмат часу — пяць з паловай гадоў. І яшчэ вельмі мала часу знаходжуся на волі. Усяго тры месяцы таму я вызвалілася. Адаптацыя адбываецца пастаянна, кожны дзень. Ідзе яна вельмі павольна, паступова. Цяжка прызвычайвацца не столькі нават да новай рэчаіснасці, якая, безумоўна, за гэтыя гады змянілася, колькі проста да жыцця на волі, да ўсіх гэтых штодзённых звычайных рэчаў, да руціны, якая была недасяжная ў турме. Трэба нанова аднаўляць навыкі жыцця свабоднага чалавека. Вось гэта і займае шмат часу і патрабуе вялікіх маральных, псіхалагічных намаганняў, каб вярнуць сабе разуменне і светаўспрыманне вольнага чалавека.

Але вы ўсё роўна, як я разумею, думкамі знаходзіцеся ў Беларусі. Вы сочыце за падзеямі там, працягваеце сваю журналісцкую працу?

Так, на шчасце, я маю магчымасць вярнуцца ў прафесію. Спадзяюся, ужо ў найбліжэйшы час вярнуся ў рэдакцыю свайго тэлеканала «Белсат». Але думкамі я, безумоўна, знаходжуся ў Беларусі, бо гэта мая радзіма. Я вельмі ўдзячна Польшчы, польскім уладам, якія надалі мне міжнародную абарону, а таксама статус бежанца. Але пры гэтым сваёй радзімай я, вядома, лічу Беларусь. І я лічу, што мушу зрабіць усё магчымае, колькі б часу ні спатрэбілася, каб разам з усёй беларускай супольнасцю ў выгнанні працаваць дзеля таго, каб Беларусь стала вольнай. І каб пасля вяртання ў свабодную Беларусь мы мелі ўсё неабходнае для аднаўлення жыцця: культурнага жыцця, незалежных свабодных СМІ — усяго таго, што мы бачым тут, у вольнай, дэмакратычнай краіне. Думкамі я не толькі з Беларуссю і са сваімі бацькамі, але перш за ўсё са сваім мужам, журналістам Ігарам Ільяшом, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні. Ён быў асуджаны на чатыры гады нібыта за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Хоць відавочна, што гэта было зроблена толькі таму, што ён заставаўся верны сабе, свайму прафесіянальнаму і чалавечаму абавязку. Ён не пакінуў Беларусь, не з'ехаў нават тады, калі з'ехалі многія іншыя і калі ўжо было відавочна, што гэта небяспечна. Таму я бязмежна паважаю яго выбар. Але таксама хачу звярнуцца да ўсіх, хто мае дачыненне да перагаворнага працэсу, да ўсіх, хто цяпер нас чуе: да палітыкаў, еўрапейскіх партнёраў, членаў амерыканскай дэлегацыі, якая вядзе пераогаворы з афіцыйным Мінскам. Зрабіце ўсё магчымае для вызвалення не толькі майго мужа, але і ўсіх беларускіх палітвязняў, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. У тым ліку больш як дваццаць супрацоўнікаў СМІ ўсё яшчэ застаюцца ў зняволенні. Я вельмі прашу зрабіць усё магчымае дзеля іх як мага хутчэйшага вызвалення. Бо кожны дзень у зняволенні — гэта пакуты. Фізічныя, псіхалагічныя. Гэта пакуты і для нашых сямей. І гэта проста страчаны час, страчаныя магчымасці для такой вялікай колькасці цудоўных, таленавітых, яркіх беларусаў, якія маглі б ствараць не толькі сённяшні дзень, але і будучыню нашай краіны.

Калі вы сядзелі ў калоніі, людзі, якія, у тым ліку, здзекаваліся з вас, рабілі гэта свядома? Яны сапраўды былі перакананымі прыхільнікамі рэжыму Лукашэнкі? Ці гэта былі скарэй праявы бесчалавечнасці, звычайнай жорсткасці чалавечай натуры?

Псіхалагічны ціск з боку адміністрацыі калоніі я адчувала ўвесь час. На самым пачатку, у 2021 годзе, ён быў вельмі моцны, фактычна невыносны. Было сапраўды вельмі цяжка гэта вытрымаць. Потым, па меры таго як павялічвалася колькасць палітычных зняволеных, гэты ціск то змяншаўся, то зноў узмацняўся. Усё залежала ад бягучага моманту, магчыма, ад палітычнай сітуацыі, ад нейкіх знешніх указанняў, якія калонія атрымлівала ад сілавых структур. Але калі абагульніць, то так — псіхалагічны ціск я адчувала пастаянна. Што да фізічнага гвалту, то было некалькі выпадкаў, калі супраць мяне выкарыстоўвалі сілу іншыя асуджаныя. Вядома, гэта былі не палітвязні, а прадстаўнікі крымінальнага асяроддзя, якія выконвалі загады адміністрацыі дзеля ўласнай выгады, каб атрымаць нейкія бонусы. Гэта была вельмі распаўсюджаная з'ява ў жаночай калоніі. Я думаю, што многія з іх нават не да канца разумелі, што яны робяць. Яны проста слепа выконвалі загады. Такія людзі, на жаль, знаходзяцца заўсёды. Ці гатова я дараваць гэтым людзям? Не думаю, калі шчыра. Не думаю, што яны варты майго даравання.

Пра дараванне я ўвогуле не ставіў бы пытання. Бо ёсць вядомая прымаўка са Старога Запавету: «Вока за вока, зуб за зуб». Але ёсць і іншая — з Новага Запавету: «Падстаў другую шчаку». Гэта вельмі важная тэма, таму што, разумеючы сітуацыю, мы можам паспрабаваць знайсці нейкія адказы. На ваш погляд і паводле вашага вопыту, на чым сёння трымаецца сітуацыя ў Беларусі? На ідэйных прыхільніках рэжыму ці на выканаўцах?

Я вельмі даўно не была ў Беларусі (на свабодзе. — Рэд.), таму не магу зрабіць нейкія кампетэнтныя вывады пра ўсё грамадства. Але калонія — гэта сапраўды добры зрэз грамадства, дзе ўсе заганы і ўсе добрыя рысы людзей праяўляюцца асабліва выразна. І тое, што я назірала там, дазваляе зрабіць пэўныя вывады. Калі гаварыць пра сістэму, то большасць людзей, якіх я бачыла, былі звычайнымі прыстасаванцамі. Умоўна іх можна падзяліць на тры групы. Першая — гэта людзі з садысцкімі схільнасцямі, якім проста прыносіць задавальненне здзекавацца з іншых. І калі дзяржава дае ім карт-бланш, дазваляе праследаваць пэўную групу людзей, яны робяць гэта з вялікім запалам. Другая група — гэта абыякавыя людзі, прыстасаванцы і кар'ерысты, якія гатовы без роздуму выконваць любыя загады, незалежна ад таго, хто сёння іх аддае. І трэцяя група — гэта людзі, якія жывуць паводле прынцыпу «мая хата з краю». Гэта таксама вельмі небяспечная пазіцыя. Такія людзі падобныя да чыстага аркуша: у іх можна ўкласці практычна любую інфармацыю, любую ідэалогію. Іх вельмі лёгка зрабіць носьбітамі любых поглядаў. Я лічу, што ўсе гэтыя тры групы ўяўляюць небяспеку для свабоднай краіны. Што з гэтым рабіць? Як выходзіць з гэтай сітуацыі? Гэта ўжо павінны будуць абмяркоўваць кампетэнтныя людзі тады, калі мы ўсе атрымаем магчымасць вярнуцца ў свабодную Беларусь.

Сярод эмігрантаў у Польшчы ёсць і тыя, хто пачынае разважаць пра тое, што быццам бы да падзей 2020 года ў Беларусі ўсё было добра...

— А шмат такіх людзей?

Такія людзі ёсць. Я чуў ад іх такія думкі... Некаторыя з іх уяўляюць цяпер, быццам ім добра жылося «да 2020 года». Але я задаю пытанне: той рэжым існаваў ужо дзесяцігоддзямі, ён сапраўды быў скіраваны супраць многіх свабод, хіба ж не? І калі сёння нехта кажа, што яму «ўсё падабалася», што «ўсё было добра», то ўзнікае пытанне: калі сапраўды ўсё было так «добра», чаму ж тады людзі выходзілі на плошчы, вуліцы і праспекты? Што б вы адказалі гэтым людзям? Мне здаецца, што гэта ўжо становіцца адным з наратываў дэзінфармацыі — маўляў, раней «усё было добра».

Не, добра не было ніколі. Давайце глядзець праўдзе ў вочы. У Беларусі ўжо больш за трыццаць гадоў няма свабодных выбараў. Правы чалавека таксама сістэматычна парушаюцца — яшчэ з другой паловы 1990-х гадоў. Пры Лукашэнку ніколі не існавала таго ўзроўню свабод і прававых норм, якія лічацца натуральнымі для еўрапейскіх дзяржаў. Мы ўсе, жывучы ў Беларусі, у той ці іншай ступені прыстасоўваліся да гэтых рэалій. Але ў 2020 годзе адбылося нешта прынцыпова новае. Гэта быў маштаб гвалту, яго інтэнсіўнасць, да якіх беларускае грамадства аказалася проста не падрыхтаваным. Такога ўзроўню жорсткасці людзі не ведалі з уласнага вопыту. І гэта цалкам нармальна, калі чалавек выбірае бяспеку, выбірае жыццё на волі, выбірае магчымасць жыць нармальным жыццём. Ніхто не абавязаны хацець трапіць у турму. Ніхто не павінен быць добраахвотным пакутнікам. Гэта, дарэчы, вельмі еўрапейскі падыход, і я лічу яго правільным. Таму я не асуджаю людзей, якія выбіраюць бяспеку для сябе і сваіх сямей. Але адначасова трэба памятаць: добра не было ніколі. Калі людзі выходзілі на вуліцы, яны выходзілі за сваю свабоду. І гэтага нельга адмаўляць. Іншая справа, што яны не былі гатовы да такой маштабнай хвалі гвалту. І гэта таксама цалкам натуральна. Таму праўда ў гэтай гісторыі мае некалькі вымярэнняў. Але заўсёды існавала і будзе існаваць тая частка грамадства, якая была гатова прыняць гэтыя пакуты дзеля сваіх перакананняў. Сярод такіх людзей — і мае калегі — журналісты, якія толькі за сумленнае выкананне сваёй прафесіі атрымалі шматгадовыя турэмныя тэрміны.

Дзякуй вам вялікі, што сёння прыйшлі ў студыю Беларускай службы Польскага радыё! Мы жадаем вам здароўя і вызвалення вашага мужа Ігара Ільяша!

— Дзякуй вялікі за гэту размову, Віктар! Мне было вельмі цікава. Спадзяюся, што і нашым слухачам гэта размова была карысная і цікавая.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост». Як журналісты Польскага радыё падтрымлівалі «Салідарнасць»

07.05.2026 16:01
Гжэгаж Майхжак і Патрык Плескат з Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы апублікавалі сакрэтныя дакументы.