Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» прэзентаваў вынікі сацыялагічнага даследавання «Грамадская думка палякаў пра Беларусь і беларусаў», праведзенага ў партнёрстве з кампаніяй SW Research у траўні гэтага года.
На падставе адказаў рэспандэнтаў даследчыкі імкнуліся высветліць, як палякі ўспрымаюць Беларусь і беларусаў у кантэксце палітыкі, бяспекі і міграцыі, як ацэньваюць іх уплыў на эканоміку, а таксама што думаюць пра агульную культурную і гістарычную спадчыну. Даследаванне складалася з некалькіх тэматычных блокаў.
У раздзеле, прысвечаным эканамічным і сацыяльным пытанням, палякаў спыталі пра іх стаўленне да беларусаў, якія жывуць у Беларусі. Больш за палову ўдзельнікаў даследавання адказалі, што ставяцца да іх станоўча. Негатыўнае стаўленне выказалі 17,6 %, яшчэ больш за 30 % абралі варыянт «цяжка сказаць». На пытанне пра беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, 55,6 % рэспандэнтаў таксама адказалі, што ставяцца да іх станоўча. Не змаглі вызначыцца 27,8 %, а негатыўнае стаўленне выказалі 16,5 % апытаных.
Даследчык палітычнай геаграфіі, прафесар Польскай акадэміі навук Марыюш Кавальскі прызнаўся, што такія вынікі яго прыемна здзівілі:
— Я быў бы вельмі здзіўлены гэтымі вынікамі, калі б не пабываў два тыдні таму ў Вільні. Літоўцы тлумачылі мне, што адчуваюць пэўную трывогу ў сувязі з тым, што ў іх краіне становіцца ўсё больш людзей, якія прыехалі з Усходу, незалежна ад таго, ці гэта ўкраінцы, беларусы, расіяне або выхадцы з Цэнтральнай Азіі. Найперш таму, што расце колькасць рускамоўных жыхароў. Таму мяне прыемна здзіўляе, што палякі такога пачуцця пагрозы не маюць. Нягледзячы на крытычныя выказванні пра ўкраінцаў ці іншых замежнікаў, большасць палякаў па-ранейшаму ўспрымае мігрантаў пазітыўна. А гэтае даследаванне паказвае, што асабліва добразычліва яны ставяцца менавіта да беларусаў. Для мяне гэта сапраўды прыемная нечаканасць.
У сваю чаргу даследчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сяргей Любімаў звярнуў увагу, што агульнаеўрапейскія антыміграцыйныя настроі пакуль не аказалі істотнага ўплыву на стаўленне палякаў да беларусаў.
— Мяне ўразіла, што польскае грамадства ставіцца да беларусаў значна больш добразычліва, чым, напрыклад, літоўскае. Асабліва калі ўлічыць кантэкст вайны і агульнаеўрапейскую антыміграцыйную хвалю. Негатыўнае стаўленне да беларусаў — як тых, што жывуць у Беларусі, так і тых, што знаходзяцца ў Польшчы, — не дасягае нават 20 %. Гэта прыемна здзіўляе. Вядома таксама, што стаўленне палякаў да ўкраінскіх мігрантаў цяпер менш пазітыўнае, хоць даследаванні праводзіліся паводле розных методык. Гэта тэма патрабуе асобнага асэнсавання.
Разам з тым даследаванне выявіла адну прыкметную асаблівасць: маладыя палякі радзей падтрымліваюць супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі структурамі ў эміграцыі, чым прадстаўнікі старэйшага пакалення. Ці можна сказаць, што дух салідарнасці, які быў вельмі важным для старэйшага пакалення палякаў, ужо не настолькі моцны сярод моладзі? Ці правільна я інтэрпрэтую вынікі даследавання? Адказвае Сяргей Любімаў:
— Так, такая тэндэнцыя сапраўды ёсць. Магчыма, людзі старэйшыя за 60 гадоў лепш разумеюць беларускую грамадзянскую супольнасць, бо маюць уласны досвед «Салідарнасці» і добра ўсведамляюць каштоўнасць грамадзянскага супраціву. Але ёсць і іншае тлумачэнне: старэйшыя людзі часцей цікавяцца палітыкай, маюць больш часу сачыць за падзеямі і лепш інфармаваныя. Маладое пакаленне жыве ў свеце сацыяльных сетак, кароткіх паведамленняў і хуткіх эмоцый. Таму ім складаней успрымаць палітычныя працэсы ў доўгатэрміновай гістарычнай перспектыве. Гэта датычыць не толькі Беларусі ці польскай «Салідарнасці», але і ўспрымання палітыкі ўвогуле.
Яшчэ адзін блок сацыялагічнага даследавання быў прысвечаны культуры і гісторыі. Сярод іншага, сацыёлагі запыталі палякаў, ці лічаць яны беларусаў самастойным народам. 35,4 % апытаных лічаць, што беларусы з'яўляюцца адгалінаваннем рускага народа, яшчэ 5,9 % — што ўкраінскага. Толькі 39,2 % рэспандэнтаў адказалі, што беларусы — самастойны народ. Яшчэ каля 20 % не змаглі вызначыцца з адказам.
Чаму значная частка палякаў не ўспрымае беларусаў як асобны народ, паспрабаваў патлумачыць прафесар Марыюш Кавальскі:
— Мяне гэтыя вынікі таксама прымусілі задумацца. Перш за ўсё, яны сведчаць пра тое, што палякі вельмі мала ведаюць пра беларусаў. Нягледзячы на тое, што мы суседзі і што ў Польшчы сёння жыве шмат беларусаў, веды пра беларускую культуру, нацыянальную ідэнтычнасць і паўсядзённае жыццё застаюцца вельмі абмежаванымі. Мне здаецца, што палякі глядзяць на беларусаў праз прызму вялікай палітыкі. А вялікая палітыка паказвае Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі як васала Расіі. Менавіта гэта, на маю думку, моцна ўплывае на ўспрыманне беларусаў. Калі людзі не бачаць масавага супраціву супраць залежнасці ад Расіі, яны робяць выснову, што беларусы ў пэўнай ступені атаясамліваюць сябе з Расіяй. Адсюль і ўзнікае ўяўленне, што беларусы — гэта нібыта адгалінаванне рускага народа.
Удзельнікам даследавання таксама прапанавалі назваць вядомых культурных і гістарычных дзеячаў, якія ў розныя эпохі жылі на тэрыторыі Беларусі і лічацца важнымі постацямі беларускай нацыянальнай гісторыі. Сацыёлагі хацелі высветліць, наколькі гэтыя імёны вядомыя палякам.
Найбольш пазнавальнымі аказаліся паэт Янка Купала, пісьменніца і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, а таксама нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі. Іх пазналі адпаведна 10,3 %, 8,3 % і 8,2 % рэспандэнтаў. Разам з тым пераважная большасць апытаных — 63 % — прызналася, што не ведае ніводнай з названых асобаў, а яшчэ каля 9 % выбралі адказ «цяжка сказаць».
Слухайце аўдыё!
Эдуард Жолуд