Беларуская Служба

«Гліна вучыць цярплівасці»: майстрыца Галіна — пра творчасць, веру і працу з дзецьмі

06.07.2026 15:12
Працоўныя будні ў сферы інфармацыйных тэхналогій яна сумяшчае з любімай справай — керамікай. Майстрыца Галіна ўжо сем гадоў працуе з глінай, стварае посуд і ўпрыгожанні, а таксама праводзіць варштаты для дзяцей.
Аўдыё
  • «Гліна вучыць цярпенню»: майстрыца Галіна — пра творчасць, веру і працу з дзецьмі
 :       .
На здымку: Дзіцячыя працы з гліны Беларускай суботняй школкі.Фота Беларуская служба Польскага радыё/Павел Залескі

Пра тое, як з'явілася гэтае захапленне, чаму гліна вучыць чалавека цярпенню і што натхняе працягваць творчы шлях нават у эміграцыі, яна распавяла ў інтэрв'ю.

Са спадарыняй Галінай мы пазнаёміліся падчас варштатаў, якія яна праводзіла для дзяцей. Яны вучыліся працаваць з глінай, рабілі кубачкі, талерачкі і іншыя невялікія вырабы. Усё адбывалася ў апошні школьны дзень. Кожны пазначаў сваю працу, каб пасля, калі гліна высахне, лёгка знайсці яе сярод іншых. Спадарыня Галіна, я назіраў, як вы працуеце з дзецьмі. Відаць, што вы з вялікім захапленнем вучыце іх ляпіць. А самі даўно займаецеся гэтай справай?

— Глінай я займаюся ўжо сем гадоў, і гэта мне вельмі падабаецца.

— А як вы прыйшлі да гэтага захаплення?

— Мяне гэта цікавіла заўсёды, нават тады, калі я яшчэ сама не працавала з глінай. Мая асноўная праца звязаная з інфармацыйнымі тэхналогіямі, але гліна — гэта сапраўды цудоўны матэрыял, які прыцягвае чалавека. Мне здаецца, гэтая цікавасць ужо на ўсё жыццё.

Дарэчы, мой шлях пачаўся раней за гэтыя сем гадоў. Проста доўгі час я не адважвалася паказваць свае працы іншым. Пачынала са штучнай гліны і нават не марыла, што калісьці буду праводзіць варштаты. Спачатку пайшла вучыцца да сапраўдных майстроў. Там сабраліся выдатныя людзі і сапраўдныя прафесіяналы. Гэта быў цудоўны час, які вельмі мяне натхніў.

Пазней я нават паехала ва Украіну — у Акадэмію ганчарнага майстэрства ў невялікім мястэчку Апішня на Палтаўшчыне. Тры тыдні працавала там пад кіраўніцтвам незвычайнай майстрыцы. Яна была ўкраінкай паводле паходжання, але жыла ў ЗША і прыехала дзяліцца сваім досведам. Гэта таксама стала для мяне вялікай крыніцай натхнення.

А калі я вярнулася дадому, пачаўся лакдаўн. І гэта быў ідэальны час, каб цалкам аддацца працы з глінай.

— Ці быў нейкі момант, калі вы канчаткова вырашылі: усё, буду займацца глінай?

— Магчыма, на мяне паўплывала Біблія. Бог стварыў чалавека з гліны, а я чалавек, які давярае Святому Пісанню. Калі я сама пачала ляпіць, то зразумела: калі нешта не атрымліваецца, трэба яшчэ крыху пачакаць, прыкласці яшчэ крыху намаганняў — і вынік абавязкова будзе. Магчыма, не адразу такі, як ты чакаў, але ён абавязкова прыйдзе.

— Памятаеце сваю першую працу, якой сапраўды ганарыліся?

— Не, не памятаю. Нібыта ўжо і майстар, і павінна было б быць нейкае партфоліа, але ўсё, што ў мяне ёсць, — гэта фатаграфіі ў тэлефоне, якія я паспела зрабіць. Затое ёсць людзі, якія кажуць: «Твой кубачак стаіць у мяне дома. Кожную раніцу я п'ю з яго каву і ўспамінаю цябе». Вось гэта для мяне значыць значна больш за любое партфоліа.

— Што вы найчасцей робіце з гліны?

— Пакуль я не лічу сябе вялікім мастаком, таму да складаных дэкаратыўных рэчаў толькі прыглядаюся. Найперш люблю ствараць карысныя рэчы: кубачкі, талерачкі, падсвечнікі, упрыгожанні. Менавіта гэта мне найбольш падабаецца.

— У эміграцыі гэта хутчэй хобі ці ўжо магчымасць зарабляць?

— Пакуль што гэта яшчэ не крыніца заробку. Але самае галоўнае для мяне ў эміграцыі — магчымасць працаваць з дзецьмі, дзяліцца з імі сваімі ведамі і бачыць, як яны адкрываюць для сябе гэты цудоўны матэрыял.

— Ці знаёміліся вы з польскімі майстрамі-керамістамі?

— Так. У Польшчы вельмі моцныя традыцыі керамікі і высокі ўзровень майстэрства. Тут шмат майстэрняў і варштатаў, дзе ствараюць сапраўды цудоўныя рэчы. Ёсць творчае асяроддзе, якое натхняе. Яно мяне вельмі падтрымлівае, дазваляе вучыцца і браць прыклад з іншых майстроў.

Павел ЗАЛЕСКІ

На здымку: Дзіцячыя працы з гліны Беларускай суботняй школкі. Фота Паўла Залескага

«Трэба жыць сёння». Як беларуская эміграцыя становіцца новым домам, але не замяняе Радзіму

29.06.2026 16:35
Сёння гераіня жыве ў Польшчы, выхоўвае дзяцей, удзельнічае ў беларускім грамадскім жыцці і прызнаецца: вярнуцца дадому вельмі хочацца