Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Чым больш мы ведаем гісторыю, тым мацнейшая наша памяць»

21.07.2026 06:01
У Познані беларускія эмігранты стварылі дыскусійны гістарычны клуб «Шукальнікі гісторыі». Першую лекцыю прачытала настаўніца гісторыі Ларыса Секержыцкая. Яе тэмай сталі каралеўскія гісторыі кахання. З Ларысай Секержыцкай гутарыць Павел Залескі.
Аўдыё
  • У Познані беларускія эмігранты стварылі дыскусійны гістарычны клуб «Шукальнікі гісторыі». Першую лекцыю прачытала настаўніца гісторыі Ларыса Секержыцкая
 .
Ларыса Секержыцкая. Здымак: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё

Спадарыня Ларыса, як наогул узнікла ідэя стварэння гістарычнага клуба?

— Раней у нас ужо быў цыкл лекцый па гісторыі, і людзі, якія на іх прыходзілі, казалі, што было б добра паслухаць яшчэ нешта цікавае і працягнуць вывучэнне гісторыі Беларусі. Пры гэтым яны прапаноўвалі, каб больш увагі надавалася беларускім і польскім гістарычным падзеям, якія маюць агульныя карані. Мне гэтая ідэя спадабалася. Мы падрыхтавалі анкету і прапанавалі ўсім ахвотным яе запоўніць. Людзі пісалі, якія лекцыі ім цікавыя, ці хацелі б яны прыходзіць, прапаноўвалі свае тэмы.

Цікава, што першую лекцыю вы прысвяцілі каралеўскім гісторыям кахання…

— Гэтая тэма вельмі блізкая многім людзям. Шмат хто чуў пра каханне Барбары Радзівіл, Ядвігі і Ягайлы ды іншых гістарычных асобаў — гэта сапраўды цікавіць людзей. Мы таксама падумалі, што гэтая тэма можа прывабіць сваёй нібыта прастатой, але разам з тым мы далёка не ўсё ведаем пра каханне, асабліва калі гаворка ідзе пра каранаваных асобаў. Напрыклад, што мы ведаем пра Ягелонаў? Аказваецца, не так ужо і шмат. Таму і выбралі такую тэму, каб як мага больш людзей зацікавіліся нашымі сустрэчамі.

У вас ужо распрацаваны нейкі канкрэтны цыкл лекцый, ці тэмы будуць вызначаць слухачы?

— Ёсць прапановы па канкрэтных гістарычных перыядах, людзі ўжо выказалі свае пажаданні. Я таксама прапанавала тэмы, якія спалучаюць беларускую і польскую гісторыі. Слухачы, у сваю чаргу, выказваюць свае прапановы. Вось сёння, напрыклад, усім стала цікава, чаму Панятоўскі не быў жанаты.

Пра што канкрэтна будуць наступныя лекцыі?

— Адна з першых тэм будзе датычыць зараджэння дзяржаўнасці ў палякаў і беларусаў. Будзем разглядаць, што паміж гэтымі працэсамі было падобнага і адрознага, у чым яны перасякаліся. Адна з лекцый будзе прысвечана падзелам Рэчы Паспалітай, паўстанням, якія адбываліся на польскіх і беларускіх землях. Цікавыя тэмы звязаныя і з гісторыяй пачатку ХХ стагоддзя ў нашых краінах. Дарэчы, у сваіх лекцыях мы будзем расказваць не толькі пра мужчын, але і пра жанчын, якія пакінулі важкі след у нашай гісторыі.

Я так разумею, што лекцыі пакуль будзеце чытаць толькі вы?

— Пакуль гэты цыкл буду весці я. Але пазней, магчыма, будуць выступаць і іншыя. Да нас прыходзяць вельмі цікавыя людзі, якія добра ведаюць гісторыю. Таму паглядзім, як усё будзе развівацца далей.

Спадарыня Ларыса, вы — кваліфікаваны гісторык, шмат гадоў выкладалі ў школе. Які перыяд нашай гісторыі вам асабіста найбольш цікавы?

— Я вельмі люблю Сярэднявечча. Гэты перыяд спалучае ў сабе мноства легендаў і рэальныя факты з гістарычных крыніц. Дзякуючы гэтаму можна нібыта занырнуць у той час і адчуць яго атмасферу. Магчыма, гэта не такі рамантычны перыяд, як, скажам, ХІХ стагоддзе. Тут яшчэ ўсё знаходзіцца на менш цывілізаваным узроўні. Але мяне захапляе тое, як чалавек, які літаральна выйшаў з лесу, пачаў шукаць шлях да цывілізаванага жыцця. Людзі паступова становяцца ўжо не проста воінамі, а яркімі асобамі. Менавіта за гэта я люблю Сярэднявечча.

А што датычыць слухачоў вашых лекцый — што іх найбольш цікавіць?

— Гэта вельмі цікава, бо з кожнай новай лекцыяй усё часцей сустракаеш знаёмыя твары. І гэта вельмі прыемна. Сёння, напрыклад, было ўжо чатыры чалавекі, якіх я пазнала па папярэдніх сустрэчах. Але ўвогуле гэта вельмі розныя людзі — з рознымі поглядамі, пытаннямі і прапановамі. Некаторыя просяць больш гаварыць непасрэдна пра беларускую гісторыю, а я ім тлумачу, што ў нас вельмі шмат агульнага і з польскай гісторыяй. Вядома, я не магу гаварыць за ўсіх, але паглядзіце, як сённяшняя тэма ўсіх зацікавіла. Даведацца пра шлюбы Ягелонаў, пра іх чалавечыя лёсы, характары і асабістае жыццё аказалася цікава практычна кожнаму.

А палякі прыходзяць на вашы лекцыі?

— Лекцыі адбываюцца па-беларуску, але да нас прыходзяць украінцы і рускія. Сёння адна пані з Украіны сказала мне, што спачатку не вельмі разумела беларускую мову, але, уважліва паслухаўшы лекцыю, пачала яе разумець. Яна была вельмі задаволеная.

Як, на вашу думку, можна патлумачыць цікавасць людзей да гістарычных лекцый, калі, здавалася б, у эміграцыі трэба найперш думаць пра працу, заробак і іншыя жыццёвыя клопаты?

— Не ведаю, гэта лепш пытацца ў іх саміх. Але я таксама прыйшла б на такую лекцыю, каб пашырыць свае веды па тэмах, якія мяне цікавяць. Нядаўна ў нас выступала Кацярына Ваданосава. Яна расказвала пра рэканструкцыю зброі, адзення розных гістарычных перыядаў. Мне, напрыклад, гэта вельмі цікава. Думаю, у многіх людзей ёсць патрэба пашыраць свае веды і не зацыклівацца толькі на штодзённых бытавых клопатах. Да таго ж тут заўсёды ёсць магчымасць паразмаўляць паміж сабой, абмеркаваць розныя пытанні. Напэўна, людзі імкнуцца напоўніць сябе новымі ведамі, новай энергіяй. І чым больш мы знаёмімся з гістарычнымі падзеямі, тым мацнейшай становіцца наша гістарычная памяць, тым больш захоўваецца пераемнасць пакаленняў і тым больш жывой застаецца гісторыя. 

Павел Залескі

Слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы