Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палітыкі з'яўляюцца галоўнай крыніцай дэзінфармацыі — апытанне

22.07.2026 11:06
З экспертам па дэзінфармацыі Пётрам Мечкоўскім абмяркоўваем таксама як грамадствы ў аўтарытарных краінах могуць абараніць сябе ад фэйкавым паведамленняў.
Аўдыё
  • Палітыкі з'яўляюцца галоўнай крыніцай дэзінфармацыі — апытанне
  Digital Poland
Дырэктарам фонду Digital Poland Пётр МечкоўскіБеларуская служба Польскага радыё

Хто сёння распаўсюджвае найбольш дэзінфармацыі, чаму людзі вераць у фэйкавыя навіны і як эфектыўна дагрукацца да людзей, якія вераць усяму, што чуюць, нават калі гэта супярэчыць здароваму сэнсу?

Мы таксама абмяркоўваем, як грамадствы ў краінах з аўтарытарнымі сістэмамі, дзе ўлады захопліваюць інфармацыйную прастору, імкнучыся да поўнага кантролю над грамадзянамі, могуць абараніць сябе ад дэзінфармацыі.

Мы абмяркоўваем гэта з дырэктарам фонду Digital Poland Пётрам Мечкоўскім. Мы пагутарылі пры нагодзе даследавання, якое правёў фонд Digital Poland «Дэзінфармацыя вачыма палякаў». У даследаванні прыняла ўдзел рэпрэзентатыўная група з больш як тысячы жыхароў Польшчы ва ўзросце ад 18 да 74 гадоў.

Высветлілася, што палякі ўсведамляюць існаванне дэзінфармацыі — 77% апытаных адказалі сцвярджальна. Ці разумее польскае грамадства, з якой мэтай ствараецца дэзінфармацыя, на каго яна скіраваная і хто найбольш паддаецца яе ўплыву?

— Гэта ўжо трэцяя серыя нашых даследаванняў, і мы бачым, што ўзровень дасведчанасці расце. Асабліва прыкметна павышаецца разуменне таго, як працуюць алгарытмы сацыяльных сетак. Больш за палову палякаў сказалі, што ведаюць: сацыяльныя сеткі свядома імкнуцца як мага даўжэй утрымліваць карыстальнікаў у інтэрнэце і наўмысна спрыяюць падзелу грамадства. Больш за 70% палякаў адзначылі, што дэзінфармацыя ўсё мацней расколвае грамадства. Палякі становяцца ўсё больш свядомымі і чакаюць канкрэтных дзеянняў. Мы прапанавалі рэспандэнтам 15 магчымых спосабаў барацьбы з дэзінфармацыяй, сярод іншага, павышэнне адказнасці інтэрнэт-платформаў, больш жорсткія штрафы, выдаленне шкоднага кантэнту, абмежаванне яго распаўсюджвання, а таксама адукацыю грамадства. 70% апытаных падтрымліваюць увядзенне штрафаў для кампаній Big Tech, хочуць, каб урад прыняў больш жорсткія правілы для інтэрнэт-платформаў, каб Нацыянальная рада па тэлебачанні і радыёвяшчанні прыняла адпаведныя рашэнні, а Міністэрства адукацыі ўвяло медыяадукацыю ў школах.

75% лічаць фэйкавыя навіны сур'ёзнай праблемай, якая падзяляе грамадства. А больш дакладна, якія пагрозы называлі ўдзельнікі апытання?

— Гэта вельмі цікавая выснова апошніх гадоў — апытаныя сказалі, што дэзінфармацыя становіцца найбольшай пагрозай для дэмакратыі, для польскай дзяржавы як такой, а таксама для грамадскай згуртаванасці. Мы бачым, што за апошнія гады фэйкавыя навіны перасталі ўспрымацца як нешта смешнае. Раней шмат хто лічыў, што на фэйкі не варта звяртаць увагі, што ёсць свабода слова і кожны можа ствараць недарэчныя ролікі ці абсурдныя паведамленні. Цяпер жа, імаверна пад уплывам вайны ва Украіне, сітуацыя ўспрымаецца значна больш сур'ёзна. Мы таксама пыталіся, ці можна аперацыі ўплыву — прафесійную дэзінфармацыю — параўноўваць з традыцыйнымі ваеннымі атакамі, напрыклад ракетнымі ўдарамі ці выкарыстаннем танкаў. Амаль палова рэспандэнтаў адказала станоўча. Гэта сведчыць пра тое, што дэзінфармацыя ўспрымаецца як сапраўды сур'ёзная пагроза. Менавіта таму існуе такая шырокая грамадская падтрымка мер, накіраваных на барацьбу з дэзінфармацыяй.

Тое, што палякі ўспрымаюць дэзінфармацыю як пагрозу, супастаўную з рэальнымі ваеннымі дзеяннямі, пра што гэта сведчыць? Ці толькі пра павышэнне свядомасці, ці таксама пра жаданне супрацьстаяць ёй, не паддавацца маніпуляцыям, шукаць і правяраць інфармацыю?

— Жаданне правяраць інфармацыю сапраўды расце, хоць самым папулярным інструментам па-ранейшаму застаюцца інтэрнэт-пошукавікі. А, як вядома, праз пошукавую сістэму можна знайсці ўсё — і праўду, і няпраўду. Значна лепш звяртацца да традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі або да дзяржаўных сайтаў. І так ужо дзеецца. Мы зрабілі цікавую выснову. Мы пыталіся людзей: калі ўзнікне крызіс або пагроза, дзе вы ў першую чаргу будзеце шукаць інфармацыю, якой крыніцы даверыцеся найбольш? Большасць адказаў паказала на традыцыйныя СМІ і дзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы.

Дэзінфармацыя — гэта заўсёды наўмыснае дзеянне, а вось фэйкавыя навіны не заўсёды ствараюцца мэтанакіравана. Апытаныя палякі добра разумеюць, што значная частка дэзінфармацыі паступае з Расіі.

— Гэта галоўная крыніца дэзінфармацыі ў Польшчы, калі мы гаворым пра інфармацыйныя атакі з-за межаў нашай краіны. Узровень разумення гэтага расце, як і падтрымка неабходнасці нешта з гэтым зрабіць. Аднак ёсць і група — каля 25–30% насельніцтва, — якая верыць у рознага кшталту фэйкі. Мы прапанавалі рэспандэнтам каля трыццаці найбольш распаўсюджаных фэйкавых паведамленняў са сферы палітыкі, аховы здароўя і кліматычнай тэматыкі. Калі каля 90% палякаў паверылі толькі ў адно такое сцвярджэнне, то прыкладна 20% прызналі праўдзівымі больш за палову гэтых фэйкаў, а каля 10% — усе без выключэння. Гэта паказвае, што прыкладна адзін з дзесяці палякаў схільны верыць амаль у любую ілжывую інфармацыю. Напрыклад, што сетка 5G пераносіць COVID, што электрамабілі гараць часцей за аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання, што генетычна мадыфікаваныя прадукты змяняюць ДНК чалавека, або што змены клімату не звязаныя з дзейнасцю чалавека. Мы таксама пыталіся, ці страціла Польшча суверэнітэт на карысць Бруселя ці Берліна. 40% адказалі сцвярджальна, і гэтая пазіцыя шмат у чым супадае з палітычнымі сімпатыямі польскага грамадства.

40% таксама вераць, што трагедыя пад Смаленскам была тэрактам.

— Я здзіўлены, бо гэтай гісторыі ўжо больш за пятнаццаць гадоў, а яе папулярнасць не змяншаецца — наадварот, расце. Асабліва мяне здзівіла тое, што ўсё больш у гэта вераць маладыя людзі. Мы мяркуем, што яны абапіраюцца на інфармацыю з сацыяльных сетак, дзе значна больш фэйкавых навін. У выніку каля 40% людзей вераць у гэтую версію падзей.

Паводле вашага даследавання, 43% апытаных лічаць, што менавіта палітыкі з'яўляюцца галоўнай крыніцай дэзінфармацыі і фэйкавых навін. Гэта вельмі ўплывовы інфармацыйны канал. Як яго можна абмежаваць? Ці пыталіся вы пра гэта ў грамадства?

— Сапраўды, палітыкі займаюць першае месца. Усяго на два працэнтныя пункты менш набралі боты, тролі і штучны інтэлект, які аўтаматызуе распаўсюджванне дэзінфармацыі. Пра саміх палітыкаў мы не пыталіся, бо яны заўсёды спасылаюцца на свабоду слова і лічаць, што маюць права казаць усё, што хочуць, нават калі гэта фэйкі. Таму тут існуе праблема — немагчыма проста перакрыць гэты канал распасюджвання фэйкаў. Але мы пыталіся пра тое, як можна змагацца з дэзінфармацыяй. Мы прапанавалі рэспандэнтам 15 розных ідэй. Каля 70% падтрымалі меры па абмежаванні распаўсюджвання фэйкавых навін у інтэрнэце. Цікава і тое, што прыкладна такая ж колькасць палякаў падтрымлівае ідэю абавязковай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў у сацыяльных сетках з дапамогай пасведчання асобы пры захаванні ананімнасці — толькі праз пацвярджэнне таго, што перад экранам знаходзіцца сапраўдны чалавек, а не бот.

Мы гаворым пра барацьбу з дэзінфармацыяй таксама на дзяржаўным узроўні. Грамадства чакае, што менавіта ўрад прыкладзе ўсе намаганні, каб максімальна абмежаваць яе распаўсюджванне. А я хацела б запытаць пра Беларусь. Беларускае грамадства жыве ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы, дзе ўся інфармацыйная прастора кантралюецца ўладамі, прэзідэнтам, дзяржаўнымі чыноўнікамі, а таксама расійскім тэлебачаннем, якое ў Польшчы лічыцца адной з галоўных крыніц дэзінфармацыі і фэйкавых навін. Ці ёсць у вас ідэя, як супрацьстаяць дэзінфармацыі і фэйкам у такім грамадстве?

— Шчыра кажучы, гэта вельмі няпростая задача. Калі гаворка ішла пра Польшчу, нашы рэспандэнты адзначалі, што велізарную ролю павінны адыгрываць традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі і інтэрнэт-платформы, дзе працуюць фактчэкеры. Але калі дзяржава аўтарытарная і фактычна захапіла ўсе СМІ, гэтыя традыцыйныя механізмы ўжо не працуюць. Застаюцца інтэрнэт-платформы. Аднак і на іх таксама могуць шырока распаўсюджвацца фэйкавыя паведамленні. Таму неабходна падтрымліваць незалежныя інтэрнэт-рэдакцыі, якія распаўсюджваюць правераную і праўдзівую інфармацыю. Фактычна застаюцца інтэрнэт і радыё — тыя каналы, доступ да якіх можна атрымліваць незалежна ад дзяржавы, нават на адлегласці. Калі ж доступ да незалежных выданняў блакуецца або падвяргаецца абмежаванням, тады ўзнікае неабходнасць выкарыстоўваць VPN — праграмы, якія дазваляюць шыфраваць інтэрнэт-трафік і выглядаць так, нібы карыстальнік знаходзіцца ў іншай краіне.

Тое ж самае цяпер адбываецца і ў Расіі. Пуцін усё мацней зацягвае там пятлю кантролю. Ён пачаў абмяжоўваць доступ да папулярных замежных сэрвісаў і мэсэнджараў, такіх як WhatsApp, Messenger або Signal. Пад абмежаванні трапляе і Telegram. Расія актыўна прасоўвае ўласны мэсэнджар MAX. Ён не з'яўляецца бяспечным, бо да яго маюць доступ расійскія спецслужбы — ФСБ. Гэта новы мэсэнджар, новая платформа, якая ў пэўнай ступені нагадвае польскі сэрвіс mObywatel. Там ёсць лічбавае пасведчанне асобы, QR-коды і іншыя дзяржаўныя сэрвісы. Расія зразумела, што неабходна перавесці ўсё ў лічбавую форму, але пры гэтым інтэрнэт павінен цалкам кантралявацца дзяржавай. Менавіта таму быў створаны ўласны сегмент сеткі — так званы Рунэт.

А калі казаць агульна — як дастукацца да людзей, якія вераць у дэзінфармацыю і фэйкавыя навіны? Нядаўна я сама пачула ў кабінеце ўрача размову пра нібыта наўмысную дэпапуляцыю палякаў, польскай нацыі. У сітуацыі, калі краіна перажывае дэмаграфічны крызіс, гэта выглядае абсалютна бессэнсоўным і абсурдным. Як знайсці падыход да такіх людзей?

— Тут усё залежыць ад таго, пра якую групу людзей ідзе гаворка. Старэйшыя людзі маюць адны крыніцы інфармацыі, па-іншаму ўспрымаюць паведамленні ў інтэрнэце і традыцыйных СМІ, часцей глядзяць тэлебачанне. Моладзь жа значна больш часу праводзіць у сацыяльных сетках і інтэрнэце. Таму, безумоўна, неабходныя адукацыйныя кампаніі. Польскі ўрад ужо праводзіў некалькі агульнанацыянальных інфармацыйных кампаній, прысвечаных тролям і інфармацыйным маніпуляцыям. Гэта, безумоўна, адзін з добрых кірункаў.

Другі добры шлях — супрацоўніцтва з аўтарытэтнымі аўтарамі інтэрнэт-кантэнту, якія маюць вялікі ўплыў на моладзь, ці папулярызуюць навуку. Мне здаецца, што супрацоўніцтва з такімі людзьмі для распаўсюджвання правераных ведаў магло б быць вельмі эфектыўным.

Трэці кірунак — адукацыя моладзі, асабліва ў школах. Варта ўводзіць асобны прадмет — медыяадукацыю. У шэрагу краін такі прадмет ужо існуе. На гэтых занятках вучаць крытычнаму мысленню, уменню карыстацца кнігамі, праверанымі крыніцамі інфармацыі і звяртацца да аўтарытэтных экспертаў.

Што датычыцца людзей старэйшага ўзросту, іх таксама можна эфектыўна асветнічаць праз розныя арганізацыі, аб'яднанні і мясцовыя супольнасці. Як ні дзіўна, пажылыя людзі часта вельмі актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці розных арганізацый, а таксама наведваюць касцёл або царкву. Таму рэлігійныя супольнасці таксама могуць адыграць важную ролю ў распаўсюджванні дакладнай інфармацыі, напрыклад, па пытаннях здароўя або навуковых адкрыццяў.

Безумоўна, не існуе аднаго ўніверсальнага спосабу дастукацца да людзей, якія вераць у дэзінфармацыю, бо прадстаўнікі розных узроставых груп патрабуюць розных падыходаў.

Вялікі дзякуй Вам за размову

Размаўляла Яланта Смялоўская


Кліматычная дэзінфармацыя - частая з'ява ў інфапрасторы

29.11.2024 14:23
Амаль палова палякаў сутыкаецца з кліматычнай дэзінфармацыяй. Чым больш пытанняў пра змены клімату ў грамадскай прасторы, тым больш верагодна, што тэма клімату будзе падвяргалася маніпуляцыям і скажэнням.

Атакі на групы меншасцяў моцна залежаць ад мовы палітыкаў — экспертка пра прычыны нянавісці ў грамадстве

09.12.2024 15:47
Расісцкія, ксенафобныя і гамафобныя погляды мусяць разглядацца з пункту дэзінфармацыі. Прыводзім прыклады ксенафобных нападаў на беларусаў у Польшчы.

Хто распаўсюджвае расійскую дэзінфармацыю ў Польшчы?

16.01.2025 13:12
Дэзінфармацыя або прапаганда былі выяўлены прыкладна ў адной траціны артыкулаў, якія асвятляюць клімат і кліматычную палітыку ЕС у Польшчы, піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza».