Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Нарастаючая агрэсія ў адносінах іншаземцаў адмоўна ўплывае на ўсё польскае грамадства — гутарка з юрыстам

23.07.2026 17:30
Міграцыйнае заканадаўства нельга выкарыстоўваць як спосаб двойчы караць замежнікаў за правапарушэнні.
Аўдыё
  • Пашырэнне агрэсіі, узаемная нянавісць дэстабілізуюць усё грамадства.
.        ,       .
Ілюстрацыя. Варожасць да іншаземцаў часцей за ўсё закранае ўкраінцаў, паколькі яны складаюць самую вялікую групу замежнікаў.Фота: PAP/Jakub Kaczmarczyk

Польскі ўрад заяўляе, што ён прыняў стратэгію «Нуль талерантнасці» і ўсе злачынствы на глебе ксенафобіі будуць жорстка карацца. Гэта звязана з тым, што ў апошнія месяцы ў Польшчы з'яўляецца шмат паведамленняў пра мову нянавісці ў адносінах іншаземцаў, асабліва грамадзян Украіны, а нават акты агрэсіі. Ці польскія ўлады абралі правільную стратэгію? Мы паразмаўлялі з праўнікам з Хельсінкскага фонду па правах чалавека.

Палітыка польскіх уладаў пад назваю «Нуль талерантнасці» датычыць не толькі парушэнняў, здзейсненых супраць замежнікаў, але і злачынстваў, здзейсненых грамадзянамі іншых краін. Перш за ўсё гэта ўкраінцы, паколькі іх у Польшчы значна больш, чым беларусаў ці прадстаўнікоў іншых нацый. На думку праўніка Марціна Сосьняка (Marcin Sośniak), тэндэнцыя, якая назіраецца ў Польшчы, вельмі небяспечная.

— Пашырэнне агрэсіі, узаемная нянавісць дэстабілізуюць усё грамадства. У выніку ахвярай такіх здарэнняў, якія мы назіраем апошнім часам, становяцца не толькі тыя, каму пагражае непасрэдная пагроза, але і грамадства ў цэлым. Законы павінны быць аднолькавыя для ўсіх. На жаль, сітуацыю пагаршае пэўны палітычны наратыў з абодвух бакоў палітычнай сцэны. Не толькі экстрэмальныя групы, якія падтрымліваюць антыіміграцыйныя ці антыўкраінскія настроі, спрыяюць узрастанню пагрозы на польскіх вуліцах, але насамрэч і тыя, хто адказны за палітыку дэпартацыі, якую ўлады праводзяць, у першую чаргу супраць грамадзян Украіны. На нашу думку, працэдурамі дэпартацыі злоўжываюць, у тым ліку дзеля таго, каб атрымаць падтрымку грамадскасці ці некалькі працэнтных пунктаў у палітычных апытаннях. Але гэты падыход далёкі ад таго, як павінна выглядаць правільная міграцыйная палітыка.

Не дзіўна, што палітыкі кажуць пра жорсткі падыход да правапарушэнняў – як замежнікамі, так і палякамі ў адносінах замежнікаў. Гэта падабаецца выбаршчыкам. Скажам, дэпартацыя маладога ўкраінца, вядомага блогера, які пад’ехаў на машыне да возера Марское вока. Многія палякі лічыць, што ў гасцях трэба быць больш законапаслухмяным, чым у сябе дома.

 Міграцыйнае заканадаўства нельга выкарыстоўваць як спосаб двойчы караць замежнікаў за правапарушэнні. Закон сапраўды дазваляе дэпартацыю асоб, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы або грамадскаму парадку, але такая пагроза павінна быць рэальнай і працяглай, а правы чалавека павінны захоўвацца на ўсіх этапах працэдуры. Нельга дэпартаваць чалавека толькі таму, што ён адзін раз здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, напрыклад парушыў правілы дарожнага руху або заехаў туды, дзе гэта забаронена, як гэты малады ўкраінец, хаця я б не хацеў каментаваць канкрэтныя выпадкі. Калі чалавек адзін раз заехаў на аўтамабілі туды, куды заязджаць забаронена, ён здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне і, безумоўна, павінен быць пакараны. Пры неабходнасці гэтае пакаранне можа быць строгім — наколькі гэта прадугледжвае закон. Але калі ён ужо панёс пакаранне і не ўяўляе пагрозы ў будучыні, яго дэпартацыя будзе фактычна другім пакараннем, а двайное пакаранне супярэчыць асноўным прававым стандартам. Дэпартацыя павінна закранаць асоб, якія ўяўляюць сур’ёзную пагрозу бяспецы або грамадскаму парадку. Але гэтая пагроза павінна быць сапраўднай, актуальнай і рэальнай. Гэта не пакаранне.

А можа, правільна, што дзяржава стараецца максімальна жорстка рэагаваць на розныя сітуацыі – як правапарушэнні з боку замежнікаў, так і напады на іншаземцаў. Асабліва калі гаворка ідзе пра агрэсію ў адносінах дзяцей, як апошнія нападзенні на ўкраінсікх падлеткаў.

— Было б добра, калі б дзяржава рэагавала такім чынам на ўсе дзеянні, якія адпавядаюць крытэрыям злачынства на глебе нацыянальнай ці этнічнай варожасці. Гэта значыць не толькі на агрэсію, матываваную нацыянальным або этнічным паходжаннем, але і публічнае падбухторванне да нянавісці або абразу. Гэта злачынствы на глебе нянавісці, апісаныя ў крымінальным кодэксе. Злачынствы, за якія прадугледжана даволі сур'ёзнае пакаранне, у тым ліку пазбаўленне волі. Паліцыя абавязана хутка прымаць меры. Не мае значэння, ці гэта жорсткі напад, ці публічная абраза, рэакцыя павінна быць аднолькавай. Мы, канешне, больш абураныя, калі такія дзеянні тычацца непаўналетніх. Але падобныя дзеянні ў адносінах маладых мужчын, незалежна ад таго, ці яны паходзяць з Украіны, Беларусі, Індыі ці іншай краіны, з'яўляюцца аднолькава сур'ёзнымі. І рэакцыя дзяржавы павінна быць дастаткова рашучай у кожным такім выпадку.

Значна прасцей адрэагаваць на канкрэтны ўчынак – скажам, калі хтосьці ўдарыў дзіця або напаў на дарослага, чым рэагаваць на пашырэнне такой мовы нянавісці ў інтэрнэце. А калі пачытаць, што людзім пішуць у каментарыях, дык проста жах ахоплівае.

— Публічнае падбухторванне да нянавісці, напрыклад, у сацыяльных сетках, гэта праблема. Я лічу, што тут мала рэакцыі. Аднак злачынствы на глебе нянавісці, асабліва ў сферы сацыяльных сетак, заўсёды былі вялікай праблемай. Дастаткова наведаць нейкі вэб-сайт, які не мае мадэрацыі, зайсці на артыкул, скажам, пра грамадзян Украіны, або пра нейкі інцыдэнт, у якім пацярпеў грамадзянін Украіны, і прачытаць каментарыі. Некаторыя вельмі жорсткія, часам нават падбухторваюць да гвалту. Колькі там так званых троляў — гэта іншае пытанне, якім павінны займацца праваахоўныя органы. А публічнае падбухторванне да нянавісці з'яўляецца злачынствам. Такім чынам, частка такіх каментарыяў адпавядаюць крытэрыям злачынствам. А колькі з іх было заяўлена ў паліцыю? Думаю, што ніводнага. Некаторыя сайты, напрыклад, Facebook, калі не памыляюся, прадугледжваюць працэдуру інфармавання праваахоўных органаў пра такія выпадкі. Проста гэтым не карыстаюцца.

Паводле паліцэйскай статыстыкі, здарэнняў, звязаных з варожасцю на нацыянальнай глебе, было шмат і ў 2022, і ў 2023 гадах – каля 10-11 тысяч. Нельга сказаць, што наступіў нейкі рэзкі рост апошнім часам. Пры гэтым, ёсць адчуванне, што такіх вельмі агрэсіўных выказванняў у сеціве стала больш. Можа, аўтары адчуваюць сябе ананімнымі, а тыя, хто з імі не згаджаецца, мяркуюць, што няма сэнсу змагацца з варожасцю ў інтэрнэце. Гэта як барацьба з ветракамі.

  Так, гэта барацьба з ветракамі, але менавіта адсюль і бярэцца гэты дысананс: з аднаго боку, мы кажам: «Так, мы бачым, што маштаб агрэсіі супраць мігрантаў расце. Мы бачым, што адбываецца ў інтэрнэце». А паліцыя кажа, што статыстыка зусім не паказвае росту. І гэта не азначае, што паліцыя памыляецца або не заўважае пэўных з'яў. Проста, нягледзячы на ​​тое, што гэтыя злачынствы адбываюцца на вуліцы ці ў інтэрнэце, пра іх рэдка паведамляюць у паліцыю. Гэта частая з'ява, якая суправаджае злачынствы, матываваныя нянавісцю.

Размаўляла Наталля Грышкевіч