Польскае ўзбярэжжа становіцца ўсё больш папулярным сярод чэшскіх турыстаў, і сезон 2026 года можа аказацца рэкордным у гэтым плане, сцвярджаецца ў публікацыі Польскага прэс-агенцтва (PAP).
Суразмоўцы адзначаюць, што Балтыйскае мора ў першую чаргу вызначаецца больш нізкімі цэнамі, чым у Харватыі, добрай дарожнай інфраструктурай і высокім узроўнем абслугоўвання.
— Ёсць шмат прыкмет таго, што ў гэтым годзе Балтыйскае мора наведае больш чэхаў, чым у 2025 годзе, — сказаў PAP Павел Троян, дырэктар Замежнага цэнтра Польскай турыстычнай арганізацыі (ZOPOT) у Празе.
У 2025 годзе Польшчу наведалі амаль паўмільёна (481 000) грамадзян Чэхіі. Аднак статыстыка не ўключае тых, хто карыстаецца кароткатэрміновай арэндай або прыязджаюць на адзін дзень. Аднак даследаванне, праведзенае ў Сопаце, паказвае, што чэхі з'яўляюцца там другой па велічыні групай замежных турыстаў — пасля немцаў.
Чэшскі аглядальнік Любаш Палата пацвярджае рост папулярнасці Балтыйскага мора.
— Харватыя застаецца нашым самым папулярным месцам адпачынку, але Балтыйскае мора набірае ўсё больш прыхільнікаў, — кажа ён.
Суразмоўцы PAP адзначаюць, што адным з найважнейшых аргументаў на карысць паездак у Польшчу застаецца кошт адпачынку. Харватыя стала занадта дарагой для многіх чэхаў, а ўсё больш высокія тэмпературы адпужваюць некаторых турыстаў ад паездак у Паўднёвую Еўропу.
Падарожжа з Прагі да польскага ўзбярэжжа займае крыху больш за шэсць гадзін, што амаль удвая менш, чым паездка на Адрыятыку.
Чэхі здзіўлены тэмпамі развіцця Польшчы: узроўнем дарожнай інфраструктуры і тэмпамі эканамічнага развіцця краіны. Да нядаўняга часу яны лічылі, што Чэхія апярэджвае Польшчу па ўзроўні развіцця.
Сярод найбольшых пераваг адпачынку ў Польшчы чэхі называюць шырокія пляжы, смачную ежу, асабліва рыбу, і магчымасць актыўнага адпачынку.
Нягледзячы на ўсё большую папулярнасць Балтыйскага мора, чэхаў таксама цягне ў польскія горы, асабліва ў Карканошы, да якіх можна дабрацца з Прагі прыкладна за дзве гадзіны.
яс