Наўроцкі выступіў з прапановай аб правядзенні рэферэндуму па пытаннях кліматычнай палітыкі.
— Ці падтрымліваеце вы рэалізацыю кліматычнай палітыкі Еўрапейскага Саюза ў Польшчы? — такое пытанне прапанаваў прэзідэнт. Прапанаваная дата рэферэндуму — 27 верасня 2026 года.
Першая прапанова прэзідэнта па гэтым пытанні была адхілена ў маі. Тады пытанне гучала наступным чынам: «Ці падтрымліваеце вы рэалізацыю кліматычнай палітыкі, якая прывяла да павышэння кошту жыцця для грамадзян, цэн на энерганосьбіты, а таксама выдаткаў на вядзенне бізнесу і сельскую гаспадарку?». Сенат адхіліў такое пытанне, бо пытанне было сфармулявана з тэзісам.
У чым заключаецца кліматычная палітыка Еўрасаюза, на тэму якой прэзідэнт хоча склікаць рэферэндум?
У першую чаргу трэба памятаць, што гэта кліматычна-энергетычная палітыка, то бок яна спалучае энергетычную трансфармацыю, адыход ад выкапнёвага паліва і ахову навакольнага асяроддзя.
Энергетычная трансфармацыя — гэта замена выкапнёвага паліва іншымі тэхналогіямі. У першую чаргу, гаворка ідзе пра ветравую і сонечную энергію, назапашванне энергіі, магчымасць для развіцця атамнай энергетыкі і вытворчасці біяметану. Такое спалучэнне тэхналогій дазваляе электрыфікаваць эканоміку на аснове чыстых, айчынных крыніц, якія кантралююцца лакальна.
Вядома, гэта працэс, які зойме дзесяцігоддзі, і менавіта па гэтай прычыне палітыка Еўрапейскага Саюза ставіць перад сабой мэты на некалькі дзесяцігоддзяў, паступова іх абнаўляючы, гаворыць старшыня Інстытута Рэформ Аляксандр Снягоцкі.
— У дадзены момант мы знаходзімся ў тым пункце, калі ўрады і Еўрапейскі парламент прынялі рашэнні аб тым, якой павінна быць мэта на 2040 год. Гэта не так ужо і доўга, улічваючы, колькі часу патрабуецца на інвестыцыі ў энергетычны сектар. Еўрапейская камісія прадставіла прапановы аб тым, як адаптаваць прымяненне, сярод іншага, ETS (Сістэмы гандлю выкідамі). Важным элементам гэтай рэформы з'яўляецца выдзяленне большай колькасці сродкаў на прамысловую трансфармацыю. Улічана, што гэты сектар насамрэч сутыкаецца з большымі праблемамі падчас трансфармацыі, чым энергетычны сектар. Варта памятаць, што з моманту запуску ETS у 2005 годзе выкіды ўжо былі скарочаныя ўдвая ў рамках гэтай сістэмы. Аднак гэта адбылося ў першую чаргу ў электраэнергетычным сектары, і цяпер прамысловая трансфармацыя таксама будзе мець вырашальнае значэнне.
Аляксандр Снягоцкі лічыць, што вынясенне пытання аб рэалізацыі кліматычнай палітыкі на рэферэндум можа быць некарысным, калі грамадзяне прагаласуюць за адхіленне кліматычнай палітыкі ЕС. Паводле эксперта, гэта значна аслабіць перамоўную пазіцыю Польшчы.
— Вопыт паказвае, што пазіцыя, заснаваная на поўнай адмове ад кліматычнай палітыкі і спробе дэмантаваць усю яе структуру, неэфектыўная, бо мы проста не дасягаем кансенсусу ўнутры большасці, якая прымае канчатковыя рашэнні аб форме рэформаў. Далучэнне да гэтай большасці, стварэнне кааліцый, якія можа і не ў стане змяніць усю структуру кліматычнай палітыкі, але ў стане дамовіцца аб больш спрыяльных параметрах, як з пункту гледжання нашых асобных сектараў, такіх як энергетыка ці прамысловасць, так і з пункту гледжання размеркавання сродкаў.
Калі гаворка ідзе пра рэформу сістэмы ETS, ёсць некалькі пытанняў, асабліва важных для Польшчы з пункту гледжання таго, колькі грошай можна атрымаць ад гэтай сістэмы. Сістэма гандлю выкідамі – гэта не толькі пра тое, што кампаніі плацяць, але і пра тое, што дзяржавы-члены і Еўрапейская камісія прадаюць гэтыя квоты, а потым могуць выдаткаваць іх на падтрымку кампаній, падтрымку грамадзян і абарону іх ад крызісаў. І тут ёсць за што змагацца, гаворыць Аляксандр Снягоцкі.
— Ёсць так званы Фонд мадэрнізацыі, які падтрымлівае краіны нашага рэгіёна, і Польшча атрымлівае амаль 40% гэтага фонду. Варта змагацца за тое, каб ён быў як мага большым, а таксама варта пазбягаць любога ціску, напрыклад, з боку Паўночна-Заходняй Еўропы, каб абмежаваць такое пераразмеркаванне на карысць нашага рэгіёна. Ёсць таксама прапанова ад Еўрапейскай камісіі стварыць інструмент падтрымкі скарачэння прамысловых выкідаў і адмовы ад выкапнёвага паліва ў прамысловасці, з асобным фондам для нашага рэгіёна, гэта значыць, што кожнае чацвёртае еўра з гэтага фонду будзе накіравана спецыяльна на прамысловасць нашага рэгіёна. Такім чынам, польскія заводы канкуруюць з заводамі ў Румыніі, Чэхіі і Літве, і не абавязкова з заводамі ў Швецыі ці Іспаніі. Гэтая канкурэнцыя больш справядлівая і больш адпавядае нашаму ўзроўню развіцця. Гэтае рашэнне таксама выгаднае для нас. Зыходзячы з вопыту польскіх субʼектаў гаспадарання, якія ўдзельнічаюць у агульнаеўрапейскіх конкурсах на атрыманне сродкаў ЕС, мы даволі добра спраўляемся ў рэгіёне, таму таксама варта змагацца за тое, каб гэтае рашэнне было захавана або нават умацавана.
Усяго гэтага будзе значна складаней дамагчыся, калі ў рэферэндуме грамадзяне прымуць рашэнне адмовіцца ад рэалізацыі кліматычнай палітыкі ЕС. Працэс будзе і так запушчаны, але галоўнымі гульцамі будуць іншыя краіны, перакананы старшыня Інстытута Рэформ Аляксандр Снягоцкі.
Прэзідэнт Караль Наўроцкі выступае супраць цяперашняга кірунку кліматычнай палітыкі ЕС не таму, што ён сумняваецца ў неабходнасці аховы клімату, а таму, што лічыць, што метад дасягнення гэтых мэтаў неспрыяльны для Польшчы.
Асноўныя аргументы прэзідэнта наступныя:
Рост кошту жыцця. Наўроцкі сцвярджае, што кліматычныя нормы ЕС, у тым ліку Сістэма гандлю выкідамі, спрыяюць павышэнню цэн на энергію, ацяпленне і паліва, што абцяжарвае хатнія гаспадаркі.
Эканамічная канкурэнтаздольнасць. Ён сцвярджае, што прамысловасць, сельская гаспадарка і прадпрымальнікі ў Польшчы нясуць больш высокія выдаткі, чым канкурэнты па-за межамі ЕС, што можа прывесці да страты працоўных месцаў і аслаблення эканомікі.
Энергетычны суверэнітэт. Ён выступае за тое, каб Польшча самастойна вызначала тэмпы свайго энергетычнага пераходу, а не імкнулася да мэтаў, устаноўленых інстытутамі ЕС.
ав
слухайце аўдыё