Пра гісторыю мужчынскіх колаў, іх прынцыпы і ролю ў сучасным жыцці мы пагаварылі з мадэратарам мужчынскіх колаў. Наш госць — Адрыян Мікалаевіч, фонд «Маскулінум».
Патлумачце, калі ласка, што такое мужчынскія колы?
— Кожны раз, калі мяне пытаюцца што такое мужчынскія колы, мне няпроста адказаць. Але, калі коратка, мужчынскія колы — гэта месца або прастора, дзе мужчыны могуць свабодна размаўляць пра жыццё. Пра сапраўднае жыццё — пра тое, што нам баліць, што радуе, што прыносіць шчасце і як спраўляцца з рознымі жыццёвымі сітуацыямі. Менавіта гэта і ёсць мужчынскія колы — шчырая размова паміж мужчынамі.
Ці можна назваць гэта сустрэчай сяброў?
— На пачатку ўдзельнікі звычайна не знаёмыя паміж сабой. Але з цягам часу паміж імі ўзнікаюць сапраўдныя сяброўскія сувязі, прычым вельмі глыбокія. Гэта не проста сяброўства. Гэта сапраўдная ўзаемная падтрымка, калі мужчыны дапамагаюць адзін аднаму і ў паўсядзённым жыцці. Увогуле, мужчыны любяць не толькі размаўляць, але і рабіць нешта разам. Яны могуць пайсці на шпацыр, разам збіраць мэблю, займацца ў трэнажорнай зале або паехаць на роварах.
Ці гэта сустрэчы для адзінокіх мужчын, якія не маюць з кім пагаварыць і шукаюць ананімнасці?
— Сустрэчы сапраўды ў пэўнай ступені ананімныя. Але ў гэтым выпадку гаворка ідзе найперш пра прынцып: усё, што прагучала ў коле, застаецца ў коле. У гэтым і заключаецца ананімнасць. Пры гэтым самі ўдзельнікі становяцца настолькі блізкімі адзін аднаму, што ўжо пасля некалькіх сустрэч цяжка назваць іх незнаёмымі. Што да адзіноты, то я сказаў бы інакш: у нашым грамадстве многія мужчыны вельмі глыбока адчуваюць адзіноту на працягу значнай часткі свайго жыцця. Яны знаходзяцца ў адзіноце, але гэта не азначае, што яны адзінокія.
У чым заключаецца розніца?
— У іх можа быць шмат знаёмых, сяброў, родных і блізкіх людзей. Але вельмі часта яны не ўмеюць па-сапраўднаму размаўляць з іншымі асобамі, будаваць глыбокія адносіны. Не хапае сапраўднай камунікацыі паміж людзьмі. Таму, нават калі вакол шмат людзей, чалавек усё адно можа пачуваць сябе адзінокім. Асабліва тады, калі ўзнікае важная праблема, якую трэба абмеркаваць або асэнсаваць, а пагаварыць няма з кім. І менавіта такая адзінота вельмі моцна прыгнятае.
Ці дапамагаюць мужчынскія колы аднавіць або з нуля стварыць адносіны з сям'ёй і сябрамі?
— Вельмі файнае пытанне. Насамрэч мужчыны атрымліваюць там не толькі падтрымку, але і смеласць пачаць адкрыта размаўляць са сваім атачэннем — з жонкай, дзецьмі, бацькамі, сябрамі. Іх ніхто спецыяльна не вучыць. Яны проста назіраюць за іншымі мужчынамі, слухаюць іх гісторыі, пераймаюць вопыт. Дзякуючы гэтаму яны паступова набываюць навыкі адкрытай гутаркі — той, якая грунтуецца на праўдзе, шчырасці і даверы. Яны лепш разумеюць, што такое асабістыя межы ў размове, як задаваць пытанні так, каб чалавек насупраць пачуваў сябе ў бяспецы, і як самому быць адкрытым, не баючыся асуджэння. І тады з'яўляецца прастора для сапраўднай размовы, у якой можна гаварыць праўду і не хаваць свае пачуцці.
Я рызыкну меркаванне, што ў большай часткі мужчын такія сустрэчы выклікаюць сорам?
— Меркаванні на гэты конт вельмі розныя. Я чуў шмат самых розных ацэнак. Але ведаю адно: мужчыны не вярталіся б на гэтыя сустрэчы, калі б не адчувалі сябе там добра і бяспечна. Думаю, пакуль толькі каля пяці працэнтаў мужчын — тых, хто задае сабе важныя жыццёвыя пытанні і шукае на іх адказы, — прыходзіць у мужчынскія колы.
Ці застаецца ўдзел у мужчынскіх колах таямніцай для знаёмых гэтага мужчыны?
— Бывае па-рознаму. Ёсць мужчыны, якія адкрыта расказваюць усім, што ходзяць на мужчынскія колы, дзеляцца сваім досведам і тым, што гэта ім дае. Яны фактычна заахвочваюць іншых. А ёсць і такія, хто не хоча пра гэта гаварыць. Пра іх удзел ведаюць толькі самыя блізкія людзі, а калегі ці знаёмыя могуць нават не здагадвацца. Яны не хочуць расказваць пра гэта, бо баяцца насмешак ці асуджэння. Хтосьці можа сказаць: «Дык што, вы ходзіце размаўляць з мужыкамі? Няўжо нельга проста сустрэцца за чаркай?»
Ну вось, сапраўды няма чаркі?
— Не. На гэтых сустрэчах няма ні алкаголю, ні іншых рэчываў, якія змяняюць свядомасць. Гэта цалкам цвярозыя сустрэчы.
Сёння шмат гавораць пра тое, што мужчыны становяцца больш феміннымі, набываюць рысы, якія больш уласцівыя жанчынам, — далікатнасць, уражлівасць, уважлівасць да другога чалавека. Ці азначае гэта, што яны перастаюць быць мужнымі? Перш за ўсё трэба адказаць на пытанне: што такое мужчынскасць, мужнасць?
— І вось тут узнікае праблема, бо кожны разумее яе па-свойму. Адзінага вызначэння няма. Мне здаецца, што цяпер яно толькі фарміруецца. Для мяне сапраўдны мужчына — гэта той, хто не баіцца сказаць, што яму патрэбная дапамога, што ён нечага баіцца або за нешта перажывае. Але адначасова гэта чалавек, які валодае ўнутранай сілай, упэўненасцю ў сабе, умее быць абаронцам. Мужнасць — гэта вельмі шырокі спектр якасцяў, якія дазваляюць чалавеку быць мужчынам. Але даць адно кароткае азначэнне я не магу.
Эмацыянальны мужчына — гэта сапраўдны мужчына ці слабак?
— Эмацыянальнасць — гэта праўдзівасць і шчырасць. А мужчынская сіла, неабходная для жыцця, для клопату пра сям'ю і яе абароны, — гэта другі бок мужнасці. Таму мне вельмі падабаецца назва кнігі Яцэка Маслоўскага «Часам пяшчотны, часам варвар». На мой погляд, яна вельмі дакладна перадае сутнасць мужнасці. Мужчына павінен умець адчуваць эмоцыі і разумець іх, бо эмоцыі — гэта сігналы, якія нешта нам паведамляюць. Не існуе «дрэнных» эмоцый — ёсць толькі эмоцыі, што нясуць інфармацыю. А другі бок — гэта той самы «варвар»: мужчына, які ў патрэбны момант здольны стаць абаронцам для сваёй сям'і. Калі ўзнікае пагроза, ён дзейнічае рашуча, нібы танк, які ідзе наперад, каб абараніць сваіх блізкіх. Гэта пра мужчынскую дзеяздольнасць і здаровую агрэсію, але не пра гвалт.
Чым мужчынскія колы адрозніваюцца ад групавой псіхатэрапіі?
— Гэта хутчэй група ўзаемнай падтрымкі. Мы працуем паводле пэўных прынцыпаў. Адзін з галоўных — усё, што адбываецца ў коле, застаецца ў коле. Мы вельмі адкрыта гаворым пра сур'ёзныя рэчы, але, у адрозненне ад псіхатэрапіі, не паглыбляемся настолькі, каб разбіраць чалавека «па частках». Мы не дапускаем сітуацыі, калі пасля цяжкай размовы чалавек можа эмацыйна рассыпацца. Калі хтосьці прыходзіць на сустрэчу ў цяжкім стане, наша задача — каб пасля сустрэчы ён адчуваў сябе лепш, чым перад сустрэчай. Таму мы клапоцімся пра тое, каб удзельнікі выходзілі са сустрэч умацаванымі, а не эмацыйна спустошанымі.
Пра што мужчыны размаўляюць на мужчынскіх колах? Пра палітыку, працу, жадаюць пахваліцца сваімі поспехамі ці чакаюць падтрымкі? Навошта яны наогул сустракаюцца?
— Пра палітыку мы не размаўляем. Гэта тэма, якая вельмі лёгка выклікае моцныя эмоцыі і падзелы, таму яна нам не патрэбная. Мы таксама не абмяркоўваем рэлігійных перакананняў у тым сэнсе, што не спрабуем нікога пераканаць у сваёй веры. Тут, на Падляшшы, побач жывуць людзі розных веравызнанняў, шмат змешаных сем'яў, у тым ліку і ў маёй сям'і. Таму гэтыя дзве тэмы мы свядома абыходзім. Пра ўсё астатняе можна гаварыць свабодна.
Я падзяляю тэмы на «жывыя» і «тэматычныя». Жывая тэма — гэта тое, што адбываецца з чалавекам зараз. Напрыклад, я магу сказаць:
— Паслухайце, хлопцы, нядаўна мне патэлефанавала дачка. Мы моцна пасварыліся, і мне вельмі цяжка. Ці было ў вас нешта падобнае? Як вы з гэтым справіліся?
Тады пачынаецца размова. Часам яна доўжыцца дзве ці нават тры гадзіны, бо за такой гісторыяй часта хаваецца нешта значна глыбейшае. Мы разам шукаем адказ на пытанне: што насамрэч стаіць за гэтым сумам або болем?
Тэматычная размова выглядае інакш. Напрыклад, мы можам абмяркоўваць саму эмоцыю смутку.
— Ці ведаеце вы, што такое смутак? Як вы яго перажываеце? Пра што ён вам гаворыць?
Гэта ўжо больш філасофская і псіхалагічная размова. Мы спрабуем лепш зразумець саму эмоцыю, навучыцца яе распазнаваць. Такія размовы дапамагаюць лепш пазнаваць сябе.
Наколькі мужчынскія колы папулярныя ў Польшчы?
— Я думаю, што традыцыя колаў існуе ўжо тысячы гадоў. У нейкі момант яна проста знікла. Калі паглядзець у гісторыю, можна заўважыць, што мужчыны паступова перасталі сустракацца і адкрыта размаўляць паміж сабой. Вялікі ўплыў на гэта аказалі абедзве сусветныя войны. Дастаткова ўявіць сабе, што падчас Першай і Другой сусветнай вайны загінулі дзясяткі мільёнаў мужчын. Тыя ж, хто вярнуўся, часта былі глыбока траўмаваныя. Многія замыкаліся ў сабе, сыходзілі ў залежнасці або проста не маглі вярнуцца да нармальнага жыцця і адкрытых размоў. Таму можна сказаць, што традыцыя мужчынскіх колаў на нейкі час была страчана. Але сёння яна адраджаецца, і гэта вельмі радуе. У Польшчы існуюць розныя формы мужчынскіх колаў. За мяжой таксама падтрымліваюцца старажытныя традыцыі — славянскія, скандынаўскія, калі мужчыны збіраліся каля вогнішча і абмяркоўвалі жыццё сваёй супольнасці. Сёння мэта гэтых сустрэч іншая: мужчыны хочуць будаваць здаровыя адносіны з іншымі людзьмі і мець месца, дзе можна адкрыта пагаварыць пра жыццё.
Ці няма небяспекі, што мужчына, які добра адчувае сябе ў мужчынскім коле, аддаліцца ад сям'і, ад сваёй дзяўчыны і пачне жыць толькі гэтым асяроддзем?
— Не, зусім не. Мы не ўцягваем мужчын у нейкую секту і не імкнёмся зрабіць так, каб яны жылі толькі мужчынскім асяроддзем і лічылі сябе самадастатковымі. Наадварот, вельмі часта мы гаворым пра адносіны ў сям'і, пра шлюб, пра тое, як стаць лепшым мужам і бацькам. Нярэдка бывае, што пасля некалькіх месяцаў удзелу ў коле мужчына кажа:
— За апошнія паўгода наш шлюб нібыта ажыў. Мы з жонкай пачалі лепш разумець адзін аднаго, больш адкрыта размаўляем, сапраўды бачым адзін аднаго.
Вядома, здараюцца і выпадкі, калі чалавек прымае рашэнне пакінуць сям'ю, бо разумее, што гэтыя адносіны ўжо немагчыма выратаваць. Але гэта не вынік удзелу ў мужчынскім коле. Галоўнае — чалавек пачынае лепш разумець сябе і свядома прымаць жыццёвыя рашэнні.
Як тэхнічна праходзяць сустрэчы? Хто можа далучыцца? Ці мужчынскае кола не мае канца?
— Можна ўдзельнічаць столькі, колькі чалавек адчувае патрэбу. Кожная сустрэча складаецца з чатырох частак. Спачатку адбываецца першае кола, падчас якога кожны расказвае, з чым ён прыйшоў. Потым выбіраецца тэма для абмеркавання — альбо «жывая», альбо «тэматычная». Пасля ёсць невялікі перапынак, а напрыканцы — заключнае кола, дзе кожны гаворыць, з чым ён сыходзіць пасля сустрэчы. У мяне сустрэчы адбываюцца раз на тры тыдні і доўжацца каля трох гадзін. У іншых мадэратараў яны могуць праходзіць раз на два тыдні. Як знайсці мужчынскае кола? У нас ёсць сайт maskulinum.org, дзе ў раздзеле «Męskie Kręgi» размешчана карта Польшчы. На ёй можна знайсці мадэратара ў сваім рэгіёне. Мы таксама прысутнічаем у сацыяльных сетках — Facebook, Instagram, TikTok. Акрамя таго, распаўсюджваем улёткі і плакаты ў сваіх гарадах.
Ці ёсць узроставыя абмежаванні?
— Так. Удзельнічаць могуць мужчыны ад васемнаццаці гадоў. Верхняй узроставай мяжы няма.
Як доўга можна быць удзельнікам?
— Столькі, колькі чалавек гэтага хоча. У мяне ёсць мужчыны, якія наведваюць кола ўжо больш за два гады.
Ці можна кагосьці «адправіць» у мужчынскае кола, бо хтосьці іншы палічыў, што чалавеку гэта патрэбна?
— Я б не ўжываў слова «адправіць». Можна расказаць чалавеку пра такую магчымасць, параіць, але рашэнне павінен прыняць толькі ён сам. Вельмі радуе, што цяпер самі ўдзельнікі рэкамендуюць мужчынскія колы сваім сябрам. Але нават тады яны не настойваюць — проста дзеляцца сваім вопытам, а выбар пакідаюць чалавеку.
Што аб'ядноўвае дваццацігадовых і мужчын пасля шасцідзесяці, якія сустракаюцца ў адным коле?
— Менавіта розніца ва ўзросце і становіцца вялікай каштоўнасцю. Малады мужчына можа сказаць:
— Я не магу знайсці паразуменне з бацькам або дзядулем.
І тады старэйшы ўдзельнік тлумачыць, што можа адчуваць чалавек яго ўзросту і як лепш наладзіць з ім размову.
А бывае і наадварот. Шасцідзесяцігадовы мужчына кажа:
— Не магу знайсці агульную мову з сынам.
І тады маладыя ўдзельнікі расказваюць, як сёння мысліць іх пакаленне, чаго яно чакае ад размовы і што дапамагае лепш разумець адзін аднаго. Так адбываецца сапраўдны дыялог паміж пакаленнямі.
Ці можна сказаць, што мужчынскія колы — гэта прыкмета нашага часу?
— Я думаю, што мужчынскія колы — гэта адзін з інструментаў развіцця, гэтаксама як псіхатэрапія або адукацыйныя трэнінгі. Яны дапамагаюць мужчыну лепш пазнаць сябе, развіваць эмацыянальную сталасць, адчуваць большую ўпэўненасць і адказнасць за сваё жыццё. Часам я кажу, што сёння адбываецца своеасаблівая эмансіпацыя мужчын. Іншымі словамі, фарміруецца новае разуменне мужнасці, новы мужчынскі этас. Таму так: для мяне мужчынскія колы — адзін з сімвалаў новага часу.
А як гэта выглядае на традыцыйным Падляшшы, дзе пануе этас моцнага мужчыны, які не плача, не паказвае свае эмоцыі, цяжка працуе?
— Шчыра кажучы, калі пасля курсаў у Яцэка Маслоўскага (трэнер па мужчынскіх колах) я пачынаў арганізоўваць колы ў Беластоку, мне здавалася, што будзе вельмі цяжка. Сёння магу сказаць, што я памыляўся. Цяпер я вяду ўжо дзевяць груп, у якіх удзельнічае больш за сто мужчын. У Беластоку працуе ўжо чатыры мадэратары, а ва ўсім паўночна-ўсходнім рэгіёне Польшчы — дзесяць. Гэта ўжо некалькі соцень мужчын, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у сустрэчах. Калі я арганізаваў сваё першае кола 28 мая 2024 года, ніхто не ведаў, што ж гэта такое. Цяпер, калі спытаць пра мужчынскія колы ў Беластоку, многія адказваюць:
— Так, чуў. Ведаю чалавека, які туды ходзіць і вельмі задаволены.
На пачатку людзі ставіліся да нас з недаверам, бо не разумелі, пра што ідзе гаворка. Цяпер гэта паступова змянілася.
Ці можна сказаць, што ўдзел у мужчынскім коле стаў своеасаблівым знакам прэстыжу?
— Магчыма, гэта занадта моцнае слова. Але сапраўды многія ўдзельнікі адчуваюць сябе ўдзельнікамі элітнай групы, бо належаць да супольнасці добрых, адказных і адкрытых мужчын. Але гэта ў добрым значэнні гэтага слова.
Дзякуй за размову. Думаю, многія жанчыны хацелі б, каб іх муж або партнёр хаця б адзін раз прыйшоў на такую сустрэчу — каб лепш пазнаць сябе, навучыцца будаваць адносіны і быць больш адкрытым.
Гутарыла Яланта Смялоўская