Аднак найбольшая група палякаў заяўляе, што гатовая ўдзельнічаць ва ўзброенай барацьбе. Пра гэта сведчаць вынікі апытання United Surveys by IBRiS, праведзенага для парталу Wirtualna Polska.
30,8 працэнта апытаных заявілі, што ўзялі б удзел у баявых дзеяннях, але толькі ў выпадку абавязковай мабілізацыі. Яшчэ 19,9 працэнта пайшлі б ваяваць добраахвотна.
У той жа час 19,7 працэнта рэспандэнтаў паспрабавалі б пакінуць Польшчу ў пошуках бяспечнага месца. 12 працэнтаў адмовіліся б удзельнічаць у баявых дзеяннях нават пасля атрымання абавязковай павесткі.
17,6 працэнта ўдзельнікаў апытання не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Пазіцыя выбаршчыкаў
Адказы істотна адрозніваюцца ў залежнасці ад палітычных поглядаў рэспандэнтаў.
Сярод выбаршчыкаў партый кіруючай кааліцыі (ліберальна-цэнтрысцкіх) 27 працэнтаў заявілі, што пайшлі б ваяваць у выпадку абавязковай мабілізацыі, а 23 працэнты зрабілі б гэта добраахвотна. 16 працэнтаў паспрабавалі б пакінуць краіну, а 13 працэнтаў адмовіліся б ваяваць нават пасля атрымання павесткі.
Сярод прыхільнікаў апазіцыі, у якой кансерватыўныя партыі — у тым ліку «Права і справядлівасць», дзве ўльтраправыя партыі пад назвай «Канфедэрацыя» i левая партыя «Razem» — 36 працэнтаў заявілі пра гатоўнасць ваяваць у выпадку абавязковай мабілізацыі. 17 працэнтаў пайшлі б у войска добраахвотна. 16 працэнтаў адмовіліся б ад удзелу ў баявых дзеяннях нават пасля мабілізацыі, а 12 працэнтаў спрабавалі б пакінуць Польшчу.
Найбольшая гатоўнасць да мабілізацыі – сярод выбаршчыкаў ультраправай «Канфедэрацыі». 46 працэнтаў з іх заявілі, што пайшлі б ваяваць пасля атрымання мабілізацыйнай павесткі. Яшчэ 21 працэнт зрабіў бы гэта добраахвотна. 15 працэнтаў адмовіліся б ад удзелу ў баявых дзеяннях, а 11 працэнтаў спрабавалі б пакінуць краіну.
Апытанне United Surveys by IBRiS было праведзена па замове Wirtualnej Polski 24 і 25 ліпеня 2026 года. У ім удзельнічалі 1000 чалавек. Даследаванне праводзілася праз інтэрнэт і па тэлефоне.
яс