Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

 «Мілінкевіч быў чалавекам, які не шукаў канфліктаў, а будаваў масты»

22.08.2026 06:01
Сёння ў Варшаве на Ваенных могілках Павонзкі пахаваюць Аляксандра Мілінкевіча, чалавека, пра якога «казалі еўрапейскае аблічча Беларусі».
Аўдыё
  • Паляк Павел Казанэцкі ўспамінае свайго беларускага сябра Аляксандра Мілінкеча
Аляксандр МілінкевічАўтар: Serge Serebro, Vitebsk Popular News - Уласная праца, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=9669572

Сёння ў Варшаве на Ваенных могілках Павонзкі пахаваюць Аляксандра Мілінкевіча, чалавека, пра якога «казалі, што ён быў еўрапейскім абліччам Беларусі». Па адукацыі — фізік, былы віцэ-мэр Гродна, грамадскі і палітычны дзеяч.

Для свету ён быў палітыкам, для многіх беларусаў — голасам сумлення. У яго было шмат сяброў як у Беларусі, так і за межамі краіны. Польскі палітолаг, які шмат гадоў падтрымлівае незалежную Беларусь, Павел Казанэцкі, часта працаваў з Аляксандрам Мілінкевічам.

Ён падкрэслівае, што самая моцная рыса характару Мілінкевіча — у тым, што ён умеў прыслухацца да кожнага чалавека: ніхто не быў для яго абыякавы. Дзякуючы сваёй цеплыні спадар Аляксандр прыцягваў да сябе людзей і быў натуральным лідарам.

— Мілінкевіч пакінуў пасля сябе важную культурную спадчыну, стварыўшы шмат месцаў памяці ў Гродне, якому служыў шмат гадоў, — адзначае Казанэцкі і падкрэслівае, што Мілінкевіч таксама стварыў месцы памяці, важныя для палякаў. У тым ліку ён прычыніўся да аднаўлення магіл палякаў, якія загінулі ў 1939 годзе пры абароне Гродна.

Таксама Мілінкевіч арганізоўваў месца памяці польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Трэба адзначыць, што Мілінкевіч разам з прафесарам Станіславам Лорэнцам арганізаваў перапахаванне астанкаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1988 годзе ў архікатэдральным касцёле Святога Яна ў Варшаве. Гэта быў вынік пагаднення і супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры БССР і Міністэрствам культуры Польшчы.

Павел Казанэцкі асабліва падкрэслівае дзейнасць Мілінкевіча ў сферы культуры. Дарэчы, ён пазнаёміўся з ім праз арганізацыю «Ратуша», з дапамогай якой спадар Аляксандр аб'яднаў шмат розных дзеячаў культуры Гродна і Гарадзеншчыны. Мілінкевіч быў таксама арганізатарам сеткі грамадскіх арганізацый па ўсёй Беларусі, якая пазней стала касцяком «Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі».

— Мілінкевіч стварыў свой прыватны музей у Берштах, які не так даўно, на жаль, быў знішчаны, а яго маёмасць канфіскавана ўладамі. У музеі ён збіраў артэфакты, звязаныя з гісторыяй Гарадзеншчыны і, найперш, з каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім, — нагадаў Казанэцкі.

— Мілінкевіч ніколі не быў абліччам радыкалізму, працаваў у структурах рэгіянальных улад Беларусі пасля ўзнікнення Рэспублікі Беларусь, умеў размаўляць з наменклатуршчыкамі, — падкрэслівае Казанэцкі і дадае, што Мілінкевіч быў чалавекам, які не шукаў канфліктаў, а будаваў масты.

— У гэтым заключалася ягоная моц, — упэўнена кажа польскі сябра і супрацоўнік Аляксандра Мілінкевіча Павел Казанэцкі.

Аляксандр Мілінкевіч пражыў 79 гадоў. Ён памёр у Варшаве 11 жніўня.


Яраслаў Іванюк/яс

Беларускі палітык Аляксандр Мілінкевіч у рэанімацыі пасля аперацыі на сэрцы

25.11.2025 18:27
У польскім шпіталі Аляксандру Мілінкевічу зрабілі стэнціраванне на соннай артэрыі.

Іна Кулей распавяла пра стан здароўя Мілінкевіча і пра тое, як яму дапамагалі

11.06.2026 12:53
Аляксандр Мілінкевіч гадамі дапамагаў беларусам у сваёй палітычнай і грамадскай дзейнасці. Калі ён сам апынуўся ў цяжкай сітуацыі з-за хваробы, беларусы імгненна яму дапамаглі.