Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Прэзідэнт Польшчы напісаў ліст сям'і і ўдзельнікам цырымоніі пахавання Мілінкевіча

22.08.2026 15:33
Караль Наўроцкі пасмяротна ўзнагародзіў Аляксандра Мілінкевіча Афіцэрскім крыжам Ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча».
Прэзідэнт Польшчы пасмяротна ўзнагародзіў Аляксандра Мілінкевіча Афіцэрскім крыжам Ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча»PAP/Marcin Obara

Сёння, 22 жніўня, у Варшаве адбылося пахаванне Аляксандра Мілінкевіча.

Развітанне і святая імша прайшлі ў важнейшым варшаўскім храме — у Архікатэдры святога Яна Хрысціцеля ў Старым горадзе.

Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Караль Наўроцкі напісаў ліст, адрасаваны сям'і і ўдзельнікам цырымоніі развітання з Аляксандрам Мілінкевічам. Ліст зачытаў дарадца Прэзідэнта Польшчы Лешак Скіба.


Ліст прэзідэнта Наўроцкага зачытаў дарадца Прэзідэнта Польшчы Лешак Скіба. Ліст прэзідэнта Наўроцкага зачытаў дарадца Прэзідэнта Польшчы Лешак Скіба.

— Бел-чырвона-белы сцяг, але таксама і бела-чырвоны сцяг, сёння схіляюцца ў знак павагі да чалавека вялікіх ведаў, сумленнасці і мужнасці. У асобе Аляксандра Мілінкевіча мы развітваемся з навукоўцам, педагогам, дзяржаўным служачым, грамадскім дзеячам і палітыкам, які прысвяціў свае таленты і сілу характару, сфарміраваную ў тым ліку і дзякуючы яго любові да спорту, справе свабоднай Беларусі.

Прэзідэнт Наўроцкі падкрэсліў у лісце, што Мілінкевіч належаў да пакалення беларускіх актывістаў і палітыкаў, якія бачылі будучыню сваёй радзімы ў дэмакратыі, развіцці і добрых адносінах з суседзямі і рэгіёнам.

— Ён меў асаблівыя сувязі з Польшчай. Ён — праўнук паўстанца Студзеньскага паўстання, вылучыўся ў пошуках парэшткаў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста, якія праходзілі ў касцёле ў Волчыне на Гродзеншчыне, — напісаў Наўроцкі і прыгадаў, што Мілінкевіч таксама спрычыніўся да стварэння польскай школы ў Гродне.

У лісце польскага прэзідэнта зазначаецца, што Аляксандр Мілінкевіч выступаў за добрыя адносіны паміж Беларуссю і свабоднай Польшчай і за павагу правоў палякаў, грамадзян Рэспублікі Беларусь. У знак прызнання яго дзейнасці на гэтым полі Мілінкевічу было прысвоенае званне ганаровага члена Саюза палякаў Беларусі.

У вымушанай эміграцыі ў Польшчы Мілінкевіч працягваў сваю грамадскую, палітычную і культурную дзейнасць. Ён быў суініцыятарам стварэння польскімі ўладамі Стыпендыяльнай праграмы ўрада Рэспублікі Польшча імя Кастуся Каліноўскага і быў ініцыятарам і Канцлерам Свабоднага ўніверсітэта Беларусі – установы, арганізаванай сумесна з Цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, якая рыхтуе лідараў будучай дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Раней Мілінкевіч быў узнагароджаны медалём «За заслугі перад польскай культурай» і ўзнагародай «Рыцар Свабоды» Фонду імя Казіміра Пуласкага за працу ў імя свабоды, справядлівасці і дэмакратыі.

У 2022 годзе рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Аляксандр Мілінкевіч атрымаў польскае грамадзянства.

Аляксандр Мілінкевіч пахаваны на Ваенных могілках «Павонзкі» ў Варшаве (Cmentarz Wojskowy na Powązkach).

яс