Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Гісторык: Беларусы ваявалі на франтах Другой сусветнай вайны з першага дня

02.09.2026 12:42
У верасні 1939 года на вайну з нацыстамі трапілі каля 70 тысяч этнічных беларусаў.
Аўдыё
  • Юры Грыбоўскі - размова пра беларусаў у Польскім Войску
      ,    ,
Помнік абаронцам узбярэжжа на Вестэрплатэ ў Гданьску, дзе змагаліся таксама беларусы, якія служылі ў Войску ПольскімPAP/Adam Warżawa

Першага верасня 1939 года нацысцкая Германія напала на Польшчу. Пачалася Абаронная вайна польскіх войск, якая доўжылася з 1 верасня да 6 кастрычніка 1939 года. У шэрагах тагачаснай польскай арміі было шмат беларусаў. Паводле ацэнак гісторыкаў, беларусы складалі каля 9,5% асабовага складу Войска Польскага ў 1939 годзе, а на вайну трапілі каля 70 тысяч этнічных беларусаў.

Тэмай беларусаў у польскай арміі падрабязна ўжо доўгі час займаецца  гісторык Юры Грыбоўскі, які напісаў кнігу «Беларусы ў Польскім Войску (1919–1947 гг.), якая нядаўна дачакалася перавыдання. Мы сустрэліся з Юрыем ды паразмаўлялі пра лёс байцоў-беларусаў, пра тое, ці вядомы імёны ўсіх удзельнікаў тых падзей, пра маштаб удзелу.

— У тым, што беларусы бралі ўдзел у баявых дзеяннях у верасні і на пачатку кастрычніка 1939 года ў шэрагах Войска Польскага, няма нічога дзіўнага, паколькі ў межах міжваеннай польскай дзяржавы пражывала каля 2 мільёнаў беларусаў. Яны, як і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, будучы грамадзянамі Другой Рэчы Паспалітай, абавязаны былі праходзіць тэрміновую службу, падлягалі ўсеагульнай вайсковай павіннасці. Напярэдадні і на пачатку Другой сусветнай вайны, яшчэ ў сакавіку 1939 года, польскія ўлады абвясцілі частковую мабілізацыю, а літаральна перад пачаткам вайны ў жніўні 1939-га была абвешчана ўсеагульная мабілізацыя.

Беларусы, як польскія грамадзяне, таксама былі мабілізаваныя, тлумачыць эксперт.

— Паводле маіх падлікаў, у польскае войска трапіла ў той час не менш за 70–75 тысяч беларусаў. Гэта былі як рэзервісты, так і салдаты тэрміновай службы, якія напярэдадні прызвалі ў войска для абавязковай вайсковай службы.

Ці можна вызначыць зараз, у якіх фармаваннях змагаліся беларусы ў 1939 годзе?

— Гэта былі ў асноўным злучэнні, дывізіі ды брыгады, якія належалі да двух карпусоў. Трэці корпус, штаб якога месціўся ў Гродне, і дзявяты, так званы Палескі корпус, штаб якога знаходзіўся ў Берасці. Гэтыя падраздзяленні, якія складаліся з рэзервістаў, у тым ліку беларусаў, напярэдадні вайны перакінулі на поўнач і на захад краіны, бліжэй да нямецкай мяжы. Менавіта яны з першага дня вайны, гэта значыць ужо 1 верасня ўзялі актыўны ўдзел у баявых дзеяннях.

Вядомы лёс гэтых людзей?

— Беларусы, польскія вайскоўцы, падзялілі лёс сваёй дзяржавы. Так, у верасні і на пачатку кастрычніка 1939 года частка з іх сапраўды апынулася ў нямецкім і савецкім палоне, але частка таксама загінула. Мы не ведаем, на жаль, імёны ўсіх палеглых у кампаніі 1939 года, але паводле маіх падлікаў даводзіцца казаць пра тысячы. Можа было 7 тысяч, а магчыма, нават і 9 тысяч. Але большасць усё ж трапіла ў палон.

Як вынікае з маіх даследаванняў, у нямецкі палон трапіла не менш чым 30, а магчыма, нават і 40 тысяч польскіх вайскоўцаў беларускай нацыянальнасці. Яны знаходзіліся на тэрыторыі Германіі, Аўстрыі, і таксама на тэрыторыі акупаванай Чэхаславаччыны. Былі размешчаныя фактычна ў статусе ваеннапалонных у нямецкіх лагерах.

Пачынаючы з 1940 года, немцы пачалі іх вызваляць і надаваць ім іншы статус. Ужо яны не былі ваеннапалоннымі, але лічыліся замежнымі работнікамі, якія павіны былі працаваць на прамысловасці альбо ў сельскай гаспадарцы Германіі. Трэба сказаць, што немцы рабілі спробу таксама перадаць беларусаў Саветам да лета 1941 года, калі адносіны паміж двума дыктатурамі — нямецкай і савецкай — былі добрыя. Нямецкі бок хацеў перадаць ваеннапалонных беларусаў, украінцаў у СССР, але савецкі бок прыняў толькі частку. Гэтыя людзі, хто застаўся ў нямецкім палоне, большасць з іх дачакалася канца Другой сусветнай вайны на нямецкай тэрыторыі і акупаваных немцамі краін у статусе замежных працаўнікоў альбо прымусовых работнікаў.

Інакш склаўся лёсы тых, хто апынуўся ў савецкім палоне.

— Нагадаем, што не толькі Германія, але і Савецкі Саюз у верасні 1939 года атакаваў польскую дзяржаву. І таму не выпадкова значная частка вайскоўцаў, у тым ліку і беларусаў трапіла ў савецкі палон. У кастрычніку 1939 года большасць беларусаў была вызвалена з палону, яны вярнуліся дахаты, але некалькі тысяч, паводле маіх падлікаў не менш як 5 тысяч беларусаў, працягвалі знаходзіцца ў лагерах, іх выкарыстоўвалі як дармовую альбо танную працоўную сілу, скіроўваючы на розныя прадпрыемствы Наркамата чорнай металургіі альбо на будову шашы нумар 1, напрыклад, ва Украіне, а потым у Комі АССР.

Яны дачакаліся нямецка-савецкай вайны, і ў большасці папоўнілі шэрагі Польскай арміі пад камандаваннем генерала Уладыслава Андэрса, якая ў той час пачынала фармавацца ў СССР. Гэта тычылася шарагоўцаў, тады як лёс афіцэраў, у тым ліку беларусаў, быў, на жаль, вельмі трагічны. Як мы ведаем, гэтыя людзі былі расстраляныя ў красавіку і траўні 1940 года. Мы гаворым пра Катынскае злачынства, сярод ахвяр Катынскага злачынства былі таксама і беларусы, у тым ліку і вядомыя беларусы. Найбольш вядомы прыклад — Францішак Умястоўскі, першы рэдактар першай беларускай газеты «Наша доля».

Падзеі верасня 1939 года — вельмі гераічная, і адначасова трагічная гісторыя, пра якую трэба ведаць, памятаць і шанаваць, перакананы беларускі гісторык Юры Грыбоўскі, які больш за 30 гадоў займаецца тэмай беларусаў у Войску Польскім.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле