У Гданьску прайшла сустрэча з часткай лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды 2026». Мэтай прэміі ў 2026 годзе стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве.
Сёлета прэмію атрымалі дзевяць лаўрэатак і лаўрэатаў. Трое асобаў з іх зашыфраваныя і не абвяшчаюцца публічна з меркаванняў бяспекі.
Публічныя лаўрэаты і лаўрэаткі прэміі «Голас пакалення свабоды 2026»: Наталля Бордак (Наталка Хвоя), Алесь Лозка, Аляксандр Манцэвіч, Соф’я Савелава, Аляксандр Смалянчук, Тамара Шчапёткіна.
Соф’я Савелава прысвяціла жыццё аднаўленню гуманітарнай адукацыі, конкурсам маладых даследчыкаў і міжнародным праграмам ЮНІСЕФ. Яна гаворыць, што адказ на пытанне, што значыць быць свабодным чалавекам, можа быць вельмі простым: не баяцца быць чалавекам. А быць чалавекам — гэта браць адказнасць. Свабодны чалавек дакладна ведае, чаго ён ніколі не зробіць.
— Вольны чалавек — гэта чалавек, які дакладна ведае, што ён ніколі не будзе рабіць. Чаму ён дакладна ведае? Бо ў яго ёсць табу, якое ён сам сабе вызначыў. Не таму, што нехта кажа: не забі, а таму што, прааналізаўшы, паразважаўшы, ён сабе сказаў: а ты не забі, а ты не хлусі. І ўсё астатняе, што вось з гэтым звязана. Усё гэта менавіта таму, што для нармальнага чалавека спакуса і праверка межаў дазволенага — гэта нармальна. І дзеці, якія гэта не робяць у сваім падлеткавым узросце, ды і ў дзіцячым узросце, яны ніколі не будуць свабоднымі. Гэта перадрэсіраваныя дзеці, перавыхаваныя, ці яшчэ неяк па-іншаму сказаць, празмерна апекаваныя дзеці. Таму вольны чалавек, ён ніколі не ведае, як ён паступіць, але здольны да імправізацыі. І вось гэта вось самае істотнае, чаго нам нельга забіваць ні ў сабе, ні ў людзях.
Кандыдат філалагічных навук, фалькларыст, этнаграфічны даследчык Палесся, шматгадовы кіраўнік Таварыства беларускай школы Алесь Лозка ў інтэрв’ю сваю галоўную думку засяродзіў на абароне роднай культуры, на тым, як захаваць і перадаць культурны код дзецям.
— Каб быць беларусам, безумоўна, многа залежыць ад нашых бацькоў, ад сям'і, як яны выхоўваюцца. І, безумоўна, вельмі важнае значэнне вось якраз за мяжою мае, скажам, школа, беларуская школа. З беларускай школай у мяне звязана амаль усё маё жыццё. Разам з таварышамі мы стваралі Таварыства беларускай мовы, затым Таварыства беларускай школы, якое я ўзначальваў дзесьці тры дзясяткі гадоў. Так ужо сталася, калі я апынуўся за мяжою сам, ва Украіне, затым і тут у Польшчы, то адразу пачаў зноў-такі са школы. Павінна быць у нашых дзяцей свая школа. Беларуская школа, каб нашы дзеці былі і адчувалі сябе беларусамі. Таму давялося мне і тут у Польшчы ствараць зноў беларускую школу ў Варшаве, хаця яна называлася ў Варшаве, а філіялы былі і ў Гданску, у Кракаве, і ў Беластоку, у Батумі, Тбілісі, і ў па-сутнасці ў Вільні. Мала таго, яшчэ адзін самы вялікі філіял — гэта анлайн-філіял. Мы падлічылі, у анлайн-навучанні былі занятыя дзеці з больш чым з 30 краін свету.
Паэтцы і мастачцы Наталцы Бордак (Наталцы Хвоі) у дзяцінстве часта казалі памаўчаць, бо яна малая. У дарослым жыцці яна не змагла змаўчаць. У 2014 годзе абышла Нясвіж з антываенным плакатам. У 2020 годзе, седзячы ў карцары, запісвала алоўкам на сурвэтцы вершы пра непакорных, а ў выгнанні зладзіла цэлы шэраг выстаў пра волю і супраціў.
— Вельмі складана апынуцца ў выгнанні ўжо ў такім узросце. Шэсць гадоў мінула, а я прыехала, калі мне было 60. Але побач са мной дзеці, яны мяне падтрымліваюць. Я, як вольны чалавек, як чалавек, які прагне свабоды, не магла не маляваць, не магла не пісаць вершы, бо гэта ў мяне ўнутры, гэта ў мяне закладзена, напэўна, ад роду, ад мамінай беларускай песні, з якой я расла, і любоў да роднай зямлі і роднага краю. Я знаходжу сілы, каб нешта рабіць і гэта паказваць, не хаваць гэта дзе-небудзь у пакоі сваім. Хацела б падзякаваць арганізатарам, журы прэміі за гэты давер, быць у шэрагу адзначаных лёсам і выбарам. Таксама дзякую ўсіх, хто падтрымліваў мяне на гэтым шляху. Сёння гэта думка асабліва важная для мяне, як для чалавека, які гаворыць па-беларуску і якому дарагая беларуская культура, бо наш голас — гэта наш вопыт, наша родная мова, нашы надзеі і наша права быць вольнымі і быць пачутымі. Магчыма, мы не ведаем адказаў на ўсе пытанні, але мы можам заставацца і выбіраць на якім баку мы можам быць: на баку салідарнасці ці абыякавасці, на баку маўчання ці вольнага слова, страху ці чалавечнай годнасці.
Алесь Манцэвіч заснаваў «Рэгіянальную газету», якая навучыла тысячы людзей чытаць па-беларуску і адчуваць сябе мясцовай супольнасцю. Чатыры гады за сваю журналісцкую дзейнасць ён правёў за кратамі, а потым быў выштурхнуты ў замежжа.
— Як бы не парадаксальна, але факт, што гэта дзіўна, што на Беларусі выходзяць газеты на беларускай мове. Сваёй працай, дзейнасцю мы хацелі разбурыць гэтыя і міфы, якія складаюцца, што нічога вартага, нічога эканамічна ўстойлівага не можна зрабіць на беларускай мове. Мы выдаваліся з 95-га года, былі самадастатковымі, жылі, зарабляючы пры дапамозе беларускага слова. Я лічу, што гэта міф, што ў бізнесе не можна ствараць вартых рэчаў на беларускай мове. Для мяне, як для выдаўца, газета ў першую чаргу была, ну, хай сабе не бізнес, але гэта тое, што давала магчымасць жыць некалькім семʼям. А з чытачом яднанне ўзнікае тады, калі ты іхнія праблемы бачыш як свае праблемы. Я лічу, што гэта магчыма ў газетах мясцовых, калі твой сусед — гэта твой чытач.
Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў і лаўрэатак у зборніку, які быў прэзентаваны падчас сустрэчы. Асобаў для намінацыі можна было прапаноўваць праз анкету, якую распаўсюджвалі сузаснавальнікі, якія і намінавалі кандыдатаў і кандыдатак.
Партнёрамі сёлетняй прэміі сталі Беларускі ПЭН, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фонд Алеся Бяляцкага.
Інтэрв’ю лаўрэатаў выдадзеныя ў друкаванай версіі, кнігу можна набыць у беларускіх кнігарнях і онлайн, бясплатна кнігу можна пачытаць у інтэрнэце.
ав