Ролю Аляксандра Надсана для беларусаў можна параўнаць з роляй Ежы Гедройца для палякаў. Працуючы ў эміграцыі, айцец Надсан і асяродак Скарынаўскай бібліятэкі захоўвалі ідэю незалежнай і дэмакратычнай Беларусі ў часы савецкага таталітарызму. Сёння, на фоне новай хвалі беларускай эміграцыі пасля 2020 года, гэтая спадчына набывае асаблівую актуальнасць, а сама Скарынаўская бібліятэка перажывае адраджэнне.
У польскай пасляваеннай гісторыі важнае месца займае Ежы Гедройц і парыжскі часопіс «Культура», які называюць цэнтрам свабоднай польскай палітычнай і культурнай думкі ў эміграцыі. Некаторыя гісторыкі нават зазначаюць, што асновы ўсходняй палітыкі цяперашняй Польскай Рэспублікі былі закладзеныя менавіта асяроддзем «Культуры». Ідзецца пра дактрыну УЛБ (Украіна, Літва, Беларусь), распрацаваную Гедройцам сумесна з Юліушам Мерашэўскім. Гэтая канцэпцыя пастулявала, што ўмовай незалежнасці Польшчы зʼяўляецца суверэнітэт усходніх суседзяў і адмова ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў (у тым ліку на Вільню і Львоў). Менавіта гэтая думка стала падмуркам польскай знешняй палітыкі пасля 1989 года.
У беларусаў таксама ёсць шэраг эміграцыйных цэнтраў. Адзін з іх месціцца ў Лондане – гэта асяродак Скарынаўскай бібліятэкі, дзе адным з заснавальнікаў быў Айцец Аляксандр Надсан. Для беларусаў яго ўнёсак можна параўнаць з роляй Ежы Гедройца для палякаў. Падобна да таго, як Гедройц і яго «Культура» працавалі на перспектыву незалежнай Польшчы, Надсан і асяродак Скарынаўскай бібліятэкі захоўвалі і развівалі ідэю беларускай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі ў часы савецкага таталітарызму, перакананая выканаўчая дырэктарка Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Наста Ільіна.
— Трэба сказаць, што сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Надсана. Гэта добры момант, каб яшчэ раз паспрабаваць пераасэнсаваць важнасць і ролю гэтай асобы для нас усіх, беларусаў. Аляксандр Надсан усё сваё свядомае жыццё дзейнічаў у эміграцыі. Беларусь акурат цяпер перажывае падобны лёс, які спазналі беларусы пасля Другой сусветнай вайны, калі шмат хто пакідаў краіну і мусіў нанова ўладкоўваць сваё жыццё за мяжой. Але, апроч уладкавання жыцця за мяжой, трэба яшчэ заставацца беларусам і працаваць для Беларусі. І, менавіта, тут насоўваецца такое параўнанне: Аляксандр Надсан для беларусаў – гэта як Ежы Гедройц для палякаў. Таму што адной з мэтаў «Культуры» Ежы Гедройца было ўплываць, прынамсі ў сферы палітычных ідэяў, калі можна так акрэсліць, на Польшчу і польскія эліты. У перспектыве – калі Польшча адбудуецца як незалежная краіна. І гэта, у прынцыпе, атрымалася.
Тое самае рабіў Айцец Надсан, які ўсё сваё свядомае жыццё правёў у эміграцыі, працуючы дзеля Беларусі.
— З перспектывы часу мы таксама можам заўважыць, што дзейнасць Аляксандра Надсана адпавядае гэтаму акрэсленню. Аляксандр Надсан у Лондане, асяродак Скарынаўкі, адным з заснавальнікаў якога ён быў, – яны працавалі на перспектыву для Беларусі, для яе будучыні. Яны стваралі ды захоўвалі тую Беларусь – беларускую, дэмакратычную, незалежную – у часы, калі ў Беларусі панаваў таталітарызм, калі наша краіна была акупаваная Савецкім Саюзам. Цяпер мы, беларусы, якія таксама знаходзяцца за мяжой, можам ацаніць гэты даробак Айца Аляксандра. Надсан для нас – як Ежы Гедройц для Польшчы: ён паказаў пэўны кірунак, у якім трэба рухацца. Адсюль такое паліталагічнае, філасофскае параўнанне. Яно мае пад сабой даволі глыбокі сэнс. Лонданскі асяродак быў заўважны і вельмі актыўны ў пасляваенны час, пасля Другой сусветнай вайны. Ён меў свае ўзлёты і запаволенні ў дзейнасці, але традыцыйна Скарынаўка, гэты збор, які стварыў айцец Надсан, рупліва працавала штодня і дзеля захавання беларускай мовы, і дзеля яе развіцця, і ў навуковым кірунку.
Досвед Айца Надсана асабліва актуальны сёння, калі шмат беларусаў вымушаныя нанова ўладкоўваць сваё жыццё за мяжой, адначасова захоўваючы сваю нацыянальную ідэнтычнасць і працуючы на карысць Беларусі, зазначае экспертка.
— Ужо прайшло 11 гадоў, як Айцец Надсан сышоў з жыцця. І, мабыць, патрэбны быў такі час, каб яшчэ раз пераасэнсаваць яго спадчыну. І што цікава: Скарынаўка ў дадзены момант перажывае пэўнае адраджэнне і адбудову. Таму што пасля 2020 года мы маем хвалю міграцыі, інтэлектуальнай міграцыі ў Еўропу. Даволі шмат навукоўцаў апынуліся па-за Беларуссю. І яны звяртаюць сваю ўвагу таксама на асяродак, які знаходзіцца ў Лондане, на выдавецкую дзейнасць Скарынаўскай бібліятэкі. Яна, сапраўды, перажывае сваё новае жыццё, прыцягвае новых асобаў. І, можна сказаць, цяпер яна дзейнічае вельмі амбітна, вельмі актыўна, прынамсі спрабуе так дзейнічаць і становіцца заўважнай.
Сёння спадчына Аляксандра Надсана набывае новую актуальнасць. Пасля 2020 года, на фоне новай хвалі беларускай інтэлектуальнай эміграцыі, Скарынаўская бібліятэка ў Лондане перажывае адраджэнне, прыцягваючы новых даследчыкаў і працягваючы сваю навуковую і культурную дзейнасць.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч