Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палякі і ўкраінцы жывуць разам. Ці перабольшаная праблема дыскрымінацыі? — высновы апытання

27.11.2026 13:00
Амаль тры чвэрці ўкраінскіх імігрантаў ведаюць паляка, да якога яны могуць звярнуцца ў цяжкіх сітуацыях, паведамляе НБП.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Marek Studzinski/pixabay.com/CC0 Public Domain

Шырокае даследаванне актыўнасці ўкраінскіх імігрантаў у Польшчы, праведзенае Нацыянальным банкам Польшчы, паказвае, што ўкраінцы ўсё лепш інтэгруюцца ў сацыяльную супольнасць і, насуперак паведамленням СМІ, не адчуваюць дыскрымінацыі часцей, чым раней, паведамляе «Puls Biznesu».

— У цэлым палякі і грамадзяне Украіны жывуць не асобна, а разам. Сёлетняе даследаванне пацвярджае, што праблема існуе ў першую чаргу ў грамадскай свядомасці, — пішуць эканамісты НБП на чале з Беатай Дудэк і Паўлам Стшалецкім.

Аказваецца, што 60% украінскіх імігрантаў не сутыкаліся з негатыўнымі паводзінамі з боку палякаў на глебе нацыянальнасці. Яшчэ 19% лічаць, што такія паводзіны сустракаюцца, але не часцей, чым у мінулым.

Гэта азначае, што кожны пяты ўкраінец адчуў рост колькасці выпадкаў негатыўныга стаўлення да сябе ў Польшчы. Цікава таксама, што амаль тры чвэрці ўкраінскіх імігрантаў ведаюць паляка, да якога яны могуць звярнуцца ў цяжкіх сітуацыях, што з'яўляецца прыкметай росту інтэграцыі, піша газета.

Паводле ацэнак НБП, у Польшчы знаходзіцца прыблізна 1,5 мільёна ўкраінскіх імігрантаў, і іх колькасць усё яшчэ расце, хоць і меншымі тэмпамі, чым у мінулым. Такім чынам, няма ніякіх прыкмет адтоку працоўных, чаго ў свой час вельмі баяліся ў Польшчы.

— Пакуль што няма відавочных прыкмет зваротнай міграцыі або павелічэння эміграцыі ў трэція краіны, — пішуць даследчыкі Нацбанка Польшчы.

Газета адзначае, што даследаванне праводзілася ў другім квартале 2026 года, непасрэдна перад тым, як у СМІ вырасла колькасць паведамленняў пра сутычкі паміж палякамі і ўкраінцамі. Аднак дадаецца, што паколькі ў апошнія месяцы гэта тэма стала менш актуальнай у СМІ, здаецца, высновы, якія змяшчаюцца ў справаздачы Нацбанка, надалей актуальныя.

PAP/аз