Адзін хоча нешта прадаць, іншы купіць. Два бакі заключаюць здзелку, адзін плаціць, іншы прымае грошы, і абодва задаволеныя. Калі гаворка ідзе пра звычайны прадмет, гэтае правіла эканомікі звычайна эфектыўна спрацоўвае, але не тады, калі аб’ектам продажу і куплі з’яўляецца чалавек, маленькае дзіця.
Пры дапамозе інтэрнэту можа купіць усё. У сеціве магчыма знайсці нямала аб’яваў жанчын, якія хочуць перадаць (чытай – прадаць) сваё дзіця для ўсынаўлення. У польскім сеціве можна купіць нованароджанага ўжо за некалькі тысяч злотых. Паводле падлікаў упаўнаважанага ўраду па правах дзяцей, такіх выпадкаў здараецца каля двух тысяч у год. Жанчыны, якія самі не могуць нарадзіць, шукаюць у сеціве іншых жанчын, якія згадзіліся б нарадзіць ім дзіця. Пара дамаўляецца з сурагатнай маці, канешне, не падпісваючы афіцыйных кантрактаў, паколькі ў Польшчы гэта не дазволена. Калі маці нараджае ў шпіталі, яна паведамляе, што бацькам з’яўляецца мужчына, які разам са сваёй партнёркай хоча ўсынавіць дзіця. І яго атрымлівае. Аднак часцей здараецца, што цяжарная жанчына не жадае нараджаць у шпіталі, яна нараджае дома і перадае нованароджанага іншай пары.
Некаторыя маці, якія аддаюць (або прадаюць) такім чынам сваё дзіця, паколькі ў іх няма магчымасці яго выхоўваюць, думаюць, што такім чынам яны запэўніваюць сыну або дачцэ лепшае жыццё, у багацейшай сям’і. Але на самой справе маці ніколі не ведае, каму яна аддае дзіця, ці новыя бацькі, якія не прайшлі складаную і доўгую працэдуру падрыхтоўкі да ўсынаўлення, змогуць належным чынам заняцца нованароджаным, прыняць яго як уласнае дзіця.
На мінулым тыдні польскі парламент увёў папраўкі ў Крымінальны кодэкс краіны, каб спыніць нелегальны гандаль малечамі. За гэтае правапарушэнне будзе пагражаць да 5 гадоў турэмнага зняволення. Сенат – вышэйшая палата парламент – прыняў змены без унясення сваіх дапаўненняў. Па словах віцэ-старшыні сенату Марыі Коц, маштаб нелегальнага ўсынаўлення пашыраўся, таму неабходна было прымаць меры.
- СМІ час ад часу пра такія здарэнні інфармавалі. Мы ведалі, што ёсць ценявая зона, у якой адбываецца нелегальнае ўсынаўленне. Паводле розных падлікаў, гэта нават некалькі тысяч здарэнняў у год. Гэта, канешне, паталагічная сітуацыя, неабходна было яе спыніць, таму паявілася ініцыятыва змены права.
Падчас галасавання дэпутаты былі згодныя – не было пратэстаў супраць увядзення паправак у КК. Дарэчы, такая аднагалоснасць здараецца ў польскім парламенце рэдка, каб апазіцыя цалкам згаджалася з кіроўнай партыяй. Сенатар Ядвіга Ратніцка з апазіцыйнай Грамадзянскай платформы кажа, што нелегальнае ўсынаўленне можна аднесці да гандлю людзьмі, гэта своеасаблівы продаж дзяцей.
- Гэта ганебныя паводзіны з пункту гледжання гуманнасці і маральнасці. Гэта гандаль дзецьмі, я абсалютна супраць гэтага. На маю думку, за такое правапарушэнне неабходна караць. Зусім іншая справа, калі нехта народзіць дзіця і афіцыйна перадасць яго для ўсынаўлення, а іншая справа, калі маці бярэ за сваё дзіця грошы. Гэта недапушчальна.
На думку дэпутатаў, у польскім Крымінальным Кодэксе не хапала адпаведных артыкулаў, пад якія падпадала б нелегальная перадача нованароджанага чалавека ў прыёмную сям’ю без адпаведнай працэдуры. Сенатар Марыя Коц адзначыла, што неўзабаве перад унясеннем паправак у КК зачыніліся некаторыя сайты, якія пасярэднічалі ў гандлі дзецьмі.
- Мы ўжо чуем, што некаторыя інтэрнэт-парталы, якія раней займаліся нелегальным усынаўленнем, закрываюцца. Канешне, гэтыя сайты, можа, не займаліся выключна такім гандлем, але вядома было, што яны з’яўляюцца пасярэднікамі. Яны закрываюцца, паколькі іх аўтары ведаюць, якое пакаранне пагражае за такое правапарушэнне. Мы ўжо бачым, што змена Крымінальнага кодэксу паўплывае на тое, што гэтая нелегальная працэдура перастане ў Польшчы існаваць.
Працэс афіцыйнага ўсынаўлення дзіцяці праз дзяржаўныя ўстановы, створаныя дзеля гэтага, працягваецца ў Польшчы каля аднаго году. Гэты час патрэбны, каб праверыць, ці рашэнне пра ўсынаўленне дзіцяці на столькі сур’ёзнае і прадуманае, што новыя бацькі не адмовяцца ад яго пры першай магчымасці, калі акажацца, што з малечай значна больш праблем і менш радасці, чым людзям здавалася. У польскім законе адсутнічаў дагэтуль артыкул, які б забараняў здзелкі з удзелам нованароджаных дзяцей. Цяпер гэта змянілася, за такі гандаль пагражае нават 5 гадоў турэмнага зняволення.
ПР/нг