Gazeta Wyborcza змяшчае на сваіх старонках рэпартаж Матэвуша Каваліка пра жыхароў падваршаўскіх населеных пунктаў, якія працуюць у сталіцу і штодзённа або амаль штодзённа ездзяць у Варшаву. Напрыклад, Дарота жыве ў Мінску Мазавецкім (45 км. ад Варшавы). Яна штодзённа ўстае а 5 раніцы, на машыне едзе на чыгуначную станцыю, паўтары гадзіны едзе на цягніку ў гэтак званы Мордар, офісны цэнтр Варшавы ў раёне Служэў. У цягніку пераважна спіць, а калі прыходзіць кандуктар правяраць білеты, усе пасажыры маюць жаданне яго забіць.
Ніхто не правёў комплексных даследаванняў, колькі людзей штодзённа ездзіць на працу ў Варшаву. Гэта толькі прыблізныя лічбы. Перапіс насельніцтва, які адбыўся ў 2011 годзе, паказаў, што з 39 суседніх са сталіцай гмін падарожнічае штодзённа ў Варшаву каля 75 тыс. чалавек. Столькі ж прыязджае з іншых частак Мазовіі. Пры чым, гэтыя дадзеныя не бяруць пад увагу вучняў і студэнтаў. Паводле падлікаў Міхала Валяньскага з Галоўнай гандлёвай школы, агулам у Варшаву штодзённа прыязджае нават 350 тыс. асоб.
Варшава – гэта дамінуючы рынак працы, нідзе ў Польшчы няма такіх высокіх сярэдніх заробкаў, як тут. Таму сталіца высмоктвае кадры з іншых гарадоў, штодзённа сюды прыязджае мноства людзей. Чым лепш развітая дарожная ды чыгуначная інфраструктура, тым больш прыезджых, але шырокія трасы, якіх шмат збудавана за апошнія гады, дзесьці заканчваюцца, хаця б у малых варшаўскіх мікрараёнах, і жыхары разам з прыезджымі стаяць у корках.
Матэвуш Кавалік/пер.нг
на здымку - Цэнтральны вакзал у Варшаве