„Нездарма эвакуацыю лагера „Грэбен” сёння называюць маршам смерці. Маладыя жанчыны-вязні пешшу павінны былі прайсці некалькі сотняў кіламетраў. Яны паміралі ад стомы, голаду, холаду”, - кажа гісторык, старшыня Фонду „Лончка” Тадэвуш Плужанскі (Tadeusz Płużański) у інтэрв'ю „Gazeta Polska Codziennie”.
У вёсцы Грабіна (па-нямецку: Gräben), якая цяпер з’яўляецца раёнам гораду Стжэгам (Strzegom) у Ніжняй Сілезіі, з сакавіка 1943 году дзейнічаў лагер прымусовай працы. Да нядаўняга часу дакладнае месца яго знаходжання не было вядомае, але, дзякуючы працы даследчыкаў з Інстытута нацыянальнай памяці, Музея „Грос-Розэн” і аэрафотаздымкаў хаўруснікаў з 1944 году, якія вроцлаўскі аддзел Інстытуту нацыянальнай памяці сёлета атрымаў ад ЗША, канчаткова ўдалося вызначыць гэтае месца.
Лагер прымусовай працы „Грэбен” у чэрвені 1944 году быў перафармаваны ў філіял канцлагера „Грос-Розэн” (Konzentrationslager Groß-Rosen).
У ім утрымліваліся каля 500 маладых габрэйскіх жанчынаў з Польшчы, а таксама з Венгрыі, Францыі і Бельгіі.
Вызначэнне месца размяшчэння канцлагера раскрывае чарговую балючую таямніцу Другой сусветнай вайны, але таксама дазваляе годна ўшанаваць памяць яе ахвяр.
„Немцы прыдумалі поўную сістэму прымусовай працы, канцлагераў, лагераў працы альбо лагераў смерці. У гэтым выпадку было прынята рашэнне аб працаўладкаванні жанчын з-за характару працы, якая зводзілася да апрацоўкі лёну. Другая прычына – гэта „наяўнасць” адпаведнай колькасці маладых жанчынаў у суседніх гета. Гэты лагер быў адным са шматлікіх месцаў, у якіх, паводле цынічнага тэрміну „Arbeit macht frei”, знішчалі вязняў цяжкой працай. Многія з гэтых жанчын не вытрымалі тэмпу працы. У іх выпадку „свабода” азначала накіраванне ў газавую камеру ў Аўшвіц”, - кажа ў размове з выданнем „Gazeta Polska Codziennie” гісторык Тадэвуш Плужанскі.
аз