Святочны дадатак тыднёвага выдання Polityka друкуе інтэрв’ю з філосафам, прадпрымальнікам і трэнерам упраўлення бізнесам Дарыюшам Думам (Dariusz Duma). Гаворка ідзе пра грошы, чым яны з’яўляюцца для розных людзей.
Грошы могуць быць мэтай самой па сабе, фетышам, як для скнара Скруджа з кнігі Чарлза Дыкенса «Калядны харал». Для іншых без іх няма пачуцця бяспекі, хаця, адзначае Дума, калі спытаць мільярдэраў пра іх пачуццё бяспекі, то яно хутчэй не будзе вышэйшым, чым у бедных слаёў грамадства.
Ці можна мець зашмат грошай? Ой, так. Неабходна ўмець распараджацца вялікай сумай, быць да гэтага падрыхтаваным. Людзі, якія раптоўна выйграюць у латарэі, пераважна дрэнна канчаюць. Вялікая сума можа выклікаць сітуацыю, калі ў людзей адмаўляюць маральныя тармазы.
У сённяшнім свеце многія працаўнікі працуюць па кантрактнай аснове, у іх няма пачуцця бяспекі, бо няма стабільнага даходу. Спецыяліст адказвае, што неабходна зазіраць наперад, падрыхтаваць сабе фінансавую падушку бяспекі, адкладваць хаця б адну дзясятую заробкаў на горшыя часы. Цікава тое, што найбольш п’юць і кураць тыя, хто зарабляе найменш. На адны цыгарэты некаторыя выдаткоўваюць некалькі сотняў злотых у месяц, а гэтыя грошы можна было б адкласці, каб раслі працэнты.
Polityka/Dobrostan/нг