Зусім нядаўна большасць жыхароў Беларусі адсвяткавала свята Раства Хрыстовага. У адмысловым дадатку выдання Polityka пад назваю Dobrostan, датычным добрага самаадчування, артыкул пра ўплыў веры на здароўе чалавека – як псіхічнае, так і фізічнае.
Яшчэ ў 17-ым стагоддзі французскі філосаф Блез Паскаль даказваў, што варта верыць у Бога. Атэісты, праўда, атрымліваюць больш свабоды на гэтым свеце, але страчваюць вечнае жыццё. Ці ў 21-ым стагоддзі, калі грамадствы становяцца ўсё больш атэістычнымі, а ў касцёле ўзнікаюць усё новыя скандалы, далей варта верыць?
Рэлігійнасць бывае рознай, і ад гэтага залежыць, ці вера дае чалавеку больш пазітываў ці негатываў. Калі хтосьці падыходзіць да рэлігіі інструментальным чынам, бачыць у ёй спосаб, каб палепшыць свой грамадскі статус або мець упэўненасць, што належыць да важнай арганізацыі – касцёла, то такая вера не толькі не дапамагае захаваць псіхічнае і фізічнае здароўе, але можа нават яму шкодзіць. У сваю чаргу іншая рэлігійнасць, глыбокая, звязаная з пошукам сэнсу жыцця, спрыяе здароўю і шчасцю чалавека.
Такім чынам, трэба інакш сфармуляваць пытанне – не «ці варта верыць?», а «як верыць, каб вера прынесла шчасце і самаўдасканаленне?». Вера ў Бога або іншую вышэйшую сілу, у маці прыроду, павінна быць глыбокай, прадуманай, а не сляпой і без крытычнай. Яе прынцыпы павінны ўзмацняць пачуццё бяспекі і даверу ў адносінах да сябе і да гэтай вышэйшай сілы, чым іх змяншаць. Добра было б таксама веру перанесці ў канкрэтныя сферы жыццядзейнасці, рабіць нешта, згоднае з верай, што дае пачуццё сэнсу жыцця. Практыкаванне рэлігіі без глыбокага прадумвання і разумення сэнсу гэтай практыкі – недастаткова. І, перш за ўсё, вера не вызваляе ад адказнасці за ўласнае жыццё і вырашэнне ўласных праблем, хаця тут вера ў Бога можа быць вельмі прыдатнай.
нг