Беларуская Служба

Клопат пра экалогію не датычыць ужо толькі сартавання смецця ці абмежавання выкарыстання пластмасы

11.01.2020 16:10
Гэта выбар стылю жыцця, памірае стары лад і сістэма каштоўнасцяў, нараджаецца нешта новае.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneRawpixel.com/Pixabay

Выданне Dziennik Gazeta Prawna прысвячае шмат увагі на сваіх палосах праблеме аховы навакольнага асяроддзя. Клопат пра экалогію не датычыць ужо такіх банальных спраў, як сартаванне смецця ці абмежаванне выкарыстання пластмасы. Усё часцей паяўляюцца выказванні пра выбар стылю жыцця, акрэсленай модзе або нават экатэрарыстах, пра тое, што памірае стары лад і сістэма каштоўнасцяў і нараджаецца нешта новае.

Праблема ў тым, што кліматычныя змены, хоць усе мы іх бачым, з’яўляюцца не да канца акрэсленым паняццем, мы не можам дакладна прадбачыць, якія будуць наступствы. Таму паяўляецца вельмі шмат домыслаў і рухаў, а некаторыя супраціўнікі радыкальных эколагаў кажуць нават пра новае паняцце, як экалагізм – гэта значыць, бескампрамісную ідэалогію, звязаную з аховай планеты.

У Польшчы першым перасцярог перад «экалагізмам» арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі, які нагадаў, што Бог людзям даў Зямлю, каб яна была ім падданай, а «экалагізм» – гэта вельмі небяспечная з’ява. Словы іерарха каталіцкага касцёла выклікалі гарачую дыскусію, у якой часта гучалі абвінавачанні ў бок ліберальна-левых сілаў, маўляў, яны намераны вывернуць свет дагары нагамі, пераставіць з боскага парадку на парадак людскі, але выразна з левай арыентацыяй.

Выданне прыводзіць прыклады радыкалізацыі экалагічных поглядаў у Швецыі. Калі шведы пачулі, на колькі не экалагічна мець дзяцей (хтось падлічыў, што адзін год жыцця дзіцяці выклікае столькі выкідаў СО2 у атмасферу, колькі 24 гады язды на машыне штодзённа), некаторыя пачалі саромецца заводзіць дзяцей. Яны таксама адмаўляюцца ад падарожжаў самалётам, а адзін шведскі спецыяліст па паводзінах жывёлы прыдумаў, як абмежаваць шкодную жывёлагадоўлю – перайсці на... канібалізм, гэта значыць, спажыванне мяса памерлых людзей.

Гэта, канешне, крайнасці, але яны паказваюць, на колькі складана весці спакойную і разважлівую гутарку на тэму экалогіі, калі вакол яе нарастае ўсё больш падобных радыкальных поглядаў. Крытыкі эколагаў звяртаюць увагу на тое, што яны павінны памяняць сваю стратэгію, інакш звяртацца да людзей. Напрыклад, не загадваць – не купляйце ваду ў бутэльках, бо гэта шкодзіць асяроддзю, а казаць пра эканамічны аспект – паўлітра вады ў пластмасавай бутэльцы каштуе каля 2 злотых, а тыя ж паўлітра з крану – менш за адзін грош. А смецце лепш сартаваць, бо тады можна радзей яго выкідваць.

нг