Беларуская Служба

Польскія ахвяры вайны не страчваюць надзеі на кампенсацыю за свае пакуты

15.01.2020 12:05
У польскія суды ўнесеныя позвы былых вязняў канцлагера супраць Германіі.
Аўдыё
W Auschwitz niemieccy naziści zgładzili co najmniej 1,1 mln ludzi
W Auschwitz niemieccy naziści zgładzili co najmniej 1,1 mln ludziShutterstock

У часы Другой сусветнай вайны нямецкі доктар Ёзэф Менгеле, якога звалі «анёлам смерці», праводзіў свае жахлівыя эксперыменты на вязнях фашысцкага нямецкага канцлагера Аўшвіц-Біркенаў. Ён правяраў, колькі можа вытрымаць чалавек, у тым ліку малое дзіця. Да гэтае пары яго ахвяры або іх нашчадкі патрабуюць кампенсацыі за свае пакуты або пакуты бацькоў.

Неўзабаве пройдуць урачыстасці з нагоды 75-годдзя вызвалення гітлераўскага канцлагера Аўшвіц-Біркенаў, які знаходзіўся ў часы вайны ў польскім горадзе Асвенцім. Нягледзячы на тое, што пекла вязняў скончылася шмат гадоў таму, людзі, якія праз яго прайшлі, не могуць пра гэта забыць. А некаторыя, або іх нашчадкі, змагаюцца за гістарычную справядлівасць, патрабуючы ад спадкаемцаў гітлераўскай Германіі кампенсацыю за пакуты – свае або сваіх блізкіх.

У польскія суды ўнесеныя позвы былых вязняў канцлагера супраць Германіі. У суд падаў, між іншым, Адам Кавалеўскі, сын Ежы Кавалеўскага, які быў аб’ектам псеўдамедыцынскіх эксперыментаў. Юрыдычны прадстаўнік пазоўніка, адвакат Стэфан Хамбура (Stefan Hambura) кажа, што пазоў Адама Кавалеўскага ўжо перакладзены на нямецкую мову, цяпер ён будзе дастаўлены і ўручаны нямецкаму боку. Кавалеўскі патрабуе 400 тыс. злотых кампенсацыі, паколькі ён нарадзіўся з дзіцячым цэрэбральным паралічам. Па словах Стэфана Хамбуры, хвароба была вынікам эксперыментаў, якія праводзілі на яго бацьку ў канцлагеры Аўшвіц.

- Гэта так званы сіндром другога пакалення. Гэта з’ява, якая назіраецца на свеце, яе існаванне прызнаюць спецыялісты. Я спадзяюся, што польская сістэма правасудззя гэтым зоймецца, а не адмовіцца ад працэсу. Праўда, на дадзеным этапе перашкодай з’яўляецца гэтак званы юрысдыкцыйны імунітэт, гэта значыць, магчымасць выступаць з позвамі супраць Федэральнай Рэспублікі Германіі ў польскіх судах.

Юрысдыкцыя акрэслівае, да якой мяжы дадзеная дзяржава мае права разглядаць крымінальныя, цывільныя або іншыя судовыя справы. Польскія суды дагэтуль адмаўляліся разглядаць позвы ад асоб, якія лічаць сябе пакрыўджанымі ў выніку дзейнасці нямецкай дзяржавы. У кастрычніку мінулага году варшаўскі акружны суд таксама адмовіўся прыняць на разгляд справу Барбары Гот’е (Barbara Gautier), якой было 3,5 гады, калі яна трапіла ў канцлагер Аўшвіц-Біркенаў. Там яна стала ахвярай псеўдамедыцынскіх вопытаў Ёсіфа Менгеле.

У абгрунтаванні адмовы адзначана, што ў Польшчы адсутнічае прававая норма на юрысдыкцыю польскіх судоў у выпадку позвы супраць іншай дзяржавы. Гэтым пытаннем павінен быў заняцца Канстытуцыйны суд яшчэ ў 2017 годзе, разглядаючы заяву групы дэпутатаў парламенту. Яны патрабавалі прыняць заключэнне пра не канстытуцыйнасць артыкулу Цывільнага працэсуальнага кодэксу. У ім выключаецца магчымасць патрабаваць кампенсацыю ад іншай дзяржавы за ваенныя злачынствы, генацыд і злачынствы супраць чалавецтва. Суд да гэтае пары не разгледзеў заявы, яна страціла сваю моц, паколькі прайшлі чарговыя парламенцкія выбары, змяніліся дэпутаты, – нагадвае Стэфан Хамбура.

- Магчыма, неабходна будзе ўвесці папраўкі ў Цывільны кодэкс. Наколькі мне вядома, Канстытуцыйны суд яшчэ не разгледзеў заявы сотні дэпутатаў, якая датычыць юрысдыкцыі польскіх судоў. Вельмі шкада, паколькі з кожным днём становіцца ўсё менш людзей, якія могуць звярнуцца па кампенсацыю, як пані Барбара Гот’е, якая з’яўляецца непасрэднай ахвярай Другой сусветнай вайны.

Існуючая прававая сістэма ў Польшчы ўскладняе эфектыўны разгляд позваў аб патрабаванні кампенсацыі ад ураду іншай дзяржавы. Тым не менш, адвакат Стэфан Хамбура спадзяецца, што польскі суд прадставіць сваю пазіцыю наконт справы Адама Кавалеўскага, сына былога вязня нямецкага гітлераўскага канцлагеру ў Асвенціме.

- Я разлічваю, што суд зоймецца справай Адама Кавалеўскага, станецца інакш, чым са справай Барбары Гот’е. Суд можа выдаць істотнае тлумачэнне права. Гэта будзе адзін з аргументаў аб тым, што польская заканадаўчая сістэма не адмаўляе такім асобам у магчымасці патрабавання кампенсаваць іх пакуты.

Нагадаем, 6 снежня адбыўся візіт канцлера Федэратыўнай Рэспублікі Германіі Ангелы Меркель у музей на тэрыторыі былога нямецкага фашысцкага канцлагера Аўшвіц-Біркенаў. Барбара Гот’е ўручыла падчас гэтага візіту ліст Меркель з просьбаю аказаць як мага хутчэй фінансавую дапамогу тым ахвярам Другой сусветнай вайны, якія яшчэ знаходзяцца ў жывых. У сваю чаргу Стэфан Хамбура заявіў, што ў Польшчы будзе створана Асацыяцыя польскіх ахвяр Другой сусветнай вайны ды іх нашчадкаў.

на здымку - канцлагер Аўшвіц, дзе нямецкія фашысты забілі як мінімум 1,1 млн. вязняў

 

нг