Гэта адбылося яшчэ восенню мінулага году тыражом у 150 асобнікаў, публікацыя не мае электроннай версіі. Кніжку выдаў нацыянальны архіў Беларусі.
Аўтар артыкула ў газеце «Rzeczpospolita» Руслан Шошын задаецца пытаннем, ці гэты спіс пакажуць у адмысловым цэнтры, дзе будуць публікавацца «неабвержаныя дакументы». Аб стварэнні гэтага цэнтра заявіў Уладзімір Пуцін, а мэта – засведчыць, што Савецкі Саюз быў ахвярай Другой Сусветнай вайны і «вызваліцелем» усяе Еўропы.
Спіс самых актыўных чэкістаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі падпісаў 20 лістапада 1939 г. камісар унутраных спраў БССР Лаўрэнцій Цанава.
З гэтага спісу стала вядома між іншым, хто высачыў і арыштаваў братоў Казіміра і Яна Пілсудскіх у верасні 1939 г. у Вільні, хто быў адзначаны ордэнам «Знак Пашаны» за арыштаванне апошняга мэра Брэста Францішка Кольбуша, а таксама за затрыманне ў Пінску былога міністра юстыцыі ІІ Рэчы Паспалітай Чэслава Міхалоўскага. Вядома таксама, хто ў верасні 1939 г. арыштаваў у Нясвіжы князя Януша Радзівіла, якога пазней асабіста ў Маскве дапытваў Лаўрэнцій Бэрыя.
Са спісу ўзнагароджаных вынікае, што яны прычыніліся да арыштавання больш за 10 тысяч чалавек за першыя два месяцы ўваходу саветаў у Заходнюю Беларусь.
Першым, хто знайшоў спіс Цанавы, быў гісторык, сябра Саюзу палякаў у Беларусі Вадзім Прэўрацкі: – Я разаслаў гэты дакумент знаёмым гісторыкам, думаў, што хтосьці апублікуе, – расказаў газеце Прэўрацкі. – Гэта важны крок на шляху да Беларускага катынскага спісу, існаванне якога гадамі абвяргае афіцыйны Мінск.
З дзясяткаў рапартаў чэкістаў вынікае, што нават салдаты Чырвонай арміі ведалі, што яны не вызваляюць Польшчы, а ўдзельнічаюць у наступленні на яе. Частка салдат апасаліся, што пасля нападу на Польшчу ім прыйдзецца разам з немцамі ваяваць супраць Францыі і Англіі. Найбольш «вызваліцеляў» здзівіла, што па другім баку мяжы ўзровень жыцця быў на многа лепшы, чым у СССР.
У дакументах НКВД ніхто не хавае, што Масква нясе адказнасць за выбух вайны ў верасні 1939 г. Усім зразумела, хто каго заваёўвае, ліквідуе і акупуе. І Пуцін дасканала гэта ведае, – каментуе публіцыст «Rzeczpospolita» Ежы Гашчыньскі.
яс