Беларуская Служба

Урад Польшчы заклікаў да супрацы ў справе каронавірусу

02.03.2020 16:21
У Сейме Польшчы адбылося сёння спецыяльнае паседжанне, прысвечанае эпідэміялагічнай сітуацыі. 
Аўдыё
Матэвуш Маравецкі PAP/Mateusz Marek

У Сейме Польшчы адбылося сёння спецыяльнае паседжанне, прысвечанае эпідэміялагічнай сітуацыі. На ім агучаная інфармацыя пра прынятыя крокі і пра стан падрыхтоўкі дзяржавы да барацьбы з вірусам. Нягледзячы на супакойванне з боку ўлады, сярод некаторых палякаў назіраецца паніка.

У Польшчы няма пацверджанага выпадку заражэння каронавірусам. У дадзены момант па прычыне падазрэння заражэннем у шпіталях знаходзіцца 121 асоба, 237 праходзяць хатні каранцін, а больш за 3600 ахопленыя эпідэміялагічным наглядам. Міністэрства здароўя падкрэслівае, што каронавірус напэўна паявіцца, застаецца толькі пытанне: калі.

Прэм’ер Матэвуш Маравецкі заклікаў да супрацы ў справе каронавірусу. На надзвычайным паседжанні Сейму, прысвечанаму дзейнасці ўраду ў эпідэміялагічнай сітуацыі, прэм’ер заклікаў, каб не карыстацца сітуацыяй у палітычных мэтах:

- Мы ўсе знаходзімся на фронце. Але няхай гэта будзе фронт барацьбы з каронавірусам, а не фронт палітычнага бою. У гэтым змаганні мы ўсе павінны быць на адным баку. Я да гэтага заклікаю і вельмі аб гэтым прашу. Каб стрымаць распаўсюджванне каронавірусу, патрэбная супраца не толькі паміж міністэрствамі. Патрэбная таксама супраца паміж цэнтральным урадам і мясцовымі ўладамі, таксама паміж урадам і апазіцыяй.

Урад і прадстаўнікі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» абвінавачваюць апазіцыю ў тым, што яна выкарыстоўвае праблему ў прэзідэнцкай кампаніі, а таксама пашырае паніку ў краіне.

У сваю чаргу кандыдатка ў прэзідэнты ад «Грамадзянскай платформы» Малгажата Кідава-Блонска сказала, што інфармацыя пра каронавірус, якая трапляе да пацыента, вельмі абмежаваная. Дэпутатка казала, што грамадзяне павінны дакладна ведаць, што рабіць у выпадку заражэння:

- Не павінна быць так, што пацыент, якія ідзе да лекара на самым нізкім узроўні, трапляе на лекара, які не падрыхтаваны: не мае прыладаў, нават маскі, ня мае пальчатак. Вы кажаце, што ў Польшчы няма каронавірусу. А мы ведаем, якім цяжкім з’яўляецца доступ пацыента да лекара.

Нягледзячы на заклікі не панікаваць, палякі са страху перад эпідэміяй робяць запасы не толькі вады і харчавання, але таксама лекаў. Пацыенты скупляюць маскі, мыла, сродкі дызенфекцыі, вітамін С, спрэі ў нос, антывірусныя лекі. Распаўсюджваюцца чуткі пра ўтойванне выпадкаў заражэння.

Міністр здароўя Лукаш Шумоўскі паінфармаваў падчас паседжання Сейму, што да гэтага часу былі праведзеныя 360 тэстаў. Адказваючы на пытанні дэпутатаў міністр сказаў, што цяпер у краіне ёсць некалькі дзясяткаў тысяч тэстаў:

- Мы падрыхтаваныя на ўсялякія сітуацыі. 11 лабараторый могуць праводзіць аналізы, ва ўсіх ёсць тэсты. У рэзерве застаюцца ўніверсітэцкія лабараторыі, якія мы яшчэ не падключалі. Мы разлічваем, што гэтая колькасць лабараторый дазволіць нам выконваць усю патрэбную колькасць аналізаў.

Тым часам Еўрапейскі цэнтр па справах прадухілення і кантролю хваробаў падняў ацэнку рызыкі для каронавірусу ў Еўразвязе да высокага ўзроўню. У Еўразвязе сцверджаныя цяпер 2,1 тысяч выпадкаў каронавірусу ў 18 чалецкіх краінах, памерлі па розных звестках крыху больш за 40 чалавек. У свеце зафіксаваныя ўжо больш за 87 тысяч захворванняў, вылечаных – каля 47 тысяч. Каронавірус ужо ёсць у больш за 60 краінах. Новыя выпадкі паявіліся ў Інданэзіі, Андоры і Партугаліі. Больш за 20 новых выпадкаў высветленыя ў Германіі.

На выходных улады Беларусі паінфармавалі пра два чарговыя магчымыя выпадкі каронавірусу. Гаворка ідзе пра жанчыну, якая прыехала з Італіі, і мужчыну, якія кантактаваўся з заражанай асобай. Беларускае Міністэрства здароўя паінфармавала ў нядзелю, што адзін тэст выйшаў пазітыўным. Пацыентка жыве ў Віцебску, нядаўна вярнулася з Італіі. Гэта не канчатковы вынік, дыягностыка працягваецца. У яе няма сімптомаў. Ёй былі зробленыя аналізы як асобе, патэнцыйна пад пагрозай у сувязі з прыбываннем у паўночнай Італіі.

Яшчэ адзін выпадак падазрэння вірусу тычыцца мужчыны, які меў кантакт з заражаным студэнтам з Ірану. Гэта бацька яго дзяўчыны. Іранец быў першым пацверджаным выпадкам каронавірусу ў Беларусі.

ав