Беларуская Служба

Польскія ўлады прымаюць прэвентыўныя меры па прадухіленні распаўсюду каранавіруса

11.03.2020 11:43
Дзеля таго, каб перамагчы эпідэмію, неабходна да мінімуму абмежаваць паяўленне новых выпадкаў захворвання.
Аўдыё
  ,    .
Шпіталь у Ланцуце, дзе выяўлены выпадак каранавіруса.PAP/Darek Delmanowicz

На сераду раніцай у Польшчы было вядома пра 25 выпадкаў хваробы пад назваю Covid-19, якую выклікае новая разнавіднасць каранавіруса. Улады краіны, назіраючы за развіццём падзей у іншых дзяржавах Еўропы, асабліва ў Італіі, дзе памерлі ўжо сотні чалавек, прымаюць меры асцярожнасці, якія павінны перадухіліць масавы распаўсюд інфекцыі. На свеце чарговыя краіны аб’яўляюць пра паяўленне на іх тэрыторыі інфекцыі. Надоечы першы выпадак захворвання выяўлены ў Турцыі.

На дадзены момант у Еўропе колькасць выпадкаў новай пнеўманіі расце, гэта значыць, што пакуль што людзі прайграюць з вірусам, – адзначае вірусолаг Влодзімеж Гут.

- Рост колькасці новых выпадкаў выклікае занепакаенне – па статыстыцы ва ўсім свеце назіраецца больш чым 1 выпадак на 100 тыс. жыхароў у дзень. Гэта нямала. Італія, Карэя, Іран, Кітай – у гэтых краінах найбольш хворых. Спецыялістаў цікавіць перш за ўсё дынаміка росту лічбы новых выпадкаў. Калі іх больш чым адзін у дзень, эпідэмія развіваецца. Такая сітуацыя цяпер у нашай краіне.

Прэзідэнт Анджэй Дуда заклікаў палякаў паводзіць сябе адказна. Галава дзяржавы выступіў у адмысловым пасланні па радыё і тэлебачанні.

- Перад абліччам пагрозы важна паводзіць сябе адказна. Мы не павінны панікаваць, але таксама не павінны мець кантактаў з іншымі, калі існуе небяспека заражэння. Я звяртаюся да ўсіх палякаў, да ўсіх суайчыннікаў, што толькі сумеснымі дзеяннямі мы можам перамагчы каранавірус.

 Анджэй Дуда падзякаваў апазіцыі за жаданне супрацоўнічаць і дадаў: «Наша браня – гэта веды, розум і гігіена».

Дзеля таго, каб перамагчы эпідэмію, неабходна да мінімуму абмежаваць паяўленне новых выпадкаў захворвання. Добра гэта разумеюць не толькі вірусолагі, але таксама і палітыкі, якія прымаюць рашэнні пра прэвентыўныя меры, каб зменшыць магчымасць перакрыжавання шляхоў заражаных асоб са шляхамі здаровых людзей. Вельмі важны каранцін. Гэта значыць, двухтыднёвае прабыванне дома ў тым выпадку, калі хтосьці мог мець кантакт з заражанай асобай, вярнуўся з месца, дзе назіраецца хуткае распаўсюджванне эпідэміі, у яго паявіліся сімптомы інфекцыі, але няма яшчэ вынікаў лабараторных аналізаў. Важнейшая задача – не дапусціць да масавага росту колькасці хворых, – адзначае віцэ-старшыня польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі.

- Мы павінны выконваць усе рэкамендацыі адпаведных службаў. Нельга панікаваць, але трэба быць максімальна сур’ёзным і адказным. У адносінах да ўсіх жыхароў дзейнічаюць аднолькавыя правілы санітарна-эпідэміялагічнага кантролю, без выключэння. Усе павінны мыць рукі, усе павінны запаўняць адпаведныя дакументы і ўсе, у выпадку неабходнасці, павінны прайсці аналізы.

Учора стала вядома, што каранавірусам падчас нарады ў Германіі заразіўся Камандуючы Ўзброенымі сіламі Польшчы генерал Яраслаў Міка. Усе асобы, з якімі ён меў кантакт, праходзяць каранцін, а сам вайсковец знаходзіцца ў шпіталі.

У сувязі з ростам колькасці хворых на новы від пнеўманіі ў Польшчы прынята рашэнне пра адмену масавых мерапрыемстваў. Арганізатары адмяняюць спартыўныя падзеі, канцэрты, культурныя імпрэзы. У вышэйшых навучальных установах, пачатковых і сярэдніх школах адменены заняткі, закрытыя дзіцячыя садкі і яслі. Такі прэвентыўны крок параіла ўладам санітарная інспекцыя. Рашэнне ўраду аб’явіў прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі.

- Згодна новаму спецзакону, які пачаў дзейнічаць, пры згодзе ўсіх палітычных сілаў, мы вырашылі закрыць культурныя ўстановы, музеі, кінатэатры. Таксама мы прыпыняем дзейнасць школаў. Урад павінен дзейнічаць рашуча і хутка. І таму мы прынялі такое рашэнне.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса, на межах Польшчы ўведзены санітарна-эпідэміялагічны кантроль. Вартаўнікі затрымліваюць транспартныя сродкі, якія накіроўваюцца ў Польшчу, між іншым экскурсійныя аўтобусы ды машыны, якія вязуць працаўнікоў з Літвы ці Беларусі. Гаворыць прэс-сакратар Падляскай памежнай варты Катажына Здановіч.

- Супрацоўнікі памежнай службы разам з супрацоўнікамі пажарнай аховы затрымліваюць аўтобусы і мікрааўтобусы з асобамі, якія накіроўваюцца ў Польшчу. Мэта – атрыманне інфармацыі пра пасажыраў, куды яны едуць, іх дадзеныя. Супрацоўнікі будуць замяраць тэмпературу пасажыраў, а таксама папросяць запоўніць пасведчанне аб тым, дзе будзе знаходзіцца дадзеная асоба на тэрыторыі Польшчы. Калі ў пасажыра будзе зафіксаваная павышаная тэмпература, неадкладна паведамім медычныя службы, такая асоба трапіць у ізалятар, які знаходзіцца каля кантрольнага пункту. Медычныя службы прымуць рашэнне, што далей рабіць.

Падступнасць віруса палягае ў тым, што актыўнай крыніцай заражэння можа быць асоба, у якой няма сімптомаў інфекцыі. Так сталася на Любліншчыне, дзе пажылы мужчына, верагодней за ўсё, заразіўся ад сына, які пабываў у Італіі на футбольным матчы. Сын адчувае сябе здаровым, бацька – у шпіталі. Усе блізкія асобы хворага дастаўленыя ў інфекцыйную бальніцу, дзе праходзяць абследаванне.

нг