У польскія гарады ўваходзяць гэтак званыя вунэрфы. Woonerf – гэта галандскае слова, якое азначае ў даслоўным перакладзе «жывая вуліца, вуліца для жыцця». Дзякуючы адсутнасці тратуараў ды асобных палосаў руху, гэта прастора, прызначаная для ўсіх удзельнікаў руху, але аўтамабілісты там не галоўныя, а толькі госці.
Першы вунэрф быў адкрыты ў польскім горадзе Гдыня летам мінулага года – піша Rzeczpospolita. Галоўныя ў гэтай зоне пешаходы і раварысты, а машыны могуць рухацца з хуткасцю да 20 км/г. Гэта сумесная інвестыцыя гораду і жыхароў, якія ініцыявалі стварэнне вунэрфу ў рамках грамадзянскага бюджэту.
Гдыньскі вунэрф знаходзіцца на папулярнай сярод турыстаў трасе. Ён стаў натуральным месцам адпачынку і для турыстаў, і для мясцовых жыхароў. Меркаваннем галандца Герарда Шурмана, які некалькі гадоў пражывае ў Польшчы, найлепш, канешне, цалкам закрыць цэнтры гарадоў для аўтамабільнага руху, але гэта не рэальна. Вунэрфы – разумны кампраміс, які прымушае кіроўцаў быць максімальна асцярожнымі. Гэта ідэальнае вырашэнне не толькі для пешаходаў і раварыстаў, але таксама дробных індывідуальных прадпрымальнікаў, якія могуць весці свой бізнес у такіх месцах.
нг