Лева-ліберальнае выданне Gazeta Wyborcza у панядзелак 16 сакавіка прысвяціла галоўную старонку тэме магчымага пераносу прэзідэнцкіх выбараў у сувязі з эпідэміяй каранавіруса. Гэтага дамагаецца значная частка апазіцыі, але дзеючы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда лічыць, што гэта непатрэбная мера.
«Ці хтосьці ўяўляе сабе прэзідэнцкія выбары, у якіх праз кранаіврус адмовяцца ўдзельнічаць тысячы палякаў?», – задаецца пытаннем адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу вылучэнца Польскай Сялянскай Партыі Уладзіслава Касіняка-Камыша. Падобным пытаннем задаюцца выбарчыя штабы кандыдата левых Роберта Бедраня, скрайніх нацыяналістаў Кшыштафа Босака. Вядомы польскі і еўрапейскі палітык, былы прэм’ер Дональд Туск пайшоў далей і напісаў на сваім акаунце ў сацыяльнай сетцы Twitter: «Трэба перанесці выбары, паводле згоды ўсіх».
Пакуль пра жаданне перанесці дату прэзідэнцкіх выбраў не выказалася кандыдатка самай буйной апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Малгажата Кідава-Блоньска. Апазіцыянерка толькі заўважыла, што ў гэтай сітуацыі выключна прэзідэнт Дуда вядзе перадвыбарчую агітацыю.
Пасля ўвядзення стану эпідэміялагічнай пагрозы, выбарчая кампанія ў Польшчы фактычна замерла. Аднак прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда працягвае ездзіць па ўсёй краіне, выконваючы ролю галоўнага змагара з пандэміяй краранавіруса. Прэзідэнта ўвесь час транслююць па дзяржаўных СМІ, там Дуда абвінавачвае апазіцыю ў чыненні перашкодаў у барацьбе з распаўсюдам хваробы.
У выбарчых штабах апазіцыйных палітыкаў разважаюць аб магчымасці супольнага звароту да прэзідэнта з заклікам перанесці дату выбараў. Парадаксальна, але вырашальны голас мае адзін з кандыдатаў – прэзідэнт Анджэй Дуда, і яго палітычны хаўруснік прэм’ер Матэвуш Маравецкі.
Існуе дзве праўныя магчымасці перанесці дату прэзідэнцкі выбараў. Першая – гэта абвяшчэнне надзвычайнага становішча, або стану стыхійнага бедства (адпаведнае рашэнне прымае прэм’ер.) Другая магчымасць – гэта ўвядзенне выключнага становішча (абвяшчае прэзідэнт, паводле звароту прэм’ера). У кожным з пералічаных выпадкаў, дата прэзідэнцкіх выбараў пераносіцца на 90 дзён з моманту завяршэння надзвычайнага становішча. Пра выбарчаю кампанію ва ўмовах пандэміі каранавіруса пісала Gazeta Wyborcza.
эж