Беларуская Служба

Сведкі вайны: Вайна нам шчасця не дала

08.05.2020 10:43
Жывуць яшчэ старэйшыя людзі, якія памятаюць вайну вачамі дзяцей і з аповедаў сваіх бацькоў.
Аўдыё
  • Сведкі вайны: Вайна нам шчасця не дала
           , 8 , 75-
Урачыстасці Дня Перамогі ля Магілы невядомага салдата на Літоўскай плошчы ў Любіне, 8 мая, 75-я гадавіна заканчэння Другой сусветнай вайны PAP/Wojtek Jargiło

75 гадоў таму ў Еўропе закончылася Другая сусветная вайна. У жывых ужо амаль няма людзей, якія перажывалі яе, будучы дарослымі. Але жывуць яшчэ старэйшыя людзі, якія памятаюць вайну вачамі дзяцей і з аповедаў сваіх бацькоў.

Ірэна Панасевіч, жыхарка вёскі Касцянева, Шчучынскага раёну, Гродненскай вобласці, нарадзілася ў вёсцы Гоўдзішкі ў 1933 годзе, таксама ў Шчучынскім раёне. У часе вайны паміж імі і суседнімі Баярамі праходзіла нямецкая мяжа. Гоўдзішкі былі на боку Рэйху.

-Мы жылі на боку Рэйху. Паміж намі і Бакштамі была мяжа. А ў Першамайску стаялі гестапаўцы, карацельны батальён. Іх начальнік хадзіў у чырвоных ботах, а на плячах была трупагалава. Ім паведамілі, што ў нас польскія партызаны ходзяць. Немцы прыехалі, усіх, хто ехаў па шашы, загналі ў кузню і падпалілі. Чаго толькі не было. Пасвіла я кароў, ідзе чорны варанок, нам немцы сказалі ўцякаць. Яны прывезлі ў лес сем чалавек і забілі. І толькі ехаў хто па дарозе, вяскоўцы пачыналі ўцякаць хто куды, хаваліся ў жыта, бо немцы будуць страляць. Жылі мы ў страху.
Каб чырвоныя партызаны немцаў не чапалі, то яны б і людзей не забівалі.

Рускія партызаны за ноч зрэзалі ўсе правады ажно да Гродна, дык немцы спалілі некалькі вёсак. Тата расказваў, немцы замовілі 50 падвод з раёну, людзі ехалі, выбару не было. Расказваў, загоняць людзей у хлявы і падпаляць. Тата казаў, што закрывалі вушы, зачынялі вочы, каб не чуць і не бачыць, бо паехаць ты не мог.

А як немцы пайшлі, дык пачаліся хапуны, прыходзілі рускія і забіралі. Бальшавікі прыйшлі, межы параскідалі. І жылі абы як, хто як мог. Зрабілі калгасы, далі сто грам хлебу на адзін трудадзень. І жыві як хочаш.

Станіслаў Лабан нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Касцяневе. Ён нарадзіўся ў 1939 годзе, памёр у мінулым. Некалькі гадоў таму расказваў, што вайны амаль не памятае, але не забудзе, як было адразу пасля яе завяршэння.

-У 45-м годзе мне было пяць гадоў. Вайна нам шчасця не дала. Татуся не было, мама адна. Сабраліся калоць паршука, прыйшлі немцы і забралі. Закалолі другога патаемна, ноччу прышлі партызаны забралі. Еш як хочаш, што хочаш.

Немцы стаялі ў вясковай школе. Як сёння помню, нас яшчэ пасля вайны хавалі ў яме ў лесе, яма яшчэ дагэтуль засталася. Як бальшавікі наступілі, то тры немцы нейкім чынам адбіліся. Прыйшлі да нашай мамы, а яна кажа, што мы самыя галадаем. Дык яны забралі бульбу, якая парылася свінням.

Калі я пайшоў у школу, то на дзяцей было страх глядзець, худыя, абарваныя, галодныя. Вайна закончыліся, пачалі працаваць, скаціну гадаваць, сеяць. Думалі будзем жыць, тата вярнуўся, стала лепш. Тут прыйшлі калгасы. Усё забралі, на раз хлеба не пакінулі.

Больш успамінаў Ірэны Панасевіч і Станіслава Лабана слухайце ў гукавых файлах.