Кіраўнік Незалежнага самакіроўнага прафесійнага саюза «Салідарнасць» (NSZZ «Салідарнасць») Пётр Дуда(Piotr Duda) пабываў у Беларусі па запрашэнні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. У Мінску ён сустрэўся з лідарам беларускай прафсаюзнай арганізацыі Аляксандрам Ярашуком.
Kіраўнік польскага прафсаюза«Салідарнасць» ўехаў у Беларусь без перашкод. Спачатку ён сустрэўся з прадстаўнікамі польскай амбасады ў Мінску.
Свой візіт у Мінску Пётр Дуда(Piotr Duda) пачаў з ускладання кветак на сімвалічным месцы, дзе ля станцыі метро «Пушкінская» загінуў першы беларускі дэманстрант- удзельнік сёлетніх паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі.
Пётр Дуда падкрэсліў, што мэтай яго візіту з’яўляецца падтрымка свабодных прафсаюзаў у Беларусі:
- Беларусы сёння хочуць жыць у сваёй, дэмакратычнай і свабоднай краіне. Яны ні антырасійскія, ні праеўразвязаўскія. Яны хочуць жыць у сваёй краіне і стварыць яе таксама па-свойму.
Пётр Дуда падкрэсліваў значэнне таго, што зараз адбываецца ў Беларусі.
- Тое што зараз адбываецца ў Беларусі, то бок абуджэнне грамадства мае сімвалічнае значэнне, паколькі праходзіць у 40-годдзе ўзнікнення ў Польшчы Незалежнага самакіроўнага прафесійнага саюза «Салідарнасць», што адбылося ў жніўні. Пратэсты ў Беларусі таксама адбываюцца ў жніўні. Таму, як казаў папа Ян Павел ІІ: Тут не можа не хапаць «Салідарнасці».
Асноўнай мэтай візіту Пятра Дуды ў Беларусь была сустрэча з лідарам «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандрам Ярашуком.
Прэс-сакратар прафесійнага саюза «Салідарнасць» Марэк Левандоўскі(Marek Lewandowski) заявіў, што размовы тычыліся магчымай падтрымкі, якую польскі прафсаюз можа аказаць прафсаюзам у Беларусі праз БКДП.
- Гэта прафсаюз, з якім «Салідарнасць» працягвае шматгадовыя кантакты. Ён, падобным чынам, як «Салідарнасць», з’яўляецца членам Еўрапейскай канфедэрацыі прафэсійных саюзаў. Інакш кажучы, гэта не нейкі праўладны, але нармальны дэмакратычны прафсаюз.
Марэк Левандоўскі дадаў, што адной з тэмаў, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы, была магчымасць пастаўкі ў Беларусь гуманітарнай дапамогі.
Нагадваем, два тыдні таму польскі прафсаюз адправіў 20 тон дапамогі для беларускіх пратэстоўцаў, але груз быў затрыманы на беларускай мяжы. Беларускія мытнікі тлумачылі сваё рашэнне адсутнасцю некаторай неабходнай дакументацыі. Аднак, паводле польскага боку, гэта была выключна нагода, каб не пусціць грузу. У справу безвынікова было задзейнічана Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Між тым, як падкрэсліў прэс-сакратар «Салідарнасці», дапамога беларусам патрэбная:
- Прадукты харчавання прызначаны для супрацоўнікаў заводаў, якія бастуюць. Там назіраецца праблема з перадачай прадуктаў харчавання для забастоўшчыкаў. Гаворка ідзе пра тое, што закрываюць сталовыя на заводах і навакольныя крамы. Таму па просьбе беларускага боку дапамога для прафсаюзаў у Беларусі мела менавіта такую форму.
Паводле Марэка Левандоўскага, пасрэдніцтва «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» пры перадачы гуманітарнай дапамогі гарантуе, што дапамога з Польшчы будзе накіраваная тым, каму яна на самой справе патрэбная.
Тым часам падтрымка і дапамога беларусам - гэта абавязак польскага прафсаюза, нагадвае Левандоўскі. Ён падкрэслівае, што «Салідарнасць» сёння дапамагае беларускаму народу, паколькі 40 гадоў таму арганізацыі з усяго свету дапамагалі палякам у барацьбе з таталітарным рэжымам:
- Сёння ў нас маральны абавязак аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Гаворка ідзе, як пра магчымаць павышэння кваліфікацыяў, так і пра фінансавую падтрымку. З гэтай мэтай мы стварылі адмысловы рахунак «Салідарныя з Беларуссю», на які кіраўніцтва прафсаюза пералічыла мільён злотых. Цяпер гэты рахунак даступны таксама ўсім. На яго можна пералічыць грошы.
Як сказаў Марэк Левандоўскі, «Салідарнасць» будзе імкнуцца да стварэння шырокага фронту падтрымкі беларусаў:
- Ад імя беларускага прафсаюза мы звернемся, між іншым, у «Еўрапейскую канфедэрацыю прафсаюзаў» і іншыя прафсаюзніцкія арганізацыі, каб яны падтрымалі Беларусь так, як калісьці падтрымлівалі Польшчу. Гаворка ідзе пра тое, каб дапамога беларусам мела міжнародны характар, каб пазней не было нейкіх крыўдных абвінавачванняў у адрас Польшчы. З падобным заклікам мы будзем звяртацца таксама да іншых польскіх прафсаюзаў, у тым ліку Агульнапольскага паразумення прафэсійных саюзаў(OPZZ), Форуму прафсаюзаў і іншых.
Паводле кіраўніка прафсаюза Пятра Дуды, беларусы добра ведаюць, што азначае слова «салідарнасць»:
- Нават падчас дэманстрацый, калі яны адбівалі затрыманых АМАПам удзельнікаў, яны паказвалі сваю міжчалавечую салідарнасць, нават у дачыненні да незнаёмых. Гэта вельмі важна, і таму я прыехаў у Беларусь падтрымаць чальцоў прафсаюзаў і бастуючых, якіх выцягваюць з заводаў, арыштоўваюць і звальняюць з працы.
Кіраўнік «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандр Ярашук падзякаваў «Салідарнасці» за падтрымку:
- Гэты візіт мае выключнае значэнне. Мы ўдзячныя Пятру Дуду за тое, што ён адклаў усе свае справы і ў гэткай сітуацыі прыехаў у Беларусь. Толькі чалавек, адданы чалавечым і саюзным прынцыпам салідарнасці, мог прыехаць у Мінск і падставіць сваё плячо.
-заявіў Аляксандр Ярашук.
Незалежны самакіроўны прафесійны саюз «Салідарнасць» шматразова выказваў занепакоенасць паслявыбарчай сітуацыяй у Беларусі, а калі ў краіне пачаліся першыя забастоўкі - салідарнасць з беларускімі калегамі.
аз