Роўна сто гадоў таму закончылася Слуцкае паўстанне. Прычыны збройнага чыну – рыжская дамова, падзел беларускіх земляў паміж Савецкім Саюзам ды Польшчай. Прадстаўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі на перамовы нават не запрасілі.
Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў Чырвонай арміі.
Прайшло роўна сто гадоў з тых часоў, а беларусы зноў змагаюцца за свабоду. У іх, праўда, ёсць свая дзяржава, але няма поўнай незалежнасці і свабоды выбару.
Падзеі стогадовай даўніны ў размове з Наталяй Грышкевіч згадвае гісторык, прафесар Беластоцкага ўніверсітэту Алег Латышонак.
- Ужо тады беларускі народ даспеў да таго, каб мець сваю дзяржаву, толькі яна гарантуе бяспеку. Беларусь ужо была падзелена Рыжскім перамір’ем, але была Случчына, якую акупавалі палякі. Калі яны выйшлі, беларусы вырашылі стварыць на гэтай тэрыторыі кусок БНР. Вельмі добра, што не спалохаліся Чырвонай арміі случакі, яны паказвалі, што ў варунках мінімальнай свабоды, калі застаюцца самі беларусы, яны сваёй дзяржавы хочуць.
Тыя беларусы, якія выходзяць сёння на вуліцы – яны случакі, змагаюцца за тое самае, ёсць непасрэдная сувязь паміж Слуцкім збройным чынам і сённяшняй рэвалюцыяй. Тыя, хто сёння выходзіць на вуліцы пад бел-чырвона-белым сцягам – гэта тыя ж случакі, а тыя, хто зачышчае гэтыя вуліцы ад пратэстоўцаў – гэта чэкісты, дарэчы, яны самі так сябе называюць.
На Случчыне ёсць памятныя месцы, звязаныя з баямі з бальшавікамі сто гадоў таму. Аднак улады ігнаруюць тыя падзеі, таксама як і ўсё, звязанае з БНР.
нг
слухайце аўдыё