Беларуская Служба

"Інка" з Гушчавіны

24.04.2021 11:12
Яе бацькі прыехалі сюды, як і ўсе дзяржаўныя чыноўнікі новай польскай дзяржавы.
Fragment pomnika Danuty Siedzikówny ps. Inka
Fragment pomnika Danuty Siedzikówny ps. "Inka"Autor: Anna Tertel (Praca własna) / CC BY-SA 3.0 / Wikimedia Commons

Беларускі грамадска-культурны штомесячнік «Часопіс» піша з перспектывы польскіх беларусаў і аднавяскоўцаў пра «выклятую жаўнерку», якую звалі «Iнка». Данута Седзікувна паходзіла з вёскі Гушчавіна на ўскраіне Белавежскай пушчы, заселенай у пераважнай частцы праваслаўнымі беларусамі.

Яе бацькі прыехалі сюды, як і ўсе дзяржаўныя чыноўнікі новай польскай дзяржавы, на гэтак званыя «Крэсы Усходне». Яе бацька быў лесніком і напэўна таму яго спаткаў трагічны лёс дэпартаваных углыб Расіі ў 1940.

Лёс звязаў «Інку» з польскім падполлем у 1943 годзе, калі дзяўчына засталася зусім адна без бацькоў. Маці расстралялі фашысты. У чэрвені 1945 «Інку» арыштавала НКУС, а затым яе адбілі польскія партызаны з атраду «Конуса». Атрад распаўся ў асноўным з-за алкагалізму яе членаў – так пісала біёграф «Інкі» Луіза Лунеўска.

Тады 17-гадовая дзяўчына трапіла ў швадрон «Лупашкі». Пасля вайны «Інка» працягвала дзейнічаць у падполлі супраць камуністычных улад Польшчы. Яна была арыштаваная ў Гданьску і прыгаворана да смяротнага пакарання. Вырак быў выкананы за тыдзень да яе 18-годдзя.

Сёння ў вёсцы Грушкі, недалёка ад роднай Гушчавіны, стаіць помнік Дануце Седзікувнай. У мясцовых жыхароў старэйшага пакалення нялепшае меркаванне пра «Інку» і этас «выклятых жаўнераў». У мясцовых яе імя выклікае асацыяцыю з ляснымі бандамі. Ім незразумела, як так, простая дзяўчына, якую яны ведалі ў маладосці, стала ў апошнія гады вялікай гераіняй Польшчы.

Мясцовыя не маюць уплыву на тое, як у Польшчы асвятляюць падзеі, у якіх удзельнічала «Інка». Не мае ўплыву і сама «Інка», помнікі якой з'яўляюцца па ўсёй Польшчы- чытаем у «Часопісе».

яс