Адной з катэгорый грамадзян, якія пацярпелі ў выніку палітычнага крызісу ў Беларусі, сталі лекары. Многіх з іх за погляды і за адкрытыю крытыку сістэмы выкінулі з працы, многія з іх адсядзелі суткі. Лекары, як і, напрыклад, творчыя людзі і спартоўцы, аб’ядналіся і стварылі адмысловую ініцыятыву «еЗдароўе». Сэрвіс накіраваны на падтрымку лекараў, якія пацярпелі ад рэжыму ў Беларусі, а таксама накіраваны на якасную дапамогу пацыентам.
На платформе кожны пацыент атрымлівае магчымасць зручных, ананімных і бяспечных аддаленых кансультацый з сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы.
На канале Каардынацыйнага савету прайшла сустрэча з заснавальнікамі праекту, якія расказалі, ці запатрабаваныя сярод беларусаў паслугі медыцынскага анлайн-кансультавання, наколькі яны эфектыўныя і якім будзе развіццё праекта.
Заснавальнік праекта Павел Лібер патлумачыў, як працуе платформа «еЗдароўе»:
-Платформа – гэта сайт okdoc.me. Там ёсць асабісты кабінет лекара і кабінет пацыента. Лекары бачаць карты пацыентаў, з якімі яны размаўляюць, могуць размаўляць у чаце. У сваю чаргу пацыенты могуць запісацца да лекара на канкрэтны час ці задаць пытанне па любой спецыялізацыі. Лекар, які першым пабачыць пытанне, адкажа на яго і паміж імі створыцца чат. Урач таксама можа запрасіць пацыента на сваю платформу, але ўсё пачынаецца з чата. Гэта зроблена для бяспекі нашых лекараў. Нягледзячы на тое, што з нашага пункту гледжання платформа не з’яўляецца яскравым праяўленнем палітычнага рашэння, то ў сучаснай Беларусі ўсё, што не ўкладаецца ў стандартныя рамкі, з’яўляецца такім праяўленнем. Таму мы вырашылі не рызыкаваць бяспекай нашых лекараў і захаваць іх ананімнасць.
У практыцы кансультацыі, якія не вымагаюць агляду пацыента, могуць праходзіць у цалкам ананімным фармаце, у форме мікрачату. Пацыенты, рэгіструючыяся на платформе, не паведамляюць пра сябе ніякіх персанальных дадзеных. Менавіта ананімнасць і мікрачаты з лекарамі з’яўляецца аднымі з галоўных адрозненняў платформы «еЗдароўе».
Адзін з сузаснавальнікаў платформы, лекар анэстэзіолаг-рэаніматолаг Уладзімір Свіркоў адзначыў, што далучыцца да медыцынскага калектыву можа любы медык, які павінен будзе прайсці адбор. Пасля гэтага па прычынах бяспекі з платформы выдаляюцца ўсе звесткі пра ўрача:
-Мы просім, каб нам прыслалі дакумент, які пацвярджае асобу, медыцынскую адукацыю і іншыя дакументы. Пасля атрымання дакументаў мы пачынаем праверку. Я не буду казаць, як яна праходзіць. Скажу толькі, што гэта праверка па цалкам розных каналах, пры дапамозе розных інструментаў, у тым ліку мы шукаем людзей, якія ведаюць гэтага чалавека. Па вялікім рахунку ў нас некалькі крытэрыяў. Першае – што такі чалавек сапраўды існуе. Другое – гэта сапраўдны лекар-спецыяліст. Трэцяе – этыка гэтага медыка, каб ён не шкодзіў пацыентам, а ім дапамагаў.
Пасля праверкі выдаляюцца ўсе дадзеныя пра гэтага спецыяліста. З сістэмы знікаюць нават імя і прозвішча.
На дадзены момант на платформе працуюць лекары па 25 спецыяльнасцях. Уладзімір Свіркоў кажа, што калі яны пачыналі, то думалі, што гэта будзе стандартны набор спецыялістаў, як тэрапеўт, псіхолаг, гінеколаг, дэрматолаг. Аднак, да арганізатараў пачалі звяртацца вельмі розныя спецыялісты.
-Мы нікому не перашкаджалі. Вырашылі паглядзець, што будзе. І гэта спрацавала. І ў гэтым таксама нашая ўнікальнасць, таму што многія стандартныя цэнтры тэлемедыцыны многіх спецыялістаў не ўключаюць, напрыклад, стаматолагаў ці патамарфолагаў, якіх у нас два. А гэта вельмі патрэбныя спецыялісты. Яны могуць даць заключэнне па вынікам марфалагічных аналізаў, якія людзі атрымліваюць на рукі. Калі казаць проста, то яны могуць перавесці заключэнне з медычнай мовы на чалавечую і сказаць, што з гэтым рабіць далей. У нас ёсць тэрапеўты, гінеколагі, педыятры. У нас ёсць педыятры з вузкімі кваліфікацыямі – алерголаг, кардыёлаг, нефролаг. Ёсць дарослы нефролаг, артапед-траўматолаг, хірургі розных профіляў. Ёсць лекар МРТ, кампутэрнай тамаграфіі, якім можна выслаць свае аналізы і атрымаць расшыфроўку. У нас ёсць афтальмолагі, якія даюць вельмі шмат кансультацый, дэрматолагі-венеролагі, эндакрынолаг, алерголаг.
На дадзеным этапе лекары выконваюць сваю працу бясплатна. Пацыенты могуць ахвяраваць любую суму, але яна трапляе на рахунак Фонду Медыцынскай салідарнасці. Заснавальнікі «еЗдароўя» ставяць перад сабой задачу, каб у будучым лекары атрымлівалі аплату за сваю працу.
ав