Gazeta Wyborcza піша пра актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі, якія вось ужо каля 100 дзён знаходзяцца ў беларускай турме. Журналіст выдання Анджэй Пачобут усё яшчэ не згаджаецца на дэпартацыю ў Польшчу, хаця яго стан здароўя пагаршаецца. Анджэй быў затрыманы 25 сакавіка, а старшыня СПБ Анжаліка Борыс – 23 сакавіка.
Нейкі час таму яны былі пераведзены з Акрэсціна ў Жодзіна, дзе стан здароўя палітвязняў пагоршыўся, паколькі і Анжаліка, і Анджэй заразіліся каранавірусам. Акрамя таго, у Анджэя хворае сэрца, а Анжаліка назірае абвастрэнне лечанай раней хваробы. Па інфармацыі дырэктаркі тэлебачання Белсат Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, цяпер Борыс ужо гатовая згадзіцца на дэпартацыю, але рэжым адцягвае рашэнне, паколькі такім чынам ён аказвае ціск на Пачобута. Меркаваннем Рамашэўскай, неабходна цвёрда патрабаваць безумоўнага вызвалення абодвух.
Пяць дзеячаў незалежнага Саюзу палякаў былі затрыманыя пад канец сакавіка. Іх абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму і распальванні нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. Афіцыйнай прычынай узбуджэння крымінальнай справы стала адзначэнне Дня выклятых жаўнераў – членаў польскага падполля, якія пасля вайны змагаліся з савецкай уладай.
Анжаліцы Борыс і Анджэю Пачобуту пагражае ад 5 ды 12 гадоў турмы. Марыя Цішкоўская, Ірына Бярнацкая ды Ганна Панішава пад канец траўня згадзіліся на прапанову беларускіх уладаў і скарысталіся магчымасцю выезду ў Польшчу. Цяпер яны не маюць права вярнуцца ў Беларусь.
Газета піша таксама, што Анджэй Пачобут намінаваны да ўзнагароды «Медаль свабоды слова». Лаўрэаты стануць вядомыя 30 жніўня падчас урачыстасці ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску. Выданне заклікае чытачоў падтрымаць кандыдатуру Пачобута.
нг