Іншыя гатункі былі з намі заўсёды, і, нягледзячы на тое, што чалавек усё больш падпарадкоўвае сабе натуральнае, «дзікае» асяроддзе, жывёлы не знікаюць. Яны дастасоўваюцца да зменаў наваколля і часам робяць гэта ў вельмі зручны спосаб. Біёлагі кажуць, што сённяшнія гарады сталіся новай прасторай, якая спрыяе хуткаму развіццю і дастасоўванню прыроды да навакольных умоваў. Пра гэта на канферэнцыі TED у Рыме ў 2019 годзе казаў нідэрландскі біёлаг Мэна Шыльтхуйзен:
-Сёння вялікія перамены натуральнага асяроддзя ў большасці выкліканы чалавекам. Мы косім траву, арашаем, сеем, будуем, вытвараем парніковыя газы, уводзім экзатычныя жывёлы і расліны туды, дзе яны ніколі раней не жылі, ловім рыбу, вырубаем лясы, выкарыстоўваем прыроду для прадукцыі ежы і іншых патрэбаў. І гэтыя ўсе змены клімату дасягаюць эпіцэнтра ў гарадах. Гарады ствараюць зусім новае асяроддзе, якое з’явілася дзякуючы нашым дзеянням. Бетон, камень, шкло – гэта ўсё стварае ўмовы, немагчымыя для раслінаў для жыцця. У гарадах высокая канцэнтрацыя хімічных забруджванняў, штучнага святла і шуму. Ёсць тысячы тыпаў раслінаў і жывёлаў, якія жывуць у гарадах, пасля таго як яны збеглі з клетак і акварыумаў і гэта стварае незвычайнае асяроддзе. Што робіць нейкі гатунак, калі жыве ў поўнасцю новым асяроддзі? Шмат з іх памірае, але тыя, якія не вымруць, прыстасоўваюцца да зменаў у спектакулярным стылі. Біёлагі сёння кажуць, што гарады – гэта скараваркі эвалюцыі. У гэтых месцах дзікія жывёлы і расліны развіваюцца на нашых вачах вельмі хутка, каб дастасавацца да новых гарадскіх умоваў.
А што, калі дастасаваць нашыя гарады не для жыцця чалавека, а для жывёлаў? Такі прынцып быў закладзены ў аснову сёлетняга конкурсу «Futuwawa: Варшава будучыні». У ім удзельнікі: архітэктары, мастакі, дзеці і дызайнеры стараліся паказаць, як магла б выглядаць Варшава, у якой галоўным відам будуць не людзі, а іншыя жывёлы, і дзікія і дамашнія. Сярод праектаў з’явіліся такія, дзе чалавек і жывёла жылі па-сяброўску, але і такія, дзе жывёлы захапілі ўвесь горад. Адным з праектаў, якія прапануюць наладзіць камунікацыю, знайсці зразуменне між людзьмі і іншымі ўдзельнікамі гарадскога жыцця быў «Варшаўскі шэпт», які здабыў трэцяе месца ў конкурсе. Пра яго дэталі распавяла адна з чальцоў журы конкурсу Оля Літаровіч:
-«Варшаўскі шэпт» прапануе ў сваю чаргу прыкладанне, якое ў умоўным 2050 годзе дапамагло б у сувязі між рознымі відамі. Яно павінна выкарыстоўваць штучны інтэлект, а таксама сетку нейронаў, якія перадавалі б усе сігналы, якія перадае прырода: пахі, гармоны, сляды, гукі і іншыя рэчы, якія з дапамогай такога прыкладання магчыма аналізаваць. Каб гэта адбылося ў будучыні, дызайнеркі прапануюць, каб дыяпазон функцыянавання прыкладання быў досыць вялікім, з высокім паказчыкам біялагічна актыўнай прасторы. У якасці тэставай зоны яны прапануюць частку мікрараёну Макотаў. Рашэнне досыць добра запаўняе прабел у нашым мысленні пра супольнае жыццё людзей і прыроды. Сёння наратывы, якія вядуцца пра гарадскую прастору, вядуцца з пункту гледжання чалавека. Аўтаркі праекту «Варшаўскі шэпт» хочуць даць слова ўсім удзельнікам гэтай прасторы – у тым ліку жывёлам і раслінам, якія камунікуюцца іншым, чым моўны, шляхам, а хочуць удзельнічаць у гэтых зносінах паміж відамі.
Міжгатунковае жыццё ў гарадской прасторы – гэта не толькі захоўванне існуючых прыродных прастораў, але таксама стварэнне новых «дзікіх» кропак на карце там, дзе сёння ўсю прастору захапіў чалавек. Такой дзейнасцю займаюцца зараз улады шматлікіх гарадоў Польшчы, у тым ліку і Варшавы. Удзельнікі конкурсу Futuwawa таксама запрапанавалі зрабіць цэнтральныя плошчы гораду больш прыязнымі для іншых відаў жывёлаў:
-Аўтары вельмі трапна заўважылі, што шмат прасторы ў горадзе – гэта плошчы, якія запоўненыя машынамі. Таму яны хочуць заступіць іх гарадскімі балотамі, якія спалучалі б некалькі плошчаў у сталіцы і з’яўляўся б не толькі адказам на праблему «гарадской выспы цяпла» і спёкі, але таксама дапамагалі б лепш пазнаць горад і яго прыроду. Як бачна – гэта адважны падыход да тэмы балотаў, якія, меркаваннем большасці, павінны быць па-за горадам. А тут такая прапанова. Напрыклад, падчас дажджу такая прастора ўсмоктвае ваду, а потым аддае яе наваколлю падчас гарачых дзён, спрычыняючыся да ахалоджання наваколля.
Горад – гэта месца, якое выгоднае перадусім для чалавека. Аднак разам з паўстаннем гарадоў і іх развіццём развіваецца і ўсё навокал. Гэта датычыць як жывёлы, так і раслінаў ды грыбоў. За гэтымі працэсамі варта назіраць, бо прырода дастасоўваецца да нас і зможа перажыць усё, што мы з ёй зробім. Інакш гэта можа выглядаць у другі бок – прырода да нас дастасуецца, але мы да яе – неабавязкова. Таму варта шанаваць і спрабаваць разумець тое, што побач, а міма чаго праходзім у штодзённым жыцці.
Альберт Ежы Вяжбіцкі