Беларуская Служба

Палякі перасталі цікавіцца вучобай у Вялікабрытаніі

12.07.2021 10:05
Гэта, перш за ўсё, вынік брэксіту і большых коштаў вучобы для студэнтаў з ЕС.
ЛонданPhoto:Peggy_Marco/pixabay.com/CC0 Public Domain

З-за брэксіту і ў нейкай ступені пандэміі каранавіруса, колькасць заявак кандыдатаў з краін Еўрапейскага Саюза на вучобу ў брытанскіях універсітэтах, зменшылася на 43%. У выпадку палякаў зніжэнне яшчэ большае і складае 73%, паведамляе businessinsider.com.pl.

Паводле дадзеных UCAS – арганізацыі, якая займаецца працэсам набору ў брытанскія ўніверсітэты, колькасць заявак на навучальны год 2021-2022 ад кандыдатаў з краін ЕС склала 28,4 тысячы, у той час, як годам раней, гэта было 49,6 тысяч. Гэта найменшая колькасць з 2006 года.

Колькасць заявак у гэтым годзе скарацілася ў выпадку кандыдатаў з усіх краін ЕС, за выключэннем Ірландыі. Дадаткова, большае падзенне відавочнае ў выпадку краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта сведчыць пра тое, што асноўныя прычына – эканамічныя фактары, гэта значыць значна большая аплата за навучанне студэнтаў з ЕС з новага навучальнага года.

Кандыдаты з Польшчы падалі 1,2 тысячы заявак, то бок на 73% менш у параўнанні з рэкордным мінулым годам (4,6 тысячы заявак). Больш чым у выпадку Польшчы зменшылася толькі колькасць кандыдатаў са Славакіі (на 74%).
Студэнты з краін ЕС, якія пачнуць навучанне ў брытанскіх універсітэтах пасля заканчэння пераходнага перыяду пасля брэксіта, больш не будуць разглядацца гэтак жа, як брытанскія студэнты, але як студэнты з трэціх краін. Гэта тычыцца таксама аплаты за вучобу.

У нейкай ступені таксама пандэмія каранавіруса магла паспрыяць падзенню колькасці кандыдатаў на вучобу ў брытанскіх ВНУ. Гаворка ідзе пра эфектыўнасць дыстанцыйнай вучобы ў параўнанні з ейным коштам.
Тым ня менш несумненна гэта брэксіт, а не пандэмія, з'яўляецца галоўнай прычынай зніжэння зацікаўлення грамадзян ЕС вучобай у Вялікабрытаніі. Пра гэта сведчыць факт, што адначасова колькасць заяўнікаў з трэціх краін павялічылася, паведамляе businessinsider.com.pl.

аз