Тыднёвік Sieci прысвячае ўвагу праграме вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі. А хутчэй пытанню, чаму шмат палякаў не хоча прышчапляцца. Амаль палова дарослых жыхароў, нягледзячы на дрэнны досвед мінулай зімы, да гэтае пары не прайшла вакцынацыі. Аднак у пераважнай ступені гэта не члены секты, якая прасоўвае рэлігію супраць прышчэпак, а проста людзі, якія лічаць, што вялікай рызыкі няма. Звычайна маладыя асобы або жыхары гарадоў сярэдняй велічыні. Тыя, хто хацеў прышчапіцца, гэта хутчэй за ўсё ўжо зрабілі, а іншыя або вагаюцца, або зусім не збіраюцца гэтага рабіць.
Што цікава, найбольш асобаў выказвае скептычнае стаўленне да вакцыны на ўсходзе Польшчы (менавіта там пражывае шмат этнічных беларусаў, можа такі падыход назіраецца таму, што там з пачатку пандэміі было адносна няшмат заражэнняў на фоне іншых ваяводстваў – рэд.). Пакуль што ў Польшчы мала новых інфекцыяў. Аднак на працягу бліжэйшых тыдняў штам Дэльта стане дамінуючым варыянтам, і колькасць заражаных можа рэзка вырасці.
Выданне Rzeczpospolita дадае, што ўрад рыхтуе змены, якія могуць ускладніць жыццё непрышчэпленым асобам. Працадаўцы атрымаюць «дабро» на пошук і збор інфармацыі, хто з супрацоўнікаў прайшоў вакцынацыю, а хто – не. Новыя нормы прадбачваюць, што наймальнікі атрымаюць права такім чынам мяняць умовы працы непрышчэпленых супрацоўнікаў, каб адсунуць іх ад абслугі кліента і ад калег, якія паставілі ўкол.
Sieci/Rzeczpospolita/нг