Беларуская Служба

Расія і Беларусь – па-за сістэмай «зялёных картаў»

24.05.2023 15:03
1 чэрвеня 2023 года кіроўцы будуць абавязаныя набываць, напрыклад, расійскія або беларускія памежныя страхоўкі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: twitter.com/Straz_Graniczna

Больш не будзе «зялёных картаў» (Green Card) для кіроўцаў, якія едуць у Беларусь і Расію. З 1 чэрвеня 2023 года пры перасячэнні польскай мяжы з гэтымі краінамі кіроўцы павінны купіць памежную страхоўку. Гэта найбольшая змена ў 65-гадовай гісторыі прысутнасці польскага рынку ў сістэме страхоўкі «зялёная карта», паведамляе старонка prawo.pl.

«Гэта азначае, што з 1 чэрвеня 2023 года кіроўцы транспартных сродкаў, зарэгістраваных на тэрыторыі Польшчы, якія ўязджаюць або знаходзяцца на тэрыторыі Расіі ці Беларусі, будуць абавязаныя набываць расійскія або беларускія памежныя страхоўкі», – кажа старшыня Польскага бюро аўтамабільных страхоўшчыкаў Марыюш Віхтоўскі.

Заключыць адпаведную страхоўку можна будзе на памежных пераходах. Полісы будуць правяраць як пры ўездзе, так і пры выездзе з Беларусі і Расіі.

Змены – гэта вынік спынення двухбаковых пагадненняў з Беларуссю і Расіяй аб узаемным прызнанні «зялёных картаў». Польскае бюро аўтамабільных страхоўшчыкаў дэнансавала дамову год таму з 12-месячным тэрмінам папярэджання. Падобным чынам зрабілі ўсе нацыянальныя бюро Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Швейцарскае бюро.

Для перамяшчэння па дарогах краін, дзе «зялёная карта» не дзейнічае, неабходна будзе набыць памежную страхоўку. Аналагічны абавязак тычыцца кіроўцаў транспартных сродкаў з беларускімі і расійскімі рэгістрацыйнымі знакамі, якія ўязджаюць на тэрыторыю Польшчы.

Памежнае страхаванне – гэта поліс грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, які дзейнічае на тэрыторыі краіны ўезду і заключаецца на кароткі тэрмін, звычайна на 30 дзён.

аз