У акупаваным Марыупалі вырасла смяротнасць сярод мірнага насельніцтва: паказчыкі ўтрая вышэйшыя, чым падчас эпідэміі COVID-19, паведамляе ўкраінскі партал ZN, аб чым чытаем на сайце Niezalezna.pl.
Смяротнасць жыхароў акупаванага Марыупалю ад натуральных прычын цяпер у 2,6 раза вышэйшая, чым падчас пандэміі каранавіруса. Гэта каля 400 чалавек у тыдзень. Такую статыстыку прыводзіць украінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву.
Прычына ў тым, што гарадскую сістэму аховы здароўя адаптавалі пад патрэбы расійскай арміі. Акупанты наймалі медперсанал для догляду за сваімі параненымі салдатамі, паведамілі ў цэнтры.
Сітуацыя ўскладняецца тым, дадаюць у цэнтры, што людзям, якія не жадалі прыняць расійскае грамадзянства, адмаўляюць у медычнай дапамозе. Акупанты забараняюць медычным работнікам лячыць такіх людзей.
Партал ZN нагадвае, што ў Марыупалі расійскія вайскоўцы пачалі правяраць нават дзяцей на магчымасць супрацы з Узброенымі сіламі Украіны. Лаяльны ў адносінах Кіева дарадца мэра Марыупалю Пётр Андрушчанка кажа, што акупанты «дайшлі да крайняга пункту параноі».
нг