Беларуская Служба

Польскія вучоныя рыхтуюць уласны прэпарат для таргетнай тэрапіі раку

22.06.2023 13:01
Польскі прэпарат CAR-T заменіць замежны, які каштуе 300-400 тысяч долараў
Naukowcy przy pracy (zdjęcie ilustracyjne)
Naukowcy przy pracy (zdjęcie ilustracyjne)Matej Kastelic/Shutterstock

«Даследаванні лекаў для таргетнай тэрапіі, якія выкарыстоўваюцца ў лячэнні раку, вядуцца ў Польшчы з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогіяў», – заявіў намеснік старшыні Польскага банку ствалавых клетак Томаш Баран падчас Кангрэсу 590, які восьмы раз праходзіць у Варшаве.

Томаш Баран адзначыў, што падрыхтоўка да вытворчасці новага прэпарата CAR-T з выкарыстаннем ствалавых клетак пацыента завершана:

- На пачатку гэтага года мы атрымалі дазвол на першае клінічнае даследаванне і цяпер у нас гістарычны момант, бо мы пачалі рыхтаваць лек для першага пацыента. Працэс вытворчасці працягваецца 4-5 тыдняў. Хутка мы паведамім, што даем прэпарат CAR-T першаму пацыенту. Мы спадзяемся, што атрымаем добры тэрапеўтычны вынік, бо гэты метад адзначаецца вельмі высокай эфектыўнасцю.

Намеснік старшыні Польскага банку ствалавых клетак падкрэсліў, што ягонай мэтай з'яўляецца стварэнне польскага прадукту CAR-T, таму што гэтая тэрапія вельмі дарагая. Адна доза каштуе 300-400 тысяч долараў – гэта каля 1,5 мільёна злотых.

«Дзякуючы таму, што вядзецца падрыхтоўка да вырабу прэпарату для такой тэрапіі ў Польшчы, кошт лячэння будзе значна ніжэйшы і больш пацыентаў змогуць прайсці такое лячэнне», – адзначыў Томаш Баран.

Кангрэс 590 – эканамічнае мерапрыемства, якое праводзіцца штогод з 2016 г. пад ганаровым патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Польшча. Падчас некалькіх дзясяткаў панэляў абмяркоўваюцца найважнейшыя актуальныя тэмы ў галіне эканомікі, бяспекі, навукі і культуры.

яс